Месца еднасці навукі і энтузіязму

- 10:20Навука і інавацыі

Аўтобус па маршруце Мінск — заказнік “Днепра-Сожскі” адпраўляецца з раніцы. Аматараў прыроды, якія збіраюцца ў вандроўку, ад звычайных пешаходаў горада адрозніваюць вялікія паходныя заплечнікі і прылады для малявання. Усіх аб’ядноўвае агульная мэта — расказаць пра адукацыйныя магчымасці запаведнай тэрыторыі.

Трансгранічны праект “Адукацыйны турызм у рэгіёнах з прыроднымі запаведнымі зонамі ў Польшчы і Беларусі” пачаўся ў 2019 годзе. Яго галоўная мэта — развіваць адукацыйны турызм на тэрыто­рыях Днепра-Сожскага біялагічнага заказніка і Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка (на тэрыторыі Беларусі), а таксама запаведных тэрыторый у верхняй даліне ракі Нарэў (у Польшчы). Спецыялісты Беларускага зялёнага крыжа сумесна з вучонымі і краязнаўцамі  распрацавалі некалькі турыстычных маршрутаў па знакавых мясцінах ахоўваемых зон.

У распрацоўцы маршрутаў па Днепра-Сожскім заказніку дапамагалі навукоўцы Андрэй Лебедзеў і Анатоль Углянец, краязнавец Іван Осіпаў. Адна са сцяжын пралягае такім чынам, каб вандроўнікі маглі ўбачыць Днепр і Сож, геалагічны помнік рэспубліканскага значэння — агаленне “Лоеў”. Ка­жуць, што падобнае агаленне можна сустрэць толькі ў Аргенціне, бо ў слаях адкладанняў тут захаваліся рэшткі выкапневых раслін, імхоў і лішайнікаў, якія памятаюць ледніковы перыяд. 

Па словах вучоных, на тэрыторыі заказніка жыве больш за 140 відаў птушак, 22 з якіх — рэдкія або знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Вандруючы па Днепра-Сожскім заказніку, можна ўбачыць вяртлявую камышоўку, чорнага і чырвонага каршуноў, арлана белахвоста (найбуйнейшы крылаты драпежнік, які гняздуецца ў Беларусі). Таксама тут можна спаткаць белую чаплю, зімародка, чорнага бусла, шэрага жураўля і іншых птушак. А недалёка ад вёскі Абакумы Лоеўскага раёна знаходзяцца рэшткі эпохі неаліту і курганны могільнік эпохі Старажытнай Русі. Асаблівую прыродную каштоўнасць уяўляюць папуляцыі матылькоў. Сярод іх — стракатка Сапфо (больш за стагоддзе лічылася страчанай), зярэнтыя паліксэна (адзін з самых прыгожых матылькоў Еўропы, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення) і самы вялікі матылёк у Беларусі — махаон.

Для ўдакладнення вузкаскіраваных пытанняў, да праекта далучыліся этнамолаг, батанік і арнітолаг. Вучоныя змогуць расказаць пра заказнік з пункта гледжання іх даследаванняў. Для таго каб папулярызаваць запаведныя зоны, арганізатары праекта робяць турыстычна-рабочыя выезды, у якіх удзельнічаюць мастакі і фатографы. Таксама ў турах прымаюць удзе­л валанцёры: яны жывуць у намётах і запаўняюць пуцявыя дзённікі. Іх нататкі таксама змогуць быць выкарыстаны для знаёмства з запаведнымі тэрыторыямі, бо па выніках паездак рыхтуюцца спецыялізаваныя выставы.

Анатоль Кулак працуе ў Навукова-практычным цэнтры НАН па біярэсурсах. Даследчык вывучае разнастайнасць насякомых і ў заказнік прыязджае ўжо не першы год.

— Тэрыторыя заказніка — унікальная, яе абкружаюць дзве рэчкі з поўдня, поўначы і усходу. Відавочна, што для захавання прыродных рэсурсаў тут павінна весціся моцная прыродаахоўная палітыка, — перакананы Анатоль Віктаравіч. — У мінулым годзе ў заказнік усялілі вялікага дубовага вусача, які, акрамя таго, што занесены ў міжнародную і беларускую Чырвоную кнігу, з’яўляецца самым вялікім жуком у Беларусі. У краіне ёсць толькі некалькі месцаў, дзе жыве насякомае: Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, заказнік “Сярэдняя Прыпяць” і альманскія балоты.

У рабоце над праектам таксама задзейнічаны напрацоўкі іншых ініцыятыў Беларускага зялёнага крыжа. Так, праект “Дняпроўскі паром” дапамог з наладжваннем сувязей з музеямі найбліжэйшых раёнаў, “Школьны сад” паспрыяў папулярызацыі ідэі сярод зацікаўленых настаўнікаў.

— Шкада, што не існуе адзінай пляцоўкі, дзе б акамуляваліся веды, атрыманыя падчас праектаў на запаведных тэрыторыях. Цікавасць да іх неаднойчы выказвалі Лоеў­ская раённая бібліятэка і Лоеўскі музей бітвы за Днепр, — заўважае адна з каардынатараў праекта Наталля Святкіна. — Супрацоўнікі музея сумесна з Днепра-Сожскім заказнікам у будучыні нават плануюць праводзіць экскурсіі па распрацаваных маршрутах.

У дадатак да ўсяго, спецыялісты Беларускага зялёнага крыжа  распрацоў­ваюць адукацыйныя гульні, якія аб’яднае серыя “Падарожжы па сельскай Беларусі”. Ужо зараз іх тэсціруюць педагогі. Падобныя гульні змогуць выкарыстоўвацца настаўнікамі і выкладчыкамі краіны, каб пазнаёміць вучняў і студэнтаў  са спадчынай заказніка і запаведніка.

Комплекс мерапрыемстваў праекта па­спрыяе папулярызацыі навуковых даследаванняў, якія праводзяцца на ахоўваемых тэрыторыях. А заключным этапам ініцыятывы стане правядзенне міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай выкарыстанню магчымасцей адукацыйнага турызму для папулярызацыі тэрыторый з асаблівым статусам.

Беларускі зялёны крыж супрацоўнічае з арганізацыямі Лоеўскага, Брагінскага і Хойніцкага раёнаў больш за 25 гадоў. Спачатку ў полі зроку арганізацыі былі праблемы, звязаныя з чарнобыльскай катастрофай, цяпер — наступствы сацыяльнай занядбанасці гэтых тэрыторый. Каардынатары праекта перакананы, што адрадзіць цікавасць да гэтых мясцін дапаможа адукацыйны турызм. Паспрыяе гэтаму і адметнасць ініцыятывы: у адукацыйных мэтах адначасова будуць задзейнічаны гістарычна-культурная і прыродная спадчына мясцовасці. Каманду, якая працуе над прасоўваннем ініцыятывы, натхняе прыклад балота “Ельня”, папулярызацыя і развіццё якога пачалося з групы энтузіястаў.

Падчас апошняй паездкі ўдзельнікі камунікавалі з этнамолагам, геолагам і края­знаўцам. Вандроўнікі збіралі гербарый імхоў і лішайнікаў, сачылі за начным ловам матылькоў і дзяліліся ўражаннямі. Дзякуючы гэтаму, у арганізатараў нарадзілася думка ладзіць на тэрыторыі Днепра-Сожскага заказніка штогадовы фестываль з майстар-класамі па вывучэнні насякомых. Таксама камандзе арганізатараў хацелася б зрабіць начное назіранне за матылькамі традыцыйным мерапрыемствам: каб у адным месцы сабраліся навука і энтузіясты, якім блізка тэма экалогіі і адукацыйнага турызму. 

— Мы імкнёмся далучыць да праекта як мага больш зацікаўленых людзей з вышэйшых навучальных устаноў. У краіне адбываецца шмат падзей у нашым напрамку, але пра іх ведаюць нямногія. Хацелася б, каб пасля нашага праекта засталося нешта для тых, хто будзе развіваць гэты напрамак у будучыні — у бібліятэках, музеях, навучальных установах, — падагульняе Наталля Святкіна. — Рэгулярныя адукацыйныя туры па гэтых мясцінах — патрэба. Такія паездкі не пашкодзяць прыродзе і змогуць звярнуць увагу на каштоўныя рэсурсы, знікненне ці істот­нае змяненне якіх можа прывесці да непапраўных наступстваў.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.