Міхаіл МЯСНІКОВІЧ: Эканоміка мае патрэбу ў канкурэнтаздольных асобах

- 17:00Актуально
Аб гэтым 12 верасня ў час наведвання Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта заявіў у сваім уступным слове да лекцыі на тэму “Беларусь у глабальнай эканоміцы: тэндэнцыі і меры эканамічнай палітыкі” Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

“Калі мы гаворым аб кадравым пытанні, мы гаворым аб канкурэнтаздольнасці асоб, якія будуць арганізатарамі вытворчасці, высакакласнымі спецыялістамі, здольнымі павесці за сабой калектывы, генерыраваць і рэалізоўваць ідэі. Шэрых і пасрэдных хапае, а вось канкурэнтаздольных асоб малавата, прытым што патэнцыял у нашай нацыі даволі вялікі для таго, каб рыхтаваць такія кадры. Гэтую місію павінна ўзяць на сябе вышэйшая школа”, — сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Сёння праблем у будаўнічым комплексе не менш, чым у 1966 годзе, калі ствараўся Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, адзначыў прэм’ер. “Нам не хапае спецыялістаў праектнай справы, у нас слабая канкурэнцыя на рынку архітэктараў і канструктараў, таму што прапаноў мала. Хацелася б, каб будаўнічы профіль, не ва ўрон політэхнічным і эканамічным спецыяльнасцям, атрымаў новае дыханне, таму што ў гэтым мае патрэбу эканоміка Беларусі. Каб не атрымалася так, што з-за дэфіцыту прафесійна падрыхтаваных кадраў з вышэйшай адукацыяй будаўнічых спецыяльнасцей нам не давялося ствараць новыя ВНУ”, — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.
Ён таксама адзначыў, што працэс навучання ў наш час павінен мець бесперапынны характар. Без гэтага няма канкурэнтаздольнасці краіны. “Што такое канкурэнтаздольнасць краіны? Гэта вытворная ад канкурэнтаздольнасці эканомікі, якая фарміруецца канкурэнтаздольнасцю асобы”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
Міхаіл Мясніковіч з’яўляецца выпускніком Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта. Ён скончыў яго ў 1972 годзе, тады яшчэ ВНУ называлася Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут. Прэм’ер-міністр цёпла падзякаваў выкладчыкам, якія яго вучылі, прывітаў тых, з кім ён вучыўся.
Міхаіл Мясніковіч выбраны ганаровым прафесарам Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Акрамя таго, у час наведвання БрДУ прэм’ер-міністр азнаёміўся з навуковымі і інавацыйнымі распрацоўкамі ўніверсітэта, лепшыя з якіх былі прадстаўлены на выставе. Знаёмячыся з ужо ўкаранёнымі ў вытворчасць і перспектыўнымі распрацоўкамі, прэм’ер-міністр перш за ўсё цікавіўся іх навізной і эканамічным эфектам. У гэтым пакуль што не змаглі пераканаць кіраўніка ўрада распрацоўшчыкі платформы робата-гіда. Цікавым і смелым архітэктурным рашэннем Міхаіл Мясніковіч назваў распрацаваную ва ўніверсітэце прасторавую канструкцыю перакрыцця з апорным шарападобным вузлом. Гэтая распрацоўка паспяхова прыменена ў Віцебскім амфітэатры і на шэрагу іншых буйных аб’ектаў.
На сустрэчы ў рэктараце абмяркоўвалася пытанне нарошчвання экспарту навуковых і адукацыйных паслуг, а таксама пытанні, звязаныя з будаўніцтвам новага вучэбна-лабараторнага корпуса ўніверсітэта і спартыўных пляцовак. Цяпер у БрДТУ вучыцца 11 тысяч студэнтаў, заняткі ідуць у дзве змены. Міхаіл Мясніковіч выказаў свае заўвагі і прапановы па праекце новага корпуса. Тут жа кіраўнік урада даў даручэнні па выдзяленні сродкаў на будаўніцтва дадатковых спартыўных пляцовак.

Фота Руслана КАБЯКА, БелТА.