Мэтавыя паказчыкі дзяржпраграмы падлягаюць карэкціроўцы

- 9:50Інфармацыйная гадзіна

Аб’ём фінансавання і мэтавыя паказчыкі на 2017 год Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці на 2016—2020 гады павінны быць скарэкціраваны з улікам вынікаў рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржпраграмы ў мінулым годзе і бягучай сітуацыі. Такую задачу паставіла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч на пасяджэнні калегіі ведамства.

Міністр адзначыла, што, паводле папярэдніх ацэнак, эфектыўнасць рэалізацыі мерапрыемстваў усіх пяці падпраграм даволі высокая, а канчатковую ацэнку дасць ужо сфарміраваная міжведамасная група. “Як паказаў аналіз выканання мерапрыемстваў дзяржпраграмы за 2016 год, многія мэтавыя паказчыкі значна перавыкананы як у цэлым па рэспубліцы, так і ў рэгіёнах, — канстатавала Ірына Касцевіч. — Гэта сведчыць, з аднаго боку, аб тым, што яны былі сфарміраваны з пэўнай доляй асцярожнасці, з іншага боку — аб змяненні сітуацыі на месцах, якую трэба ўлічваць пры карэкціроўцы мэтавых паказчыкаў на бягучы і наступныя гады. Аналагічная сітуацыя і з аб’ёмам фінансавання. Праект пастановы Савета Міністраў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у дзяржпраграму трэба падрыхтаваць у найбліжэйшы час і адправіць на ўзгадненне зацікаўленым”.

Начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Такун праінфармаваў, што на рэалізацыю мерапрыемстваў па забеспячэнні занятасці насельніцтва ў 2016 годзе зрасходавана звыш Br28,7 млн пры плане Br32,4 млн. “Ніколі самамэтай не было стапрацэнтнае асваенне грашовых сродкаў, выдзеленых на рэалізацыю мерапрыемстваў па садзейнічанні занятасці насельніцтва. У нас заўсёды быў і павінен заставацца пэўны рэзерв для рэагавання на магчымы рост колькасці беспрацоўных і забеспячэнне прадугледжаных заканадаўствам сацыяльных выплат, — растлумачыў прадстаўнік міністэрства. — Акрамя таго, у 2016 годзе звыш запланаванага ажыццяўляліся вяртанні раней выдадзеных бюджэтных пазык, якія рэгіёнамі накіроўваліся на фінансаванне мерапрыемстваў па забеспячэнні занятасці насельніцтва без прыцягнення сродкаў фонду сацабароны”.

Ён падкрэсліў, што ўсе мэтавыя паказчыкі падпраграмы “Садзейнічанне занятасці насельніцтва” ў 2016 годзе выкананы. Так, удзельная вага грамадзян, накіраваных на навучанне, склала 5,2 працэнта (пры прагнозе — не менш як 4,4 працэнта); узровень працаўладкавання беспрацоўных — 51,6 працэнта (пры прагнозе — не менш як 46,2 працэнта); удзельная вага працаўладкаваных беспрацоўных, якія маюць дадатковыя гарантыі занятасці, — 40,7 працэнта (пры прагнозе — не менш як 35 працэнтаў). Практычна ўсе рэгіёны перавыканалі ўстаноўленыя заданні. “Цяпер працуем над вызначэннем планаў для рэгіёнаў на 2017 год. Будуць устаноўлены новыя мэтавыя паказчыкі для абласцей і Мінска да 2020 года — яны павінны адлюстроўваць рэальную работу кожнага рэгіёна і быць больш напружанымі”, — сказаў Алег Такун.