Беларусь і Егіпет распрацуюць дарожную карту развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 студзеня на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам аль-Сісі.
“Мы дамовіліся з прэзідэнтам аб тым, што ў найбліжэйшы час члены міжурадавай камісіі Беларусі і Егіпта збяруцца ў Мінску для таго, каб выпрацаваць план дзеянняў, дарожную карту на перспектыву. Затым даложаць Прэзідэнту Егіпта, і ён прыме рашэнне аб паездцы ў Беларусь, каб на месцы са спецыялістамі не толькі ўбачыць, але і вывучыць магчымасці Беларусі па напрамках нашага супрацоўніцтва, якія цікавяць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што паміж краінамі няма закрытых тэм. “Мы адкрыты поўнасцю, у нас ёсць вопыт, патэнцыял. Мы яго прымножылі, развілі і заўсёды гатовы падзяліцца з нашымі сябрамі”, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Звяртаючыся да Абдэль Фатаха аль-Сісі, Прэзідэнт Беларусі сказаў, што егіпецкаму народу пашанцавала. “У Егіпце сапраўдны мужны чалавек стаў прэзідэнтам. І трэба зрабіць усё для таго, каб рэалізаваць яго формулу, захаваць і абараніць егіпецкі народ. У рэалізацыі гэтай мэты вы можаце разлічваць на Беларусь, мы будзем заўсёды побач з вамі. Мы гатовы падставіць плячо. І калі дамовіліся, мы ніколі вас не падвядзём — гэта адметная асаблівасць паводзін нашай дзяржавы на міжнароднай арэне. Мы заўсёды былі канкрэтнымі і абавязковымі людзьмі, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Мы выпрацуем дарожную карту і план мерапрыемстваў і абавязкова рэалізуем”.
Егіпет гатовы ўмацоўваць высокі ўзровень супрацоўніцтва з Беларуссю, заявіў у сваю чаргу Прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах аль-Сісі.
“Хачу адзначыць высокі ўзровень супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі, які мы хочам не толькі прадаўжаць, але і ўмацоўваць у інтарэсах дзвюх краін”, — сказаў егіпецкі лідар. Паводле яго слоў, Беларусь і Егіпет павінны выкарыстоўваць усе магчымасці для развіцця ўзаемавыгаднага партнёрства ў самых розных галінах.
***
Па выніках перагавораў лідары дзяржаў падпісалі сумесную дэкларацыю, а таксама шэраг дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах. У дэкларацыі зафіксавана, што Беларусь і Егіпет дамовіліся пашыраць знешнегандлёвыя інтарэсы адно аднаго ў эканамічных аб’яднаннях краін, членамі якіх з’яўляюцца.
Улічваючы агульнае імкненне да ўмацавання беларуска-егіпецкіх адносін, бакі прынялі рашэнне аб паглыбленні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. У прыватнасці, краіны згадзіліся разам працаваць над заключэннем пагаднення аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і яго дзяржавамі-членамі з аднаго боку і Егіптам — з іншага.
“Бакі будуць аказваць магчымую падтрымку ў пашырэнні знешнегандлёвых інтарэсаў адно аднаго ў эканамічных аб’яднаннях краін, членамі якіх з’яўляюцца Беларусь і Егіпет”, — гаворыцца ў дэкларацыі.
Кіраўнікі дзяржаў сышліся на думцы, што эканамічнае супрацоўніцтва ўяўляе сабой рухаючую сілу беларуска-егіпецкіх адносін, таму бакі гатовы пры захаванні рыначных правіл пашыраць гандаль канкурэнтаздольнымі таварамі, сумесна спрашчаць умовы ўзаемнага гандлю, садзейнічаючы збалансаванаму росту яго аб’ёму.
Акрамя таго, Егіпет станоўча разгледзеў імкненне Беларусі атрымаць статус наглядальніка ў Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва.
Па выніках перагавораў бакі падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні паміж міністэрствамі культуры, мемарандум па пытаннях супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, мемарандум аб узаемаразуменні па пытаннях узаемадзеяння ў сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, мемарандум аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве ў сферы аховы і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў, а таксама мемарандум у сферы аховы навакольнага асяроддзя, рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і змянення клімату.
Акрамя таго, падпісаны дарожная карта па рэалізацыі мемарандума ў гандлёва-эканамічнай і сацыяльна-культурнай сферах паміж Мінскай вобласцю і Паўднёвым Сінаем, дагавор аб выдачы і дагавор аб узаемнай прававой дапамозе па грамадзянскіх і эканамічных справах, пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы фізічнай культуры і спорту.
***
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах аль-Сісі таксама наведалі выставу беларускай тэхнікі. У час агляду экспазіцыі Мінскага аўтамабільнага завода Беларусь прапанавала егіпецкаму боку паступовую перадачу тэхналогій па вытворчасці аўтамабільнай тэхнікі.
Калі лідары краін аглядалі выставачныя ўзоры грузавікоў Мінскага аўтамабільнага завода, прагучала прапанова перадаць егіпецкаму боку неабходныя чарцяжы для вытворчасці, у прыватнасці дадатковага навяснога абсталявання на аўтатэхніку.
“Мы перадаём вам на першым этапе тэхналогіі вытворчасці гэтых настроек, а ніжнюю частку і кабіну будзем пакуль вырабляць у Мінску, паступова замяшчаючы вытворчасць і пераносячы яе ў Егіпет, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Паступова будзем перадаваць тэхналогіі. І гэта па ўсіх напрамках, не толькі па аўтамабільнай тэхніцы”.
Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на шырокі спектр выкарыстання тэхнікі МАЗ і МТЗ, а таксама на яе нізкі кошт у параўнанні з заходнімі аналагамі.
Выстава ўзораў прадукцыі Мінскага аўтамабільнага завода і Мінскага трактарнага завода прайшла ў Каіры ў рамках беларуска-егіпецкага дзелавога форуму.