Чаму варта выбіраць прафесіі, звязаныя з сельскай гаспадаркай, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” высветліла ў рэктара БДАТУ Мікалая Раманюка.
— Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт — вядучая УВА краіны ў сферы аграрнай інжынернай і эканамічнай адукацыі. Яна мае надзейную рэпутацыю, высокі інтэлектуальны і навукова-вытворчы патэнцыял, што забяспечвае высокую якасць адукацыі і падрыхтоўку кваліфікаваных спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу.
Важны і той факт, што навучанне адбываецца ў камфортных умовах. Студгарадок кампактна размешчаны ў цэнтры сталіцы: вучэбныя карпусы, інтэрнаты, спартыўны комплекс, маладзёжны цэнтр, сталовыя — усё ў крокавай даступнасці, разам яны — адзіны гарадскі квартал. Усіх першакурснікаў дзённай формы навучання, якім патрэбна жыллё, мы забяспечваем месцамі ў інтэрнатах.
Акцэнтую ўвагу, што ў гэтым годзе абітурыентаў мы запрашаем на 5 спецыяльнасцей па напрамку “Сельская гаспадарка”. Чатыры з іх — інжынернага профілю: “Тэхнічнае забеспячэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі”, “Тэхнічны сэрвіс у аграпрамысловым комплексе”, “Энергетычнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі”, “Тэхнічнае забеспячэнне захоўвання і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі”, а адна — эканамічнага — “Аграбізнес”.
Дарэчы, інжынерныя спецыяльнасці нашага ўніверсітэта дастаткова ўніверсальныя, таму выпускнікі могуць працаваць не толькі непасрэдна ў сельскай гаспадарцы, але і ў іншых галінах. Так, наш былы выпускнік Аляксандр Мароз цяпер з’яўляецца генеральным дырэктарам Мінскага механічнага завода імя С.І.Вавілава, Андрэй Хмель — старшыня Гродзенскага гарвыканкама, Уладзімір Крэч — намеснік міністра лясной гаспадаркі, Леанід Марыніч — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ва Узбекістане, і гэты спіс можна працягваць доўга.
У сельскай гаспадарцы прафесійныя кадры заўсёды будуць запатрабаваныя, тым больш што яна актыўна развіваецца. На сяло сёння прыйшлі самыя сучасныя лічбавыя тэхналогіі, і работа там стала прывабнай і цікавай. А таму тыя, хто выбера адпаведныя спецыяльнасці, ніколі не застануцца без працы і заўсёды будуць запатрабаваны, бо, як бы ні змянялася наша жыццё, сельская гаспадарка ніколі не страціць свайго выключнага значэння для чалавека.
— Ці дастаткова ў БДАТУ спецыяльнасцей для забеспячэння кваліфікаванымі кадрамі ўсяго аграпрамысловага комплексу краіны?
— Канечне. У нас 5 факультэтаў: аграмеханічны, аграэнергетычны, інжынерна-тэхналагічны, тэхнічнага сэрвісу ў АПК, прадпрымальніцтва і кіравання, а яшчэ факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі моладзі. Таксама ва ўніверсітэце паспяхова функцыянуе Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў АПК.
Сёлета прымаць абітурыентаў мы будзем на буйныя спецыяльнасці паводле новага класіфікатара спецыяльнасцей і кваліфікацый. Так, на ўзровень агульнай вышэйшай адукацыі — па 8 спецыяльнасцях і на ўзровень паглыбленай вышэйшай адукацыі (магістратуры) — па 7.
Адзначу: толькі ў нашым універсітэце рыхтуюць інжынерныя кадры для АПК у галінах тэхнічнага і энергетычнага забеспячэння, захоўвання і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, тэхнічнага сэрвісу, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, кіравання аховай працы.
Сёння ў нас вучыцца каля 7 тысяч студэнтаў на І і ІІ ступенях вышэйшай адукацыі, 50 чалавек — у аспірантуры і дактарантуры. Штогод больш за 3 тысячы чалавек ахоплены рознымі праграмамі дадатковай адукацыі дарослых у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Таксама ў ліку нашых студэнтаў каля сотні прадстаўнікоў 19 краін свету.
— Якія спецыяльнасці найбольш папулярныя ў абітурыентаў?
— “Тэхнічнае забеспячэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі”, “Ахова працы на вытворчасці”, “Тэхнічны сэрвіс у аграпрамысловым комплексе”, “Энергетычнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі” і “Аграбізнес”.
Выбар будучай прафесіі для кожнага маладога чалавека — справа важная і адказная. І калі б я сёння быў абітурыентам, то, арыентуючыся на прагнозы экспертаў, аддаў бы перавагу адной з інжынерных спецыяльнасцей.
— Вы рыхтуеце інжынерныя кадры для АПК. Як школьнікаў зацікавіць такой прафесіяй?
— Развіццё цікавасці да інжынернай спецыяльнасці павінна пачынацца са школы. Дзеля гэтага ў 2018 годзе пачалі функцыянаваць аграрныя класы. Наш універсітэт працуе са школамі ўсіх раёнаў краіны. Мы курыруем 602 аграрныя класы ў 437 школах рэспублікі, у якіх навучаецца каля 3,9 тысячы маладых людзей.
Навучэнцы аграрных класаў прыязджаюць у наш універсітэт на экскурсіі, практычныя заняткі і прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Для патэнцыяльных абітурыентаў мы арганізоўваем выязныя заняткі і экскурсіі ў перадавыя гаспадаркі, якія маюць развітую інфраструктуру. Таксама на базе нашага ўніверсітэта праводзяцца семінары для педагогаў агракласаў.
— У сярэдзіне чэрвеня завяршыўся першы этап прыёмнай кампаніі. Выпускнікі аграрных класаў паступалі па мэтавым накіраванні?
— Так. Было пададзена 35 заяў ад выпускнікоў аграрных класаў. 20 з іх паспяхова прайшлі субяседаванне і былі залічаны ў першачарговым парадку. Субяседаванне дапамагло выявіць асобасныя і дзелавыя якасці і здольнасці, а таксама матывацыю абітурыентаў да атрымання вышэйшай адукацыі. Усе пытанні для субяседавання складзены па асноўных тэмах вучэбнага факультатыву “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. У гэтым годзе выпускнікі аграрных класаў паказалі добрае веданне асноў сельскай гаспадаркі. Усе яны матываваныя і зацікаўленыя ў атрыманні нашых спецыяльнасцей. Дарэчы, усе мэтавікі, якія паступаюць на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, удзельнічаюць у конкурсе без уступных экзаменаў.
— А колькі ўсяго абітурыентаў-мэтавікаў вы залічылі?
— 116 чалавек. Большасць з іх заключыла дагаворы з флагманамі АПК. Нязначная колькасць дагавораў аформлена з абласнымі і раённымі камітэтамі па сельскай гаспадарцы і харчаванні. Напрыклад, па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі” з 40 дагавораў 36 заключаны з арганізацыямі АПК, і ў 29 з іх прадугледжана штомесячная даплата да стыпендыі — ад 3 да 8 базавых велічынь.
Конкурс склаўся на спецыяльнасці “Ахова працы на вытворчасці” — 2,3 чалавека на месца, “Тэхнічны сэрвіс у аграпрамысловым комплексе” — 1,4 чалавека на месца і “Аграбізнес” — 1,3 чалавека на месца.
Паколькі пры паступленні на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці абітурыенты не здавалі экзамены, то прахаднога бала, можна сказаць, не было. Конкурс паміж імі праводзіўся з улікам бала атэстата па матэматыцы, затым — па фізіцы, а пасля — і сярэдняга бала атэстата.
БДАТУ курыруе больш за 600 аграрных класаў у амаль 440 школах, у якіх навучаецца каля 3,9 тысячы маладых людзей.
Унутраны экзамен па матэматыцы здаваў у нас толькі адзін чалавек, які паступаў на спецыяльнасць “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей” і паказаў дастатковыя веды.
Разам з тым нечаканасцю для нас стала адсутнасць конкурсу на “Менеджмент”, і нам прыйшлося перадаць на агульны конкурс 118 месцаў.
— Наша дзяржава істотна падтрымлівае маладых спецыялістаў. Давайце нагадаем асноўныя прывілеі для выпускнікоў сельскагаспадарчых УВА.
— Сапраўды, дзяржава аказвае значную падтрымку выпускнікам аграрных устаноў адукацыі. Гэта і даплаты да заработнай платы на працягу 2—5 гадоў работы, і прадастаўленне льготных крэдытаў, і вырашэнне жыллёвых пытанняў маладых спецыялістаў і работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый, і г.д. Так што прафесіі аграрнага напрамку, відавочна, вельмі перспектыўныя.
— Адна з безумоўных пераваг БДАТУ — моцная практычная падрыхтоўка, бо навучанне ў вас не аддзелена ад рэальнага жыцця.
— Так, мы пастаянна працуем над удасканаленнем вучэбна-праграмнай дакументацыі. У цяперашні час плануем, што ўдзельная вага практычнага навучання ў агульным аб’ёме падрыхтоўкі студэнтаў будзе складаць 75%, у тым ліку непасрэдна практыкі — 32%. Да таго ж у нас можна атрымаць рабочыя прафесіі слесара па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, трактарыста-машыніста, вадзіцеля механічных транспартных сродкаў, электраманцёра. Актыўна выкарыстоўваюцца аўтадром, трактарадром, глебавы канал, вучэбна-выставачны павільён і вучэбна-даследчы корпус.
Агульная працягласць практык складае не менш як 28 тыдняў у залежнасці ад спецыяльнасці, і праводзіцца яна ў 3 этапы. На першым практыку праходзяць у Рэспубліканскім вучэбна-вытворчым цэнтры практычнага навучання, дзе студэнты знаёмяцца з новымі тэхналогіямі.
Другі этап — праходжанне вытворчай практыкі ў базавых арганізацыях і 36 філіялах кафедр. Гэта дазваляе ўвязаць практыка-арыентаваную падрыхтоўку з сучасным узроўнем тэхнічнага абсталявання сельскагаспадарчай вытворчасці. І трэці этап — пераддыпломная практыка, на якой набываюцца прафесійныя навыкі падчас работы дублёрамі ў арганізацыях размеркавання выпускнікоў. Такім чынам, практычныя веды і ўменні, атрыманыя ў перадавых гаспадарках, выпускнікі затым змогуць прымяняць на сваіх будучых працоўных месцах.
— Ваш слоган: “БДАТУ — інавацыі, якасць, перспектывы!”. АПК развіваецца імкліва, у такіх умовах і аграрная адукацыя павінна ісці па інавацыйным шляху. Ці ўдаецца вам гэта?
— Сапраўды развіццё аграпрамысловага комплексу спалучаецца з робатызацыяй вытворчасці і аўтаматызацыяй тэхналагічных працэсаў, укараненнем прынцыпова новых канструктыўных рашэнняў сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання. Да таго ж канцэпцыі SMART-тэхналогій і штучнага інтэлекту патрабуюць ад нас аператыўнага рэагавання на новыя запыты заказчыкаў кадраў. Узнікае неабходнасць развіцця адукацыйнага працэсу з улікам інавацый, каб сфарміраваць новыя прафесійныя, у тым ліку і лічбавыя, кампетэнцыі ў будучых спецыялістаў. Для гэтага ўніверсітэт актыўна распрацоўвае новую стратэгію развіцця. У ёй прыярытэтная ўвага ўдзяляецца адкрыццю новых адукацыйных профіляў з улікам інавацыйных лічбавых тэхналогій навучання, а таксама стварэнню сучасных навукова-адукацыйных лабараторый па лічбавым земляробстве і жывёлагадоўлі, новага вучэбнага класа па ахове працы. Карацей, мы робім усё магчымае, каб ісці ў нагу з часам!
— Мікалай Мікалаевіч, дзякуй за размову!
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА