Месца сілы

- 11:30Культура

Для рэжысёра анімацыйнага і ігравога кіно Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, сцэнарыста, шматразовага лаўрэата і прызёра кінафестываляў, драматурга і паэтэсы Алены ТУРАВАЙ месцам сілы з’яўляецца батанічны сад.

Алена Віктараўна нарадзілася і вырасла ў Беларусі. Тут пахаваны яе продкі і бацькі, з’явілася на свет і вучыцца дачка. “Беларусь — гэта мой дом, усё маё жыццё прайшло тут”, — сказала рэжысёр.

Яна пераканана, што ў роднай краіне аба­вязкова трэба наведаць мясціны гістарычнай і баявой славы, пабываць у абласных цэнтрах і невялічкіх гарадках, дзе ёсць старадаўнія цэрквы, цікавыя помнікі і знакавыя вытворчыя аб’екты, а яшчэ паглядзець прыродныя запаведнікі і азёры. “Беларусь хоць і невялікая, але ўсе яе рэгіёны вельмі адрозніваюцца. І вандроўкі па родным краі мы не толькі можам сабе дазволіць, але і павінны”, — падкрэсліла А.В.Турава.

Па яе словах, у нашай краіне асабліва развіта экалагічная культура: “Гэта тое, што заўважаюць многія госці Беларусі, у нас вельмі беражліва ставяцца да навакольнага асяроддзя, да аховы экалогіі, у нас цудоўныя запаведнікі і вельмі чыстыя гарады, і дарогі, і прадукты. Мне здаецца, гэта вельмі важна і ўсё гэта неабходна падтрымліваць і зберагаць”. 

Лёсавызначальным месцам у Мінску для знакамітага рэжысёра стаў тралейбусны прыпынак на пересячэнні праспекта Незалежнасці, які раней называўся Ленінскім, і вуліцы Сурганава. “Там, каля Тэатральна-мастацкага інстытута, зараз гэта Акадэмія мастацтва, я сустрэла свайго будучага мужа, якога зараз, на жаль, ужо няма побач са мной, затое расце дачка. Яе нараджэнне стала самай галоўнай падзеяй у маім жыцці”,— прызналася Алена Віктараўна. А другім значным месцам у яе жыцці стала Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, на якой працуе з 1987 го­да. Хоць больш за ўсё ў сталіцы яна любіць батанічны сад:

“Ту­ды вадзіла мяне матуля, калі мне было гады тры. Я вырасла з гэтымі вялізнымі дрэвамі на яловай алеі, бачыла, як мяняюцца пакаленні лебедзяў, ратавала на возеры карпа. У школьныя гады мы там дапамагалі апрацоўваць участак з бэзам, бо наша 103-я школа стаяла зусім блізка, і гэта было нашым працоўным выхаваннем. Я бачыла, як узнікалі карункавая альтанка, востраў са скульп­турамі, аранжарэя для наведвальнікаў і шмат чаго іншага. Дарэчы, тут здымаліся многія сцэны з майго фільма “Кіндэр-Вілейскі прывід”. Батанічны сад— гэта наша гісторыя, і на працягу ўсяго жыцця застаецца маім месцам сілы, якое па­дзараджае мяне ў любую пару года”, — дадала гераіня.

Калі ж пафантазіраваць і ўявіць наш Мінск праз 30—50 гадоў, то Алена Турава вельмі хацела б, каб на нашай зямлі панавала такое ж мірнае жыццё: “А яшчэ каб у Беларусі актыўна быў развіты турызм, які я лічу вельмі перспектыўным напрамкам. А для гэтага неабходна ахоўваць нашы помнікі і клапаціцца пра тое, каб людзі, якія прыедуць паглядзець нашу краіну, убачылі яе прыгожай і добразычлівай. І мне вельмі хочацца, каб беларусы ва ўсе часы былі добрымі, шчаслівымі і здаровымі!”

Вольга АНТОНЕНКАВА.