Адна з задач, якая стаіць перад педагагічнай грамадскасцю, — развіццё сістэмы падтрымкі таленавітых дзяцей. Пра гэта падчас абласной канферэнцыі педагагічных работнікаў Міншчыны “Фарміруем асобу будучыні праз мір і стварэнне” сказаў Мікалай Башко, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
“Жаданне зрабіць краіну лепшай павінна быць нашым прыярытэтам, — звярнуўся да педагагічнай грамадскасці начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. — У вобласці паспяхова выканана задача па развіцці ваенна-патрыятычных клубаў. На кантролі — стварэнне ваенна-патрыятычных класаў ва ўстановах адукацыі. Сёлета вялікая роля адводзілася развіццю музейнага руху. Так, у гімназіі № 1 Слуцка быў адкрыты музей “Адукацыя Міншчыны”, а ў каладзішчанскай сярэдняй школе № 2 пачаў працаваць музей камсамола”.
У цэнтральным рэгіёне на новы ўзровень выходзіць развіццё школьнага спорту. Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі нагадаў, што ва ўстановах адукацыі вобласці працягнута рэалізацыя праекта па навучанні дзяцей плаванню. Наступным крокам стане прыцягненне да спартыўных мерапрыемстваў бацькоў.

Мікалай Башко зазначыў, што асобная ўвага на Міншчыне адводзіцца іміджу настаўніка. Сённяшні педагог павінен удасканальваць свой прафесіяналізм, павышаць педагагічнае майстэрства. Найважнейшым паказчыкам эфектыўнасці дзейнасці сістэмы адукацыі Мікалай Мікалаевіч назваў выніковасць. Менавіта школа фарміруе неабходныя кампетэнцыі ў навучэнцаў, спрыяе іх прафесійнаму самавызначэнню. У вобласці вядзецца актыўная работа па навучанні дзяцей асновам фінансавай дасведчанасці, назіраецца станоўчая дынаміка па рэалізацыі праектнай дзейнасці, развіваецца STEM-адукацыя і г.д.
“Праведзена сур’ёзная падрыхтоўчая работа да выніковай атэстацыі выпускнікоў школ, — акцэнтаваў М.Башко. — Сёлета 199 дзяцей атрымалі найвышэйшы вынік падчас цэнтралізаванага экзамену. На ЦТ 49 выпускнікоў атрымалі 100 балаў. 7 навучэнцаў па выніках здачы ЦТ і двух ЦЭ маюць 300 балаў. Але мы разумеем, што вынік адукацыі — гэта не толькі балы ЦЭ, ЦТ. Вынік адукацыі — гэта здольнасць дзіцяці прымяніць атрыманыя веды не толькі на ўроку, але і прадставіць іх у інтэлектуальных спаборніцтвах. Адна з задач, якія стаяць перад педагагічнай грамадскасцю, — развіццё сістэмы падтрымкі таленавітых дзяцей. На міжнародных конкурсах, алімпіядах нашы навучэнцы заваявалі 69 узнагарод. Актуальнай застаецца работа па адборы і наступным суправаджэнні ўдзельнікаў адукацыйных змен Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка”.
Разам з паспяховай дзейнасцю педагагічных, аграрных, ваенна-патрыятычных класаў у новым навучальным годзе ў 14 раёнах Мінскай вобласці плануецца адкрыццё інжынерных класаў. М.Башко падкрэсліў, што падмуркам далейшага самавызначэння навучэнцаў павінна стаць дапрофільная падрыхтоўка, пашырэнне спектра профільных класаў.
“У новым навучальным годзе будзем прадаўжаць прафарыентацыйную работу, накіраваную на атрыманне мэтавых накіраванняў выпускнікамі профільных класаў педагагічнага, аграрнага, спартыўна-педагагічнага, ваенна-патрыятычнага кірункаў, — падзяліўся планамі начальнік галоўнага ўпраўлення. — Таксама плануем забяспечыць узаемадзеянне з вядучымі сельскагаспадарчымі арганізацыямі і зрабіць абавязковым наведванне навучэнцамі аграрных класаў лепшых гаспадарак вобласці”.
У цэнтры ўвагі сістэмы адукацыі Міншчыны таксама застанецца рэалізацыя прынцыпу інклюзіі, будзе прадоўжана работа па стварэнні ва ўстановах адукацыі даступнага асяроддзя.
“У новым навучальным годзе мы павінны выйсці на новы ўзровень развіцця, — звярнуўся да настаўнікаў Мікалай Башко. — Важна памятаць, што рэалізацыя кожнага новага праекта нацэлена на поспех нашых дзяцей. За гэтым вынікам — штодзённая самаадданая праца выхавальнікаў дзіцячых садоў, настаўнікаў школ, педагогаў дадатковай адукацыі і, вядома, кіраўнікоў устаноў”.
Падчас жнівеньскай нарады нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” Мікалай Башко ўзнагародзіў лепшых педагогаў вобласці. Сярод іх — дырэктар Рассветаўскай сярэдняй школы Клецкага раёна Сяргей Дубман, выкладчыца Барысаўскага дзяржаўнага каледжа Ларыса Іканава, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Крупскай раённай гімназіі Людміла Мініч, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Слуцкага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа Наталля Русакевіч, настаўніца фізікі сярэдняй школы № 2 Старых Дарог Валянціна Шулікоўская, педагог дадатковай адукацыі Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці Наталля Шуманская.
На абласным свяце былі не толькі ўшанаваны настаўнікі, якія многа гадоў прысвяцілі рабоце ў сістэме адукацыі. Мікалай Башко нагадаў, што сёлета ва ўстановы адукацыі Міншчыны прыйшлі працаваць 922 маладыя спецыялісты. Іх прывіталі навучэнцы педагагічнага класа Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна.
Наталля САХНО
Фота аўтара





