Меёз праз усе каналы ўспрымання

- 13:07Рознае партфолiо

Урок настаўніцы біялогіі сярэдняй школы № 2 Слоніма фіналісткі конкурсу “Настаўнік года — 2017” Юліі Міхайлаўны Марчук уразіў па некалькіх прычынах. Па-першае, я ўбачыла сур’ёзную самастойную работу вучняў. Мы шмат гаворым і чуем пра неабходнасць вучыць нашых дзяцей працаваць самастойна, і дзесяцікласнікі Юліі Міхайлаўны даўно ўмеюць гэта рабіць. Па-другое, мяне ўразіла метадычная разнастайнасць. За 45 хвілін падлеткі  змянілі шмат відаў і форм дзейнасці. Сумаваць не было калі. І па-трэцяе, гэта сама Юлія Міхайлаўна, якая ўдала балансавала на сканцэнтраванасці ўвагі класа і ўзаемадзеянні з навучэнцамі. Тэма ўрока была няпростай, таму перад настаўніцай стаяла задача не збіцца з рытму і захаваць пазнавальную цікавасць школьнікаў да канца. Ёй гэта ўдалося.


У клас да дзесяцікласнікаў я зайшла на перапынку. Яны, паглядваючы на мяне, рыхтаваліся да ўрока. Юлія Міхайлаўна хуценька акрэсліла тэму і агучыла мэты. Гэта быў урок біялогіі ў 10 класе па тэме “Меёз і яго біялагічнае значэнне”.

Мэта ўрока — стварыць умовы для фарміравання ўяўлення пра меёз як спосаб дзялення дыплоідных клетак; фарміраванне паняцця кан’югацыі і красінговера; асэнсаванне і першаснае замацаванне ведаў пра асноўныя фазы меёзу і яго біялагічнае значэнне.

Задачы ўрока:

  1. Забяспечыць дасягненне прадметных вынікаў навучання.

Сфарміраваць веды:

— пра ўніверсальны спосаб дзялення клеткі — меёз, яго асноўныя фазы;

— пра змену малекул ДНК і храмасом на працягу меёзу;

— пра біялагічную ролю меёзу ў захаванні храмасомнага набору ў розных арганізмах, якія размнажаюцца палавым шляхам.

Сфарміраваць уменні:

— апісваць працэсы, якія адбываюцца падчас меёзу;

— паслядоўна выбудоўваць стадыі меёзу;

— вызначаць і называць колькасць храмасом і малекул ДНК на розных стадыях меёзу;

— вылучаць прыметы для параўнання і параўноўваць мітоз і меёз.

  1. Забяспечыць дасягненне метапрадметных вынікаў навучання: стварыць умовы (навучальныя сітуацыі) для развіцця камунікатыўных, iнфармацыйных i пазнавальных кампетэнцый.
  2. Забяспечыць дасягненне асобасных вынікаў навучання:

— сфарміраваць пазітыўнае эмацыянальнае стаўленне вучняў да біялагічных працэсаў, якія адбываюцца падчас меёзу,

— выклікаць здзіўленне ў адносінах да ўнікальнасці механізма меёзу,

— сфарміраваць разуменне практычнай значнасці і каштоўнасці ведаў пра меёз.

Тып урока — урок вывучэння новага матэрыялу.

Юлія Міхайлаўна прапанавала групавую, франтальную, індывідуальную формы работы.

Ход урока

Падчас кароткага арганізацыйнага моманту і прывітання пачаўся мэтаматывацыйны этап — актуалізацыя ведаў і ўменняў вучняў.

Настаўніца звярнулася да класа: “Кожны год першага верасня пасля летніх канікул, сустракаючыся з аднакласнікамі і класным кіраўніком, вы, напэўна, чуеце, як падраслі і пасталелі за летнія канікулы”.

Адначасова з гэтым Юлія Міхайлаўна павесіла на магнітную дошку малюнак школьніка: “Вось і наш навучэнец школы да першага верасня выявіў, што школьныя штаны сталі яму кароткія, а абутак — цесным”.

— Пра якую ўласцівасць жывых арганізмаў ідзе гаворка? — звярнулася да класа Юлія Міхайлаўна і ў адказ пачула:

— Пра рост арганізма, пра яго развіццё.

— Які працэс ляжыць у аснове росту і развіцця любога арганізма? — працягвала пытацца настаўніца.

— Дзяленне саматычных клетак мітозам, што забяспечвае рост арганізма і яго развіццё, — адказвалі навучэнцы. Настаўніца працягвала:

— Арганізмы, якія жывуць на нашай планеце, не вечныя, маю ць абмежаваны перыяд жыцця — ад нараджэння да смерці. Кожную секунду на Зямлі гіне па розных прычынах велізарная колькасць жывых істот, і толькі дзякуючы размнажэнню, гэтай універсальнай уласцівасці арганізмаў, жыццё на Зямлі не спыняецца. Колькі спосабаў размнажэння мы ведаем?

— Два: бясполае і палавое.

— У чым іх прынцыповае адрозненне?

— У палавым размнажэнні ўдзель­нічаюць дзве асобіны, а ў бясполым — адна.

Увага! Пры бясполым разм­нажэнні патомства абсалютна падобна на бацькоўскія формы, а пры палавым спалучае прыметы бацькоўскіх форм.

— Колькі бацькоў у гідры? Колькі бацькоў у чалавека? — далей задавала пытанні Юлія Міхайлаўна. — У чалавека 46 храмасом. У рэпрадукцыі ўдзельнічаюць два бацькоўскія арганізмы. (Настаўніца павесіла на магнітную дошку малюнак бацькоў школьніка.) У іх нашчадкаў 46 храмасом. Дзіця ніколі не з’яўляецца дакладнай копіяй аднаго з бацькоў. Ніколі ў сям’і не нараджаюцца абсалютна падобныя дзеці, калі яны не блізняты, вядома.


Як гэта магчыма? Мы можам выказаць здагадку адносна існавання іншага тыпу дзялення, сэнс якога будзе заключацца ў памяншэнні колькасці храмасом у палавых клетках. Гэта гіпотэза нашага ўрока. (Настаўніца запісвае гіпотэзу на дошцы.)

Тэма ўрока: “Меёз і яго біялагічнае значэнне”. На сталах ля­жаць апорныя лісты ўрока. Запішыце тэму ў ліст, пазначце дату.

Затым настаўніца, зыхо­дзячы са сказанага раней, а таксама з тэмы ўрока, прапанавала навучэнцам сфармуляваць задачы, выкарыстоўваючы ключавыя словы, абазначаныя ў апорным лісце: “вызначыць”, “ахарактарызаваць”, “высветліць”, “параўнаць”.

У выніку былі сфармуляваны наступныя задачы:

  •  вызначыць асаблівасці працэсу меёзу,
  •  ахарактарызаваць фазы меёзу,
  •  высветліць біялагічнае значэнне меёзу,
  •  параўнаць меёз і мітоз.

Вывучэнне новага матэрыялу

Для больш плённай працы дзесяцікласнікі былі падзелены на групы. На партах у кожнай групе ляжаў ліст-арганізатар, які дапамагаў арганізаваць парадак работы. Былі вызначаны ўдзельнікі пад нумарам 1, 2, 3, 4.

Пасля Юлія Міхайлаўна адзначыла, што меёз — складаны працэс, які ўключае два дзяленні, і прагаварыла алгарытм далейшых дзеянняў:

— Мы пачынаем вывучэнне меёзу з першага дзялення. (Настаўніца змясціла назву этапу на дошцы.) Удзельнік групы пад нумарам 1 вывучае ПРАФАЗУ І — на­дзеньце бэйджы з назвай фазы, каб усе бачылі вашу ролю. Колер бэйджа адпавядае колеру ліста з заданнем і колеру нумара на лісце-арганізатары.

Удзельнік групы пад нумарам 2 вывучае МЕТАФАЗУ І.

Удзельнік групы пад нумарам 3 вывучае АНАФАЗУ  І.

Удзельнік групы пад нумарам 4 вывучае ЦЕЛАФАЗУ  І.

Ваша індывідуальная задача — прачытаць тэкст (ён у вас на стале, надрукаваны на каляровых лістах, колер ліста адпавядае колеру нумара ўдзельніка групы); знайсці ў тэксце галоўнае; коратка раска­заць удзельнікам сваёй групы аб працэсах фазы і вызначыць, што трэба запісаць у апорныя лісты на старонцы 2.

— Якія новыя паняцці вы сустрэлі ў вучэбным матэрыяле? — задала пытанне Юлія Міхайлаўна.

— Красінговер, кан’югацыя.

Настаўніца прапанавала паглядзець відэафрагмент “Меёз”, пасля чаго дзесяцікласнікі запісалі новыя тэрміны ў апорныя лісты на старонцы 4.

Настаў час фізкультхвілінкі. Юлія Міхайлаўна папрасіла ўсіх выйсці ў цэнтр класа.

— У марской свінкі 16 храмасом, як і вас на ўроку. Уявіце, што вы — храмасомы ў клетцы марской свінкі, якая дзеліцца меёзам. Размяр­куйцеся цяпер гэтак жа, як размяркоўваюцца храмасомы пры меёзе ў ПРАФАЗЕ І. (Неабходна было разбіцца па парах, узяцца за рукі.)

Такія структуры называюцца бівалентамі. Колькі ўтворыцца бівалентаў, якія дзеляцца ў клетках марской свінкі з 16 храмасомамі? (8) Дзякуй. Сядайце.

Пасля фізкультхвілінкі пачалася праверка першаснага разумення матэрыялу.

На сталах вучняў з’явіліся біялагічны канструктар і магнітная дошка. Неабходна было выка­наць заданне, надрукаванае на лісце жоўтага колеру. Пасля работы з канструктарам і дэманстрацыі выкананага задання настаўніца адзна­чыла, што на гэтым дзяленне першае закончылася. Прамежак паміж першым і другім дзяленнем вельмі малы. Інтэрфаза практычна адсутнічала.

Дзяленне 2. Юлія Міхайлаўна размясціла назву этапу на дошцы і папрасіла навучэнцаў папраца­ваць з заданнем на старонцы 3 апорнага ліста. У заданні былі пераблытаны назвы і характарыстыкі фаз. Дзесяцікласнікам неабходна было знайсці дакладную адпаведнасць фазы і яе характарыстыкі.

Затым пачалася работа з тэкстам вучэбнага дапаможніка на старонцы 96. Пасля выканання задання адбылася ўзаемаправерка ў групе, былі агучаны вынікі работы ўсіх груп.

— Зусім нядаўна мы вывучалі такі тып дзялення клеткі, як мітоз. Давайце зараз паспрабуем вызначыць рысы, што адрозніваюць мітоз і меёз. Задача групы — вызначыць адрозненні меёзу ад мітозу і запісаць іх у апорныя лісты, а пасля агучыць вынікі сваёй работы.

  • Меёз уключае два дзяленні.
  • Утвараюцца клеткі з гаплоідным наборам храмасом.
  • Красінговер і кан’югацыя.
  • У метафазе I выстройваюцца на экватары пары храмасом.
  • У анафазе I да полюсаў разыходзяцца храмасомы.
  • Інтэрфаза паміж двума дзяленнямі амаль адсутнічае.

Адбываецца праверка першаснага разумення.

— У вас на сталах ляжаць бэй­джы з назвамі фаз меёзу. На­дзеньце іх. Цяпер вы — адна з фаз меёзу. Уважліва праслухайце характарыстыку фаз. Калі яна тычыцца менавіта вашай фазы — устаньце, — звярнулася да сваіх вучняў настаўніца, а пасля зноў пачала задаваць пытанні.

— Што ж такое меёз? (Неабходна было запісаць у апорныя лісты.) У чым заключаецца біялагічнае значэнне меёзу?

Тэкст на старонцы 97 дапаможа вам адказаць на пытанні:

  • Чаму клеткі з гаплоідным наборам не могуць дзяліцца меёзам?
  • Як так атрымалася, што ў чалавека (бацькоў і дзяцей) аднолькавая колькасць храмасом?

Навучэнцы запісвалі значэнне меёзу на старонку 4 апорнага ліста:

  • Прыводзіць да ўтварэння гаплоідных палавых клетак.
  • Перашкаджае павелічэнню колькасці храмасом.
  • Служыць асновай камбінатыўнай зменлівасці.

— Вы, напэўна, чулі пра сіндром Даўна. У такіх людзей 47 храмасом. Як бачыце, гэта вельмі важна — захаванне колькасці храмасом, характэрнае для пэўнага віду, — падкрэсліла Юлія Міхайлаўна.

Замацаванне вывучанага матэрыялу

Найперш педагог падзякавала за работу і адзначыла, што настаў час вызначыць, наколькі прадукцыйнай была дзейнасць навучэнцаў на ўроку. Юлія Міхайлаўна прапанавала выканаць тэставыя заданні, пасля чаго адбылася ўзаемаправерка па ключы.

— У каго ўсё дакладна? У каго ёсць памылкі? У чым яны заключаюцца? Лепш засвоіць вучэбны матэрыял нам дапаможа рашэнне задач (на сталах ляжалі лісты з задачамі), — працягвала настаўніца.

Задачы:

  • Дыплоідны набор храмасом дразафілы роўны 8. Колькі храматыд змяшчаецца ў кожнага полюса клеткі, якая знаходзіцца на стадыі анафазы меёзу II?
  • Гаплоідны набор храмасом дразафілы роўны 4. Колькі храматыд змяшчаецца ў клетцы, якая знаходзіцца на стадыі прафазы меёзу I?
  • Для арганізма (n = 11) у канцы метафазы меёзу I колькасць храмасом і храматыд у клетцы адпаведна складае …
  • Дыплоідны набор клеткі складае 12 храмасом. Колькі храматыд накіроўваецца да кожнага полюса ў анафазе другога меятычнага дзялення?

Дамашняе заданне: §23, пытанні на старонцы 97.

Падвядзенне вынікаў урока

На гэтым этапе Юлія Міхайлаўна прапанавала вярнуцца да задач урока і вызначыць, ці былі яны выкананы. Далей навучэнцы адказвалі на апошнія пытанні ўрока:

— Ці пацвердзілася гіпотэза?

— Што было складаным?

— Якія веды спатрэбіліся на ўроку?

Празвінеў званок, і дзесяцікласнікі паспяшаліся на наступны ўрок, а мы з Юліяй Міхайлаўнай паспрабавалі правесці сваю рэфлексію.

“Урок, як вы заўважылі, быў прысвечаны вывучэнню новага матэрыялу. Тэма складаная, цяжка ўспрымаецца, таму маёй асноўнай ідэяй пры падрыхтоўцы да ўрока было ўздзеянне на ўсе каналы ўспры­мання навучэнцаў. Розныя колеры, канструктар, відэафрагмент, тактыльнае ўзаемадзеянне паміж падлеткамі, іх сумесная праца — усё працавала на засваенне вучэбнага матэрыялу.

Задачы, якія мы будзем ра­шаць з імі на наступным уроку, дапамогуць трансфармаваць атрыманую сёння інфармацыю і зрабіць яе больш усвядомленай. У гэтага класа добрая база, таму пры рабоце з ім ёсць за што зачапіцца. Нядаўна мы засвоілі мітоз, што дазволіла выбудаваць гэты ўрок на ўжо вывучаным матэрыяле, а дакладней, на кантрасце, бо мітоз і меёз — зусім розныя тыпы дзялення.

Невялікая колькасць навучэнцаў у класе дазволіла арганіза­ваць групавую работу. Дзесяцікласнікі за ўрок паспелі прагаварыць і прапісаць неабходную вучэбную інфармацыю. А вынікі тэставага задання сведчаць (былі толькі ня­значныя памылкі), што навучэнцы змаглі разабрацца з гэтай няпростай тэмай.

Увогуле, на сваіх уроках заўсёды выкарыстоўваю элементы гульні з дакладным абмежаваннем у часе. Гэта заўсёды з’яўляецца дзейсным, бо дапамагае трымаць тэмп урока, і школьнікам няма калі сумаваць. Калі гаварыць пра структуру заняткаў, то ў прыярытэце камбінаваны ўрок. І я заўсёды кіруюся трыма этапамі ўспры­мання інфармацыі: новы матэрыял трэба зачапіць за ўжо вядомы, выклікаць у дзяцей эмоцыі і пака­заць практычнае значэнне таго, што вывучаецца. Акрамя таго, вельмі важна правяраць работу навучэнцаў і тлумачыць памылкі. Гэта неабходна для руху далей”, — адзначыла Юлія Міхайлаўна Марчук.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.