Беларусь прынята ў Балонскі працэс рашэннем міністраў адукацыі краін агульнаеўрапейскай прасторы. Як паведамілі ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі, Балонскі камітэт прызнаў поспехі ў развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Пытанне аб уключэнні Беларусі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі было абмеркавана на Канферэнцыі міністраў адукацыі краін агульнаеўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ў Ерэване (Арменія). Беларускую дэлегацыю ўзначаліў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.
“Для Беларусі гэта важны і адказны крок у развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі. Крок, які адлюстроўвае высокі ўзровень беларускай сістэмы адукацыі і ставіць перад намі вялікія задачы па яе развіцці і абнаўленні. Уключэнне ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі адлюстроўвае прызнанне сусветнай грамадскасцю беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі і пацвярджае факт таго, што нацыянальная мадэль канкурэнтаздольная і зможа інтэгравацца ў сусветную адукацыйную прастору”, — сказаў Міхаіл Жураўкоў, выступаючы ў Арменіі на канферэнцыі міністраў адукацыі. Ён падкрэсліў, што стратэгія развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі заснавана на міжнароднай інтэграцыі, далучэнні да працэсу абнаўлення нацыянальнай сістэмы адукацыі максімальна шырокага кола зацікаўленых бакоў, уключаючы работадаўцаў, прадстаўнікоў студэнцкага самакіравання і міжнародных экспертаў.
Канферэнцыя міністраў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і форум па Балонскай палітыцы ўпершыню прайшлі ў Арменіі. На канферэнцыю былі запрошаны прадстаўнікі 47 краін.
Ідэі стварэння еўрапейскай універсітэцкай супольнасці і адзінай Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ідуць ад найстарэйшага ў Італіі Балонскага ўніверсітэта. Яшчэ ў 1986 годзе, рыхтуючыся да 900-гадовага юбілею, кіраўніцтва ВНУ звярнулася да ўсіх універсітэтаў Еўропы з прапановай прыняць Вялікую хартыю ўніверсітэтаў — Magna Charta Universitatum. Ідэя была з энтузіязмам успрынята, і ў час юбілейных урачыстасцей у 1988 годзе гэты дакумент, які абвяшчае ўніверсальныя і вечныя каштоўнасці ўніверсітэцкай адукацыі, а таксама неабходнасць цесных сувязей паміж імі, быў падпісаны рэктарамі 80 ВНУ. У 1999 годзе на радзіме Magna Charta, у Балонні, прайшла гістарычная Першая канферэнцыя трыццаці еўрапейскіх міністраў адукацыі. Прынятая імі дэкларацыя “Зона еўрапейскай вышэйшай адукацыі” вызначыла асноўныя мэты, якія вядуць да дасягнення супастаўнасці і ў канчатковым выніку гарманізацыі нацыянальных адукацыйных сістэм вышэйшай адукацыі ў краінах Еўропы. З гэтай дэкларацыі і пачынаецца Балонскі працэс.