Міграцыйны крызіс мае вырашальнае значэнне для будучыні ЕС

- 11:53Інфармацыйная гадзіна

Канцлер Германіі Ангела Меркель у час выступлення на генеральных дэбатах у бундэстагу заявіла, што міграцыйны крызіс — самы вялікі выклік для Еўропы, паведамляе тэлерадыёкампанія Deutsche Welle.

Ангела Меркель назвала праблему з наплывам бежанцаў яшчэ больш маштабнай, чым фінансавы крызіс у еўразоне дзесяць гадоў назад.

Кіраўнік германскага ўрада падкрэсліла, што міграцыйны крызіс мае вырашальнае значэнне для будучыні Еўрасаюза, аднак “рашэння мы яшчэ не знайшлі”. Разам з тым Ангела Меркель заклікала еўрапейскія краіны да сумесных дзеянняў, заявіўшы, што “калі Еўропа проста скажа, маўляў, мы закрываем свае граніцы, нас не хвалюе, што адбываецца ў нашых суседзяў, тады нічога не атрымаецца”.

Каменціруючы нядаўнія падзеі ў нямецкіх гарадах, дзе загінулі двое немцаў, канцлер адзначыла, што нават абурэнне ў сувязі з гэтым не можа апраўдаць “дэманстрацыі з бесчалавечнымі лозунгамі”. Цкаванне мігрантаў і нацысцкія слоганы нельга ні дараваць, ні растлумачыць, заявіла Ангела Меркель.

Ва ўсходнегерманскім горадзе Кётэн 9 верасня 22-гадовы немец памёр пасля бойкі з выхадцамі з Афганістана, якія прыбылі ў ФРГ у якасці бежанцаў. Пасля медыцынскай экспертызы стала вядома, што смерць наступіла з-за “вострага інфаркту, які не быў прамым вынікам атрыманых цялесных пашкоджанняў”. За два тыдні да гэтага ў горадзе Хемніц у бойцы быў забіты 35-гадовы мужчына. Паліцыя затрымала двух падазроных, якія прасілі ў Германіі статус бежанца. Абедзве падзеі выклікалі шырокі рэзананс у СМІ і прывялі да масавых дэманстрацый як правых радыкалаў, так і проста праціўнікаў міграцыйнай палітыкі Берліна.