СЯРКО Ірына Леанідаўна,
настаўніца біялогіі Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы Мінскага раёна.
Скончыла ў 2011 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Біялогія”. Педагагічны стаж — 7 гадоў.
Педагагічнае крэда: “Наша задача не ў тым, каб зрабіць сябе неабходнымі нашым дзецям, а, наадварот, у тым, каб дапамагчы ім навучыцца па магчымасці абыходзіцца без нас”.
Намінацыя “Хімія, біялогія”
Мы жывём у свеце дынамічных змен. У навуцы з’яўляюцца новыя галіны даследаванняў, у адукацыі мяняецца не толькі змест, але і структура, а таксама формы арганізацыі. У сувязі з гэтым да выпускнікоў школы прад’яўляюцца асаблівыя патрабаванні:
- умець правільна працаваць з інфармацыяй;
- самастойна крытычна мысліць;
- праяўляць гібкасць і крэатыўнасць, быць мабільным;
- бачыць праблемы, якія ўзнікаюць перад асобай і грамадствам, і шукаць шляхі іх рацыянальнага вырашэння, генерыраваць новыя ідэі;
- валодаць навыкамі даследчай работы.
Патрабаванні да разумовай дзейнасці навучэнцаў пастаянна растуць. Дзеці валодаюць нейкімі тэарэтычнымі ведамі, аднак прымяніць іх у розных штодзённых сітуацыях не могуць. Гэта звязана з тым, што большасць навучэнцаў механічна зазубрывае матэрыял, а калі ўрок заканчваецца і неабходнасць у завучаных ведах адпадае, то яны знікаюць з галавы. Каб вырашыць гэтую праблему, неабходна навучыць дзіця атрымліваць веды, іншымі словамі, навучыць метадалогіі пазнання, бо вучыцца — гэта здорава і правільна, але яшчэ больш здорава — правільна вучыцца.
Якім павінен быць урок у сучаснай школе? Настаўнік біялогіі заўсёды стаіць перад гэтай праблемай, таму што кожны ўрок асаблівы. Як правесці яго паспяхова, зацікавіць вучня, развіць пазнавальныя здольнасці, стымуляваць на пошукавую і даследчую дзейнасць?
Свае ўрокі Ірына Леанідаўна арганізоўвае, прымяняючы метад кейсаў (метад аналізу канкрэтных сітуацый): прапаноўваецца праблемная або супярэчлівая сітуацыя (кейс) у форме тэксту (відэа, прэзентацыі). У аснове распрацоўкі кейса ляжыць апісанне канкрэтнай дзейнасці або падзеі, гэта значыць мадэлюецца працэс (які адпавядае зместу навучання) у рэальных умовах. Фармулююцца зразумелыя пасільныя заданні з элементамі навуковага даследавання.
Фарміраванне даследчых кампетэнцый праз удасканаленне ўменняў і навыкаў у вучэбнай дзейнасці адбываецца ў некалькі этапаў:
- Азнаямленчы этап уключае знаёмства з інфармацыяй і, калі ёсць неабходнасць, пошук інфармацыі, якой не хапае. На гэтым этапе фарміруецца шэраг інфармацыйных і інтэлектуальных навыкаў (ацэнка інфармацыі, здольнасць вылучаць галоўнае і другараднае, суадносіць інфармацыю з наяўнымі ведамі, аргументацыя вывадаў, тлумачэнне і прагназаванне з’яў і працэсаў, структураванне тэкстаў, планаванне і пастаноўка мэт).
- Аналітычны этап (абмеркаванне, рэзалюцыя, рашэнне кейса) прадугледжвае работу ў групах і развівае інтэлектуальныя (тлумачэнне з’яў і працэсаў, лагічнае разважанне, параўнанне і класіфікацыя, падбор і вывучэнне літаратурных крыніц і інш.) і камунікатыўныя (фарміраванне ўласнай думкі і яе аргументацыя, супрацоўніцтва, уменне слухаць і пераконваць, выкарыстанне адпаведных маўленчых сродкаў) уменні і навыкі.
- Выніковы этап складаецца з прадстаўлення вынікаў групавой работы, ацэнкі прад’яўленай інфармацыі і вызначэння правільнасці рашэння, а таксама абмеркавання і пастаноўкі пытанняў іншым групам. На гэтым этапе развіваюцца інтэлектуальныя навыкі (здольнасць рабіць вывады і коратка іх выкладаць, выбіраючы галоўнае, ацэньваць, параўноўваць і аналізаваць прадстаўленую інфармацыю), а таксама камунікатыўныя кампетэнцыі: уменне выступаць перад аўдыторыяй (дакладна і выразна выкладаць сваю думку і ўтрымліваць увагу слухачоў, слухаць і чуць іншых), задаваць пытанні, даказваць свой пункт гледжання і пераконваць апанента, складаць і рэалізоўваць уласную адукацыйную траекторыю на працягу жыцця.
Работа па метадзе кейсаў дапамагае настаўніку фарміраваць даследчыя кампетэнцыі навучэнцаў. Асноўным крытэрыем выніковасці такога вопыту з’яўляецца паспяховае далучэнне дзяцей да даследчай дзейнасці, што дазваляе ўпэўнена ісці ў нагу з часам. Так, выкананая пад кіраўніцтвам педагога даследчая работа навучэнкі 8 класа Марыі Навіцкай была адзначана дыпломам І ступені на V Міжнародным конкурсе навуковых работ школьнікаў і педагогаў “Прызма” (Масква, 2017).
Сапраўдная адукацыя, на думку І.Л.Сярко, пачынаецца з самастойнай пастаноўкі мэты і пытанняў, якія праходзяць праз усе этапы самастойнага пазнання навучэнца і прыводзяць яго да самастойных высноў.
Навучэнцы Ірыны Леанідаўны засвоілі новы інструментарый для атрымання ведаў і могуць выкарыстоўваць яго ў далейшай жыццёвай практыцы.
Пастаянная самаадукацыя, самаразвіццё і жаданне даследаваць дапаможа расці выпускніку і станавіцца прагрэсіўным, быць кампетэнтным і канкурэнтаздольным у свеце, які імкліва развіваецца.