Метадычная скарбонка для маладых настаўнікаў

- 12:15Адукацыйная прастора

Дзейнасць гарадскіх і раённых школ маладога настаўніка даўно даказала сваю запатрабаванасць і эфектыўнасць. Менавіта маладым спецыялістам у перыяд іх прафесійнага станаўлення патрэбна метадычная і псіхалагічная падтрымка вопытных калег. У мінулым навучальным годзе ў Мінску дзейнічала сем гарадскіх школ маладога педагога, адна з якіх — па матэматыцы — упершыню сабрала педагагічную моладзь. Яе кіраўнік Людміла Яўгенаўна Зязетка падводзіць вынікі першага года работы школы і дзеліцца планамі.

Два гады назад настаўнік-метадыст, настаўніца матэматыкі і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 68 Мінска Людміла Яўгенаўна Зязетка перамагла ў гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Лідар адукацыі”. На адным з этапаў конкурсу намеснік дырэктара дэманстравала адкрытае мерапрыемства “Школа маладога настаўніка”, у выніку атрымала падзяку камітэта па адукацыі за прафесійнае суправаджэнне маладых педагогаў у сваёй школе. Пасля конкурсу настаўніку-метадысту прапанавалі і далей дзяліцца багатым вопытам работы з маладымі калегамі, але ўжо ў статусе кіраўніка гарадской школы маладога настаўніка матэматыкі.

Канструктар яркага ўрока

“Дзякуючы таму, што кіраўнікам школ маладога педагога далі поўную свабоду ў выбары форм і метадаў работы з педагагічнай моладдзю, я выпрацавала ўласную сістэму дзейнасці: запланавала на навучальны год 9 заняткаў, да кожных з якіх наведвальнікі школы павінны былі рыхтавацца, выконваць дамашнія заданні. Частку заняткаў мы правялі на базе сярэдняй школы № 68 Мінска, частку — у выглядзе выязных пасяджэнняў, — расказала настаўніца. — Першую кансультацыю школы пачалі з абмеркавання праблем, з якімі сутыкаецца моладзь, і намецілі шляхі іх вырашэння. Пасля прыгадалі агульныя падыходы да пабудовы ўрока, вызначылі, якімі прыёмамі на якім этапе ўрока педагог можа карыстацца (па кнізе А.А.Гіна “Прыёмы педагагічнай тэхнікі”). Кожны з педагагічных прыёмаў спрабавалі напоўніць матэматычным зместам. Такім чынам, у нас атрымалася цэлая серыя заняткаў — “Канструктар урокаў матэматыкі”. Кожнае пасяджэнне школы маладога педагога было прысвечана аднаму этапу ўрока: першыя заняткі — пачатак урока, другія — тлумачэнне новага матэрыялу і г.д”.

Некалькі гадоў назад Людміла Яўгенаўна распрацавала дыстанцыйны курс “Матэматыка кожны дзень”. Ён дзейнічае як метадычная скарбонка, дзе размешчаны і працягваюць размяшчацца практычныя матэрыялы да ўрокаў матэматыкі, карыстацца якімі можа кожны. Зараз курс змяшчае каля 900 матэрыялаў, якія можна камплектаваць паміж сабой, і з гэтага “канструктара” збіраць урокі ў залежнасці ад індывідуальных пераваг і прадметнага зместу ўрока. Першапачаткова настаўніца стварала гэты курс для сваіх навучэнцаў. Пасля таго як яна прадставіла распрацоўку на раённым метадычным аб’яднанні настаўнікаў матэматыкі, на занятках па павышэнні кваліфікацыі ў МГІРА, а пасля на Калядным фестывалі педагагічнага майстэрства ў АПА, сярод пастаянных карыстальнікаў дыстанцыйнай праграмы аказалася шмат калег. Наведвальнікі школы маладога педагога таксама актыўна карыстаюцца рэсурсам, падбіраючы матэматычны змест да сваіх урокаў.

Майстар-класы ад лепшых

У рамках работы школы маладога педагога Людміла Яўгенаўна не толькі дзялілася сваім педагагічным вопытам, але і прапанавала слухачам наведаць майстар-класы іншых вопытных сталічных педагогаў.

“Я вельмі ўдзячна сваім калегам Вользе Мікалаеўне Огневай з сярэдняй школы № 124 Мінска, Аксане Яўгенаўне Цыбульцы з Ліцэя БНТУ, Святлане Пятроўне Ярмак з гімназіі № 40 Мінска і іншым за іх актыўнае супрацоўніцтва са школай маладога педагога. Кожны з іх унёс значны ўклад у прафесійнае станаўленне маладых калег. Напрыклад, метадычнае аб’яднанне настаўнікаў з гімназіі № 50 Мінска прапанавала маладым педагогам шыкоўную падборку задач з эканамічным зместам па тэме “Працэнты”. Настаўніца сярэдняй школы № 201 Мінска Лілія Пятроўна Копач расказала маладым калегам, як арганізоўваць даследчую дзейнасць і рыхтаваць вучняў да абароны сваіх работ. На базе сярэдняй школы № 121 Мінска адбылося пасяджэнне гарадской школы маладога настаўніка матэматыкі, на якім матэрыяламі з вопыту работы па фарміраванні ў вучняў метапрадметных уменняў і навыкаў падзяліліся настаўніцы Настасся Аляксандраўна Кабуніна і Наталля Паўлаўна Балухціна”, — расказала Людміла Яўгенаўна.

Рэклама метадычнага прыёму

Апошняе пасяджэнне школы маладога настаўніка было пабудавана ў выглядзе міні-конкурсу “Рэклама метадычнага прыёму”, на якім маладыя педагогі прэзентавалі прыём, які найбольш ім спадабаўся. Яны падабралі настолькі цікавыя прыёмы, што нават вопытныя педагогі, якія ацэньвалі канкурсантаў, былі здзіўлены і заінтрыгаваны.

“Больш за ўсё мне запомніўся малады настаўнік матэматыкі і інфарматыкі сярэдняй школы № 175 Мінска Мікіта Паўлавіч Крэнь, які прадставіў прыём “Матэматычныя сарбонкі”. Падводзячы да сутнасці прыёму, малады чалавек расказаў аўдыторыі прытчу: “У Сарбонскім універсітэце аднаму з курсаў забылі ўключыць у вывучэнне кітайскую мову. І хоць студэнты даведаліся пра гэта за тры дні да экзамену, але змаглі вывучыць і зда ць цяжкі прадмет. Як? З дапамогай наступнага прыёму: маленькія карткі запаўняюцца з двух бакоў: з аднаго боку — іерогліф, з другога — слова. Калі падкладваць сарбонкі-карткі пад матэматычныя рэаліі, то з аднаго боку — формула, з другога — адказ. Гуляць можна парамі: адзін вучань бачыць толькі пытанне, другі ўжо ведае адказ. Адзін падлічвае, другі правярае. Калі, акрамя запамінання на слых, падключаецца яшчэ і зрок, запамінанне праходзіць больш якасна. Таксама гэты прыём павышае канцэнтрацыю ўвагі на пэўныя элементы матэрыялу. Дзякуючы арыгінальнаму афармленню сарбонак і займальнай гульнявой форме, павышае зацікаўленасць вучняў, эканоміць час на ўроку, прысвечанаму праверцы пройдзенага матэрыялу, і фарміруе ўменне ўзаемакантролю”. Прызнаюся, таксама ўзяла гэты прыём пад увагу: у наступным годзе буду практыкаваць яго на сваіх 8-х класах”, — расказала Людміла Яўгенаўна.

Пераможцай у рэкламе метадычнага прыёму журы вызначыла настаўніцу матэматыкі гімназіі № 3 Мінска Зою Ігараўну Князеву. Яна дэманстравала аўдыторыі педагагічную майстэрню “Мой кандытарскі бізнес”, у рамках якой распрацавала каля 500 заданняў на бізнес-тэматыку для навучэнцаў.

На апошнім пасяджэнні начальнік упраўлення каардынацыі метадычнай работы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Анатоль Сільвестравіч Сячко ўручыў кіраўніку гарадской школы маладых настаўнікаў матэматыкі падзяку за стварэнне ўмоў для паспяховай адаптацыі маладых педагогаў у адукацыйным асяроддзі Мінска.

У планах — давесці да катэгорыі

Плануецца, што тыя, хто 1 верасня ўпершыню пераступіць парог класа ў якасці настаўніка, таксама будуць працаваць па праграме “Канструктар урока матэматыкі”, але з іншым настаўнікам-метадыстам. А леташніх наведвальнікаў школы Людміла Яўгенаўна чакае да сябе ў верасні на новы курс.

“Я пераканана, што маладых педагогаў, якія прыйшлі да мяне ў мінулым годзе, трэба суправаджаць да другой, а пасля і да першай катэгорыі, каб яны не адчувалі сябе пакінутымі ў свеце разнастайных падыходаў да выкладання, тэхналогій і прыёмаў. Толькі з жамчужын ведаў збіраюцца каралі майстэрства! — заўважыла настаўніца. — Наступны год навучання ў школе маладога настаўніка матэматыкі будзе напоўнены яшчэ больш глыбокім прадметным зместам. Кожную кансультацыю планую прысвяціць пэўнай тэме з курса матэматыкі, якія мы вызначым разам з маладымі калегамі на першых занятках. Будзем разбірацца, як увесці навучэнцаў у новую тэму, як вынікова працаваць у ёй, на якія моманты звярнуць увагу ў пэўнай тэме, як эфектыўна правесці прамежкавы кантроль, падвесці вынікі і г.д. Хутчэй за ўсё, у цэнтры ўвагі будуць праграмныя тэмы 6 класа як самыя актуальныя для маладых педагогаў з працоўным стажам 1 год. Адна з самых праблемных у 6 класе — тэма “Працэнты”. Не марнуючы часу, ужо зараз напаўняю яе актуальным для сучасных дзяцей і маладых настаўнікаў матэматычным зместам. Адна з цікавых знаходак, якую абавязкова прадэманструю маладым калегам, — распрацаваны мной матэматычны трэнажор вусных вылічэнняў для сярэдняй школы. Вусныя вылічэнні трэніруем праз жыццёвыя сітуацыі: даю шасцікласнікам заданне знайсці памылкі ў акцыях, якія змешчаны на рэкламных лістоўках буйных магазінаў. На такіх буклетах звычайна пішацца перакрэсленая старая цана, працэнт скідкі і новая цана. Тым не менш, калі пералічыць, можна знайсці шмат памылак не на карысць пакупніка. Звяртала ўвагу вучняў, які працэнт скідкі выбіраюць маркетолагі: не 10—20—30%, таму што сярэднестатыстычны спажывец лёгка падлічыць дзясятую частку ад старога кошту, а такі працэнт, які цяжка падлічыць вусна, — 13—24—32%”.

Рэфлексія на педагагічную тэму

Людміла Яўгенаўна прызнаецца, што год работы з маладымі навучыў яе адразу вызначаць выпадковых і невыпадковых людзей у прафесіі: “Я падзяліла б усю моладзь, якая прыходзіць у школу маладога спецыяліста, на дзве часткі. Адны настроены адпрацаваць два гады і пакінуць школу. Такія маладыя людзі рэдка адгукаюцца на цікавыя прапановы. І гэтак жа адразу бачна тых, хто вельмі хоча працаваць педагогам. На апошняй у гэтым навучальным годзе сустрэчы з маімі падапечнымі я прапанавала ім парэфлексіраваць на тэму “Як ні дзіўна, але я педагог”. Многія расказвалі, што ў прафесію прыйшлі праз сям’ю, бачылі, як шануецца сярод родных педагогіка, як складаюцца лёсы блізкіх ім людзей, звязаных з настаўніцтвам. Такія маладыя педагогі добра разумеюць, што настаўнікам нельга быць толькі з 8 гадзін раніцы да 5 вечара, а пазней нібы пераключацца на іншы рэжым. Я заслухвалася іх аповедамі і разумела, што менавіта гэтыя людзі застануцца ў прафесіі, ім вельмі патрэбна наша метадычная і маральная падтрымка. Яны шчыра дзякавалі за “Канструктар урока”, расказвалі, што на дэкадзе педмайстэрства, якая традыцыйна праходзіць у школах напрыканцы навучальнага года, давалі адкрытыя ўрокі, прымяняючы тыя педагагічныя прыёмы, якія мы адпрацоўвалі на занятках школы маладых. Хоць і прынята лічыць, што матэматыка — гэта навука дакладнасці і жорсткіх рамак, але і гэтыя рамкі можна аздобіць творчым падыходам так, што кожны ўрок будзе цікавым, якасным і змястоўным”.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва Л.Я.ЗЯЗЕТКА.