Кандыдат філалагічных навук Міхаіл Макарэвіч узначаліў аддзел адукацыі Жыткавіцкага райвыканкама, што на Гомельшчыне, толькі год назад. Але вопыт працы мае салідны, прычым не толькі ў педагогіцы, але і на пасадзе старшыні сельвыканкама. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Міхаіл Макарэвіч (справа), дзевяцікласнік Дзяніс Птушко і начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў. Здымак зроблены, калі па даручэнні губернатара Івана Крупко ўручаліся падарункі да новага навучальнага года школьнікам са шматдзетнай жыткавіцкай сям’і Птушко
Ён з ліку тых моцных палешукоў, якія, набыўшы добрую адукацыю, вяртаюцца працаваць на малую радзіму. І таму, ведаючы традыцыі, адметны менталітэт мясцовых людзей, Міхаілу Міхайлавічу лёгка знаходзіць з імі паразуменне. Родам з Жыткавіч, скончыў тут 1-ю школу, вучыўся ў Мазырскім педуніверсітэце, прайшоў год магістратуры. Далей — сталічная аспірантура, пад кіраўніцтвам вядомага мовазнаўцы Мікалая Прыгодзіча (кіруе кафедрай гісторыі беларускай мовы філфака БДУ) напісаў і абараніў кандыдацкую па беларускай тэрміналогіі. Дарэчы, ён жа і аўтар найцікавейшага “Слоўніка народных промыслаў і рамёстваў Беларусі” (2010).
“Вярнуўся ў Мазыр, у альма-матар, і амаль 5 гадоў працаваў выкладчыкам, потым — дадому, — згадвае вузлавыя моманты жыцця Міхаіл Міхайлавіч. — Прапанавалі пасаду дырэктара школы, у вёсцы. Шэсць гадоў працаваў, выкладаў спачатку беларускую мову і літаратуру, потым і рускую. Год пабыў старшынёй Юркевіцкага сельвыканкама, пасля мне прапанавалі гэтую пасаду”.
У 2021 годзе Міхаіл Макарэвіч быў дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу.
І малым трэба жыць!
— Ці вялікая ў вас “педагагічная гаспадарка”, Міхаіл Міхайлавіч?
— Розных устаноў адукацыі ў раёне 41, уключаючы Дом творчасці, сацыяльна-педагагічны цэнтр для дзяцей, бацькі якіх пазбаўлены бацькоўскіх правоў. А ўсіх дзетак, з дашкалятамі, у раёне крыху больш за 5600.
— Якая тэндэнцыя ў глыбінцы: меншае вясковых школ?
— У нас па гэтым пытанні ёсць кансалідаваная пазіцыя раённай улады, старшыні райвыканкама Мікалая Мікалаевіча П’яўкі: прыкладваць усе намаганні, каб вясковыя школы не закрываць. Бо вы ж ведаеце: закрый школу — і вёска тая нібы сваю душу губляе. У адной з базавых устаноў адукацыі найменш навучэнцаў — 27, а яна жыве, дае імпульс да жыцця ўсёй вёсцы, у якой і клуб, лясніцтва. І пра людзей жа дбаем: педагогам ёсць работа. Куды ім? Ездзіць штодзень кіламетраў за 30?
— Як на мой погляд, беларуская разважлівасць у гэтым пытанні якраз да месца. Не ўсюды ж модную бізнес-мадэль у адукацыйнай прасторы можна ўкараняць. Нельга на жыццё глядзець толькі праз прызму рэнтабельнасці, эканамічнай мэтазгоднасці — бо так і пенсіянеры некаму могуць падацца лішнімі… Вы ж рэалізуеце гаспадарчы, набліжаны да зямной вясковай рэальнасці падыход. Нерэнтабельна ж нібыта і агароды вяскоўцам рабіць, гаспадаркай прысядзібнай займацца, ды ў жыццёвым комплексе такія і шмат іншых рэчаў неабходныя, жыццём апраўданыя. А настаўнік на вёсцы — гэта чалавек, які ўплывае, няхай сабе і ўскосным чынам, на свядомасць усёй вясковай грамады. Падае прыклад нейкі для іншых, да яго меркаванняў людзі прыслухоўваюцца.
— Цалкам згодзен, прычым са сваёй практыкі ведаю: настаўнік прыўносіць элементы культуры, асветы ў вясковае жыццё. А пры выпадку можа чалавеку, які “выпадае” з грамады, пра тое сказаць, накшталт: “Пётр Іванавіч, а ці тое ты робіш?..” Таму калі стаіць пытанне па школе “быць альбо не”, то мы імкнёмся даць надзею на “быць”. У падобных сітуацыях з нерэнтабельнымі прадпрыемствамі нам кіраўнік дзяржавы дае такі пасыл, арыенцір: думаць пра людзей. У школах працуюць настаўнікі, тэхперсанал. Куды ж ім ісці?
Вывучыцца — і вярнуцца
— Рыхтуючыся да размовы з вамі, на сайце райадміністрацыі пабачыў словы яе кіраўніка: “Рэгіён жыве багатым культурным, спартыўным і творчым жыццём, выхоўвае дастойных грамадзян сваёй краіны. І, безумоўна, самым вялікім нашым багаццем з’яўляюцца людзі: працавітыя і таленавітыя, якія любяць сваю малую радзіму”. З ліку такіх і Міхаіл Шруб: працаваў выкладчыкам у Мінску — а вярнуўся дадому, стаў вядомым фермерам. Дарэчы, на думку Міхаіла Рыгоравіча, школьнікам варта зблізку паказваць, у якіх умовах працуюць іх бацькі. А ўмовы ж не тыя, што былі раней. Цяпер у агракомплексе патрэбны высокаадукаваныя спецыялісты. На фермах, у полі працуе сучасная тэхніка, прыйшлі ўжо лічбавыя тэхналогіі, робаты… Але вось у адным з палескіх рэгіёнаў я даведаўся: там у шосты школьны дзень рыхтуюць… афіцыянтаў, барменаў, касметолагаў… Што скажаце?
— Яшчэ да мяне сказалі: дзе думкі чалавека — туды і сам ён памкнёны… У нас, вядома ж, прафарыентацыйная работа вядзецца. Выпускнікі, якія могуць стаць студэнтамі ў сельскагаспадарчых УВА, бяруць у разлік: ці змогуць прымяніць потым веды ў мясцовасці, адкуль яны родам. Працуе сістэма мэтавых накіраванняў: па раёне каля 20 чалавек так вучыцца, найперш будучыя аграномы, ветурачы, заатэхнікі. Цікава ў гэтым кірунку працуе Краснаборская сярэдняя школа: чалавек 9 з названых — адтуль. З сёлетняга выпускнога класа, у якім 12 чалавек, 6 паступілі ва УВА сельгаспрофілю. Падпісваюцца дагаворы з мясцовай гаспадаркай і каледжамі, Віцебскай ветакадэміяй. Работнікі аграгаспадаркі ходзяць у школу, ёсць адказны за тое педагог. Праходзяць дні адкрытых дзвярэй, падчас якіх ідзе размова пра сучасныя прафесіі. Да таго ж мы цесна супрацоўнічаем з райупраўленнем сельскай гаспадаркі: там ёсць спецыяліст, адказны за работу з установамі адукацыі. Мы разам праводзім анкетаванне сярод старшакласнікаў, каб ведаць, куды ехаць і пра што гаварыць. Нават адзін чалавек нам важны! Некаторыя з гаспадарак выплачваюць стыпендыі “мэтавым” студэнтам, навучэнцам, даюць гарантыі жылля маладым спецыялістам. Па ўсіх важных пунктах складаецца і падпісваецца дагавор. Вядома ж, узровень развіцця гаспадарак розны, і дагаворы — таксама.
— Сістэма вучэбна-вытворчых камбінатаў захавалася?
— Сапраўды, у большасці раёнаў такое амаль што знікла, у нас жа мадэль працы пастараліся зберагчы. У адпаведнасці з праграмамі, зацверджанымі Мінадукацыі, для вучняў базавых 10—11 класаў прадугледжана ў шосты школьны дзень працоўнае навучанне як навучанне прафесіі. Раней вучылі на аператараў ЭВМ, афіцыянтаў — цяпер вучым і на трактарыстаў, кухараў, прадаўцоў. На базе трох школ ёсць навучанне на трактарыста-машыніста сельгасвытворчасці. Дзякавіцкая школа так вучыць. У Дуброўскай школе, дзе я раней працаваў, з чатырох школ вучацца: мы ліцэнзію атрымлівалі ў Мінсельгасе. Ну і 2-я тураўская школа: там з усяго горада вучацца і з прылеглых вясковых школ. Аўтобусам вучняў прывозяць на ўсе 6 урокаў, там і абедаюць. У маі — кваліфікацыйныя экзамены: хто іх праходзіць — атрымлівае пасведчанне трактарыста, якое ўручаем на выпускных балях разам з атэстатамі. Там і дзяўчаты вучацца: іх працэнтаў пад 35. А дзе базавыя Жыткавічы, то там едуць у прафтэхкаледж. Так што ўвесь раён ахоплены.
— Як складваліся ў вас адносіны, калі былі дырэктарам школы, з кіраўніком гаспадаркі?
— Было поўнае паразуменне. Калі хлопцы ў Дуброўцы заканчвалі школу, то мелі пасведчанні трактарыстаў, і з лета ўжо некаторыя, чалавек па 5, уключаліся ў работу: кармы развозілі, былі заняты на іншых работах. А хто са стажам — ішлі на камбайны, убіраць збожжа, і моладзь была вельмі дарэчы. Потым хлопцы ў армію ішлі — ужо са спецыяльнасцю, там патрэбнай.
На мой погляд, ёсць сэнс у тым, каб зберагаць і развіваць такі напрамак адукацыйнай дзейнасці, як прафесійнае навучанне. Як для выпускнікоў, так і для народнай гаспадаркі ў цэлым. Бо спецыяльнасць, веды лішнімі не бываюць. Маючы прафесію, чалавек у любой жыццёвай сітуацыі не прападзе.
Варыянт для шостага дня
— Міхаіл Шруб казаў: мы гатовы паглыбляць супрацоўніцтва з рознымі ўстановамі адукацыі, весці сістэмную работу па прафадукацыі на базе “Сялянскай гаспадаркі”… Вы спрабавалі з ім супрацоўнічаць? Гэта ж і прафарыентацыя…
— Пагаджаюся! Дарэчы, школьнікі тураўскай зоны, Жыткавіч у гаспадарцы Міхаіла Рыгоравіча бываюць: на год як мінімум раз праводзяцца прафарыентацыйныя экскурсіі. А з саміх жа Хільчыц, дзе праўленне гаспадаркі, і часцей: там іх бацькі працуюць. Падобныя навіны з фотаздымкамі ёсць і на сайтах школ. Але экскурсіі, заўважым, гэта не зусім адукацыйны працэс, таму была ідэя на базе гаспадаркі стварыць нейкі цэнтр прафтэхадукацыі. Аднак сваіх спецыялістаў мы туды не зможам накіраваць: яны ў штатах устаноў адукацыі. Ну і ў Шруба пакуль не знайшлося чалавека, які б, напрыклад, вёў там шосты школьны дзень, — аптымальны варыянт. Спадзяюся, мы да гэтага пытання вернемся і зможам з Міхаілам Рыгоравічам знайсці паразуменне.
— Для гаспадаркі ж гэта і магчымасць прыгледзець сабе маладых работнікаў…
— Зацікаўленасць тут узаемная можа быць, да таго ж Міхаіл Рыгоравіч мае каштоўны выкладчыцкі вопыт. Ведаю, ездзяць да яго студэнты Горацкай сельгасакадэміі на экскурсіі — да іх як спецыялістаў Шруб мае інтарэс. Але ж вострай праблемы кадраў там няма. Да Шруба і так едуць працаваць людзі з розных рэгіёнаў Беларусі: добрая зарплата дае магчымасць запрашаць высокакваліфікаваных спецыялістаў.
Не патрэбен і мільён…
— А калі б мелі вы, Міхаіл Міхайлавіч, шмат магчымасцей, то што б паспрабавалі ў сферы адукацыі рэалізаваць, каб сёння гарманічна вучыліся і выхоўваліся дзеці, падлеткі? На што б, умоўна кажучы, не пашкадавалі патраціць мільён?
— У маім разуменні, для гарманічнага выхавання мільёны не патрэбны, і вялікія грошы ўвогуле. Гэта, дарэчы, такая ілюзія: нібыта з грашыма ўсё можна, бо, як вядома, і багатыя таксама плачуць.
Але варта сілы траціць, і сродкі таксама, для таго каб наладзіць цеснае ўзаемадзеянне школы і бацькоў. Такое меркаванне падасца некаму вельмі простым і, можа, банальным, аднак я глыбока перакананы: патэнцыял сям’і трэба паўней, больш крэатыўна разам з намаганнямі педагогаў выкарыстоўваць.
У гэтым кірунку і ў Дуброўскай школе мы працавалі, адладжвалі сувязі, а галоўнае — узаемаразуменне з бацькамі. Нам не трэба з імі дзяліцца, перакладаць адказнасць — трэба сумесна дзейнічаць. Бацькі, вядома ж, розныя. Адны нас, педагогаў, разумеюць, як і праблемы ўстаноў адукацыі, асабліва па выхаванні іх жа дзяцей. Ну, нашых сумесных… А ёсць іншыя бацькі: пакаленне 90-х, яны з большым эгаістычным ужо складнікам, чым у нас з вамі. Прагматычныя, з нездаровым заўсёдным пасылам: “Вы нам павінны!”. Калі ёсць поспехі ў школьніка, гэта яны расцэньваюць як сваю заслугу, а промахі — як нашу недапрацоўку… Перамогі ў алімпіядах у раёне, вобласці, на рэспубліцы — здорава! Кулаком сябе ў грудзі: “Мой сын! Я так яго выхаваў”. Але калі раптам хто· аступіўся, то школа вінавата, педагогі не даглядзелі. То няхай дасць Бог нам паразумення! І калі ў школ з бацькамі будзе згода, то ўсё іншае, думаю, складзецца належным чынам.
Тэатр пачынаецца… з алімпіяды!
— Міхаіл Міхайлавіч, выспела задума, якая можа істотна паспрыяць умацаванню трыумвірату “вучань — сям’я — школа”. Ідэя такая: разам з дыпломамі прадметных алімпіяд рознага ўзроўню ўручаць здольным вучням і сертыфікаты, ад 3 да 6, на білеты ў лепшыя сталічныя тэатры. Скажам, у Вялікі тэатр Беларусі. Тады вучні-дыпламанты змогуць і самі там пабываць, і запрасіць у паездку бацькоў, родных, нават настаўніка, дзякуючы якому ўдалося дасягнуць поспеху. Дарэчы, з вашага раёна школьнікі сёлета праявілі сябе на алімпіядах?
— Маем шэсць дыпломаў на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды і на заключным этапе адзін дыплом ІІ ступені. Ёсць яшчэ над чым працаваць.
— Ды і на раённым узроўні: хто добра выступіў — таксама, відаць, варты тэатральнага прыза. У вучняў будзе дадатковы стымул старацца, у бацькоў і настаўнікаў — гордасць за выхаванца…
— Ідэя цікавая. Але хто яе прафінансуе?..
— Можа, галіновы прафсаюз, а можа, спонсары: скажам, Парк высокіх тэхналогій ці тыя, хто падтрымлівае тэатральныя фэсты. А ваш аддзел адукацыі зможа, напрыклад, з транспартам дапамагчы тым групам, якія збяруцца паехаць у тэатр?
— Думаю, мы зможам у такім праекце паўдзельнічаць, бо ён сапраўды, калі ўсё разумна зладзіць, паспрыяе далучэнню людзей з глыбінкі да высокіх культурных традыцый нашай Радзімы. І, вядома ж, дасць дадатковы стымул для развіцця алімпіяднага руху, для ўмацавання сувязей паміж вучнямі, педагогамі, бацькамі.
Іван ЖДАНОВІЧ