Мікалай ФЯСЬКОЎ: “Многія ацэньваюць тэсты з чужых слоў і чужых эмоцый”

- 8:28Кампетэнтна

Цэнтралізаванае тэсціраванне-2015, да якога так доўга рыхтаваліся ўсёй грамадою, стала ўжо гісторыяй. Экзамены пройдзены, сертыфікаты выдадзены, сярэднія балы падлічаны, і, спадзяёмся, абітурыенты змаглі правільна імі скарыстацца.
Ужо літаральна праз тры месяцы пачнецца першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання для абітурыентаў 2016 года, і ўсё закруціцца па новай. ЦТ як сістэма працуе дакладна і зладжана. Для пабочных назіральнікаў яна можа падацца нават нязменнай, хаця гэта, безумоўна, не так. Сістэма знаходзіцца ў пастаянным развіцці, і гэта яскрава бачна, калі параўнаць змест сёлетніх тэстаў з тымі, напрыклад, што былі 5 і тым больш 10 гадоў назад.
Пра тое, як удасканальваецца сістэма цэнтралізаванага тэсціравання, мы гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалаем Сцяпанавічам ФЯСЬКОВЫМ.

— Цэнтралізаванае тэсціраванне праводзіцца ўжо каля 15 гадоў і даўно стала звыклай і зразумелай формай правядзення ўступных выпрабаванняў. Сучасныя абітурыенты, якія выраслі пры ЦТ, могуць нават падумаць, што тэсты былі заўсёды. Аднак калі параўнаць тэставыя матэрыялы за некалькі гадоў, становіцца зразумела, што ЦТ увесь час удасканальваецца і па форме, і па змесце. Гэта жывая сістэма, якая чуйна рэагуе на змены ў адукацыйнай сферы. Скажыце, Мікалай Сцяпанавіч, якія найбольш адметныя змены ў ЦТ вы маглі б адзначыць?
— Сапраўды, неазнаёмленаму чалавеку можа падацца, што ў сістэме цэнтралізаванага тэсціравання не адбываецца ніякіх змен. Праўда, мне даводзіцца шкадаваць, што такімі неазнаёмленымі людзьмі нярэдка выступаюць нашы калегі — педагогі.
На жаль, ацэньваючы тэсты, людзі часцей за ўсё спасылаюцца на іншых асоб, маўляў, нехта казаў… І вельмі рэдка сустракаюцца тыя, хто асабіста прааналізаваў матэрыялы асобнага года ці некалькіх гадоў запар і зрабіў уласныя высновы. Яны, як правіла, адзначаюць, што тэсты ўдасканальваюцца, і сваю дасведчаннасць выкарыстоўваюць для рознага роду станоўчых прапаноў на наш адрас. З прыемным здзіўленнем слухаю асобных педагогаў з гімназій і ліцэяў, якія са шкадаваннем канстатуюць, што нашы тэсты па фізіцы і матэматыцы сталі занадта лёгкімі. На іх думку, вучні губляюць цікавасць да аналізу тэставых заданняў па прычыне адсутнасці эксклюзіўных задач. Вось так! А між тым, чытачы, напэўна, памятаюць, што раней нас папракалі ў занадта цяжкіх заданнях па згаданых прадметах.
Хачу заўважыць, што мы кожны год яшчэ да заканчэння ўступнай кампаніі выдаём зборнікі тэстаў, каб абітурыенты маглі азнаёміцца з прапанаванымі варыянтамі і паглядзець, якія памылкі яны дапусцілі. Акрамя таго, гэтыя зборнікі служаць падмогай у падрыхтоўцы да экзаменаў для будучых абітурыентаў. Для спецыялістаў яны ўяўляюць цікавасць з пункту гледжання аналізу тэстаў. Мы стараемся выдаваць гэтыя зборнікі вельмі аператыўна. Напрыклад, тэсціраванне па беларускай мове прайшло 14 чэрвеня, і ўжо да канца дня мы сфарміравалі ўсе матэрыялы для перадачы ў выдавецтва. Зараз зборнікі паступаюць у продаж — бярыце і вывучайце.
Тым не менш многія ацэньваюць тэсты з чужых слоў і чужых эмоцый. Прычым гэта тычыцца не толькі зместу, але і вынікаў ЦТ. Прывяду яскравы прыклад гэтага года. Мы ўжо абвясцілі вынікі іспытаў, у СМІ паведамілі, колькі 100-бальнікаў было па кожным прадмеце, але памылкова там прайшла інфармацыя, што па фізіцы няма ніводнага 100-бальнага выніку. Рэакцыя абітурыентаў і іх бацькоў мяне вельмі здзівіла: яны паверылі не нам, а СМІ. Тэлефануюць і пытаюцца: “Дык што, нам не трэба прыязджаць па сертыфікат?” Заўважце, не абураюцца: “Куда дзеліся нашы 100 балаў?”, а беспярэчна вераць інфармацыі, памылкова пададзенай журналістамі.
Што да якасці тэстаў, то за час правядзення цэнтралізаванага тэсціравання яна істотна ўзрасла. Заўважу, што якасць — гэта вельмі шырокае паняцце, хаця многія часцей за ўсё разумеюць пад ёй адсутнасць памылак у заданнях.
Якасць — гэта і працягласць тэста, і фармат падачы заданняў, якія павінны быць лаканічнымі, канкрэтнымі і зразумелымі для абітурыентаў. У адрозненне ад звычайных задач і практыкаванняў, што прапаноўваюцца да кожнай тэмы ўрока і публікуюцца ў канцы параграфа падручніка, нашы заданні суправаджаюць дыстрактары (праўдападобныя адказы), і ў іх прынцыпова іншы фармат. Яны створаны менавіта пад мэты цэнтралізаванага тэсціравання, і ў гэтым сэнсе з’яўляюцца эксклюзіўнымі.
Якасць тэстаў — гэта яшчэ і змест заданняў, які дазваляе абітурыентам праявіць творчы падыход да рашэння. На жаль, большасць нашых апанентаў лічаць творчымі толькі тыя заданні, дзе трэба штосьці даказваць. Аднак пошук правільнага адказу — гэта таксама творчы працэс.
Паглядзіце, напрыклад, зборнікі заданняў па геаграфіі, біялогіі, хіміі і іншых прадметах. Вельмі часта ў адным заданні правяраецца веданне некалькіх тэм, прапаноўваюцца нестандартныя фармулёўкі заданняў, і ўсё гэта патрабуе творчага асэнсавання.
Мы ўжо заўважылі, што калі, напрыклад, па фізіцы правяраецца веданне закона Ома для ўчастка ланцуга, то вынікі рашэння істотна адрозніваюцца ў залежнасці ад фармулёўкі задання. Так, у задачах, дзе трэба разлічыць сілу току, працэнт выканання звычайна даволі высокі (каля 75). Але калі патрабуецца вызначыць не сілу току, а супраціўленне ці напружанне, працэнт правільных адказаў істотна зніжаецца (да 60%). Гэта значыць, што многія абітурыенты вучаць формулы на памяць, але не разумеюць, як іх выкарыстоўваць на практыцы. І паколькі ў школе іх не навучылі творчаму падыходу пры рашэнні задач, то асобна гэта не трэба правяраць, усё і так навідавоку.
Лічу неабходным звярнуць увагу на сумніўны аргумент апанентаў цэнтралізаванага тэсціравання — маўляў, пры такой форме іспытаў нельга выявіць таленавітую, неардынарную асобу. Педагагічная практыка дэманструе, што талент развіваецца падчас вучэбнай дзейнасці як у школе, так і ва ўніверсітэце, а не на ўступных іспытах. Гісторыя ўступных іспытаў не памятае такога фенамену.

Задача нашага інстытута — ранжыраваць усіх абітурыентаў і зрабіць так, каб больш падрыхтаваныя маладыя людзі аказаліся ў верхняй частцы абітурыенцкага рэйтынга, а найменш падрыхтаваныя — у ніжняй.

Штогод на ЦТ з’яўляюцца новыя тыпы заданняў. Пры гэтым бярэцца пад увагу той факт, што ў нас няма так званай “ручной” праверкі работ, а ідзе іх машыннае сканіраванне. Напрыклад, з самага пачатку ажыццяўляецца віртуальнае раздзяленне кожнага бланка адказу на вобласць рэгістрацыі, субтэсты А і В. Таму заданні павінны быць складзены такім чынам, каб ніякія выпадковыя фактары не паўплывалі на якасць праверкі і камп’ютарныя праграмы маглі распазнаць напісанае абітурыентамі на кожным участку. І такіх нюансаў шмат.
Тэхналагічны працэс пастаянна ўдасканальваецца, і мы задаволены тым, што нам удаецца ажыццяўляць праверку тэставых матэрыялаў вельмі хутка і якасна. Сёння мы апрацоўваем матэрыялы і выдаём вынікі значна хутчэй, чым нашы суседзі, якія працуюць па падобнай тэхналогіі.

— З самага пачатку правядзення цэнтралізаванага тэсціравання была абрана 100-бальная шкала ацэньвання ведаў. З аднаго боку, гэта вельмі зручна (напрыклад, у 100 балаў лёгка перавесці сярэдні бал атэстата выпускніка), а з другога боку, правакуе да пастаяннага параўнання са школьнымі адзнакамі, што няправільна. Патлумачце, калі ласка, чаму менавіта 100 балаў? І чаму нельга супастаўляць балы ЦТ са школьнымі адзнакамі, як гэта многія робяць, шляхам простага адкідвання аднаго нуля?
— Раней у краіне была пяцібальная сістэма (а фактычна трохбальная, бо “адзінкі” і “двойкі” ставіліся вельмі рэдка). Такім чынам, усіх дзяцей дзялілі на тры катэгорыі: адны атрымлівалі “пяцёркі”, другія — “чацвёркі”, трэція — “тройкі”. Але пагадзіцеся, калі ў класе прысутнічаюць 30 дзяцей, іх можна было б дыферэнцыраваць на 30 катэгорый. Таму, безумоўна, магчымасці цяперашняй дзесяцібалкі дазваляюць больш адэкватна ацэньваць веды навучэнцаў, чым раней.
Выбіраючы 100-бальную сістэму, мы пайшлі яшчэ далей (дарэчы, у некаторых краінах выкарыстоўваецца нават 1000-бальная сістэма). Бо чым большая шкала ацэньвання, тым меншы працэнт хібнасці і лепшая дыферэнцыяцыя абітурыентаў.
Таму калі я чую меркаванне, што лепш было б уніфікаваць сістэму ацэньвання ЦТ са школьнай і перайсці на дзесяцібалку, — гэта прыкладна тое, што ўніфікаваць транспартны сродак — сфарміраваць з хуткаснага швейцарскага электравоза і коннай карэты нейкі цягнік. Эфект ад пераводу ЦТ на дзесяцібалку быў бы прыкладна такім жа: валодаючы перадавымі сучаснымі тэхналогіямі, мы атрымалі б вынікі, неадэкватныя магчымасцям.
Што да пастаянных спроб суаднесці вынікі ЦТ з дзесяцібальнай школьнай ацэнкай, то гэта ад неразумення тэхналогіі. У школе пры ацэньванні ведаў навучэнцаў выкарыстоўваецца нарматыўна-крытэрыяльны падыход, на ЦТ — рэйтынгавая сістэма.
— Рэйтынгавая сістэма вельмі добра спрацоўвае ва ўмовах высокіх конкурсаў. На жаль, у нашай сітуацыі недахопу абітурыентаў, калі на некаторыя спецыяльнасці прымаюць усіх і нават застаюцца вольныя месцы, магчымасці гэтай выдатнай сістэмы не выкарыстоўваюцца ў поўным аб’ёме. І часам можна пачуць меркаванне, што звычайны, нарматыўна-крытэрыяльны падыход у ацэньванні ведаў у гэтай сітуацыі спрацоўваў бы лепш. Скажыце, Мікалай Сцяпанавіч, ці змянілася б што, калі б ацэнка на ЦТ была не рэйтынгавай, а выводзілася па прынцыпе школьнай?
— Вы вельмі правільна гаворыце. Пры гэтым не трэба забываць, што нават пры такім дэфіцыце абітурыентаў, як сёлета, большасць моладзі хоча паступаць на пэўныя спецыяльнасці, дзе па-ранейшаму высокі конкурс. Паглядзіце, якія будуць прахадныя балы ў медыцынскі ўніверсітэт, на ІТ-спецыяльнасці БДУІР, на факультэт міжнародных адносін БДУ і інш. І там рэйтынгавая сістэма спрацоўвае так, як мае быць.
А прапаноўваючы замест рэйтынгавай сістэмы, якая выкарыстоўваецца на ЦТ, нарматыўна-крытэрыяльны падыход, вы, пэўна, намякаеце на зварот да ранняй расійскай сістэмы АДЭ, якая з’яўляецца адначасова выніковай у школе і ўступнай ва ўстановы вышэйшай адукацыі?

— Усяго толькі гіпатэтычнае выказванне…
— Правільна, бо гэта быў бы найгоршы варыянт. Пры выніковай атэстацыі павінен выкарыстоўвацца нарматыўна-крытэрыяльны падыход, а калі наша задача ранжыраваць абітурыентаў, то тут лепш спрацоўвае нарматыўна-арыентаваны падыход. Яны розныя. Аб’яднаць іх — гэта прыкладна тое ж самае, калі б мы, вымяраючы адлегласць ад Мінска да Лондана, дарогу да праліва Па-дэ-Кале вымяралі ў кіламетрах, а пасля Па-дэ-Кале — у мілях, а потым дзве атрыманыя лічбы склалі. Што б мы атрымалі? Мілекіламетры? Гэта поўны абсурд! З-за гэтага, дарэчы, у Расіі было дастаткова праблем.
Атрымлівалася, што выпускнікі здавалі іспыты для атрымання атэстата за курс сярэдняй школы і адначасова ўдзельнічалі ў конкурсе на паступленне ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Зразумела, што для паступлення неабходна было закласці пэўную планку (што і было зроблена). Аднак адужаць гэтую планку маглі далёка не ўсе выпускнікі, і яны атрымлівалі нездавальняючыя адзнакі. Але як выдаваць атэстат, калі выпускнік заваліў экзамен? Таму, каб пераадолець гэты казус, у першыя гады правядзення АДЭ ўсім тым, хто атрымаў нізкія адзнакі, аўтаматычна налічваўся 1 бал (!). Ці будзе ў грамадскасці давер да такой тэхналогіі, калі нездавальняючая адзнака механічна пераўтвараецца ў здавальняючую?
Дарэчы, у нас таксама час ад часу гучаць прапановы дыферэнцыраваць заданні: напрыклад, паступаючыя ў медыцынскія ўніверсітэты атрымліваюць больш складаныя заданні па хіміі і біялогіі, а паступаючыя ў аграрныя ўстановы — іншыя, больш лёгкія. Але навошта гэта патрэбна? Тыя, хто здае ЦТ на 90 балаў і больш, ужо выканалі складаныя заданні і даказалі свой высокі ўзровень падрыхтоўкі, для іх дзверы медыцынскіх універсітэтаў адчынены. У каго невысокія балы — калі ласка, паступайце туды, дзе няма конкурсу. Кожнаму па заслугах! Нашы тэсты даюць вельмі добрыя магчымасці для дыферэнцыяцыі.
У Расіі, дарэчы, ужо ўлічылі той казус, які з’явіўся на АДЭ. Выпускнікам, якія заканчваюць школу і не збіраюцца паступаць ва ўніверсітэты, будуць прапанаваны заданні базавага ўзроўню. Неабходнасць дадаваць ім 1 бал адпадзе. А калі выпускнікі маюць намер паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, то яны будуць выконваць заданні павышанага ўзроўню. Выніковая атэстацыя і ўступныя выпрабаванні ўсё ж такі павінны адрознівацца, бо ў іх розныя задачы.

— Неаднойчы чула меркаванне, што, напрыклад, па рускай і беларускай мовах прасцей выконваць заданні ў частцы В, чым у частцы А. Гэта тлумачыцца тым, што ў заданнях, дзе прапаноўваюцца розныя варыянты адказаў (а правільным, як вядома, можа быць больш, чым 1 адказ), дыстрактары вельмі падобныя, што можа заблытаць абітурыента. Таму, насуперак меркаванням, з павелічэннем часткі В тэсты не ўскладняюцца, а спрашчаюцца. Што вы можаце сказаць на гэты конт?
— Калі мы чуем, што заданнямі ў частцы В веды правяраюцца лепш, чым у частцы А, то гэтыя меркаванні таксама не падмацаваны ніякай аналітыкай. Людзі, якія настойваюць на павелічэнні часткі В, падсвядома імкнуцца вярнуцца да ранейшай формы ўступных выпрабаванняў, калі абітурыенты прыходзілі, садзіліся перад экзаменатарамі і рашалі задачы. Аднак трэба разумець, што тады ў аўдыторыі знаходзілася некалькі дзясяткаў паступаючых і два-тры экзаменатары. Сёння ЦТ адначасова здаюць дзясяткі тысяч абітурыентаў, пры гэтым у нашым інстытуце кожны прадмет курыруюць 1—2 чалавекі. Гэты як бы недахоп кампенсуецца высокай ступенню аўтаматызацыі ўсіх працэсаў апрацоўкі тэставых матэрыялаў.
Мы скарацілі ў тэстах частку А, пашырыўшы частку В настолькі, наколькі дазваляе тэхналогія. Пры гэтым мы сапраўды часта сутыкаемся з тым, што аднатыповыя заданні абітурыенты лепш выконваюць у заданнях часткі В. Вельмі падобныя дыстрактары часта заблытваюць абітурыентаў, тым больш у тэстах па мовах, дзе можа быць некалькі правільных адказаў.
Магу пацвердзіць гэта з асабістага вопыту (я — географ). Калі чытаю заданне, то заўсёды ведаю адказ, але калі пачынаю выбіраць адказ сярод прапанаваных дыстрактараў, то пачынаю сумнявацца. І ў гэтым перавага нашых тэстаў: толькі калі ты ўпэўнены ў сваіх ведах, можаш выбраць адназначна правільны адказ.

Нават з двух варыянтаў складана выбраць правільны. А што казаць, калі праўдападобных дыстрактараў 4—5? Угадаць можна, толькі калі ведаеш матэрыял.

Часам людзі кажуць, што можна нагадаць на пэўны бал. Але што значыць “нагадаць”? Тут можна казаць хутчэй не пра гаданне, а пра інтуіцыю, якая так ці інакш грунтуецца на ведах. Абітурыент, можа, і не давучыў нейкую тэму, але калі ён хадзіў на ўрокі, слухаў тлумачэнні настаўніка, адказы аднакласнікаў (хай часам і краем вуха), то яго мозг усё роўна назапашваў інфармацыю. Потым ён раскажа, што “нагадаў”, але ў сапраўднасці яго падсвядомасць падказала яму правільны адказ.

— Раней была такая тэлеперадача “Як стаць мільянерам”, здаецца, і зараз на нейкіх каналах ёсць штосьці падобнае. Яе сутнасць у тым, што гульцу задаюць пытанне і прапаноўваюць некалькі варыянтаў адказаў, а яму трэба выбраць адзіны правільны. Адказаўшы на пэўную колькасць пытанняў, можна атрымаць вялікі грашовы прыз. Дык вось на нейкія заданні гульцы ведалі адказы, але часцей за ўсё можна было назіраць пакутлівы працэс угадвання. Цікава, што пры наяўнасці шэрага падказак (напрыклад, тэлефанаванне сябру і інш.), выключыўшы відавочна няправільныя адказы, гульцы часта заставаліся перад выбарам аднаго правільнага адказу з двух магчымых. Пры гэтым угадаць даводзілася далёка не ўсім. Пасля прагляду ўсяго некалькіх гульняў можна было бачыць, што зарабіць больш-менш прыстойную суму ўдавалася не самым здагадлівым, а самым эрудзіраваным…
— Сапраўды, нават з двух варыянтаў складана ўгадаць, што і казаць, калі праўдападобных дыстрактараў 4—5? Угадаць можна, толькі калі добра ведаеш матэрыял.
Паколькі мы загаварылі пра тэлеперадачы, то ўзгадаю “Што? Дзе? Калі?”, дзе гуляюць сапраўдныя інтэлектуалы. Паглядзіце, як цікава яны разважаюць над пытаннямі, з якімі сутыкаюцца ўпершыню. Гэта сапраўдны ўзор творчай работы, якая дазваляе людзям, нават не ведаючы адказу, прыйсці да яго. Тое ж выконвае і абітурыент падчас экзамена, толькі не ўслых, а як кажуць “пра сябе”.

— Хачу спытаць пра так званы “субтэст С”, які ўвялі на АДЭ ў Расіі і пра неабходнасць якога часам гавораць у Беларусі. Што ён мог бы даць з пункту гледжання павелічэння творчага складніка тэста? Ці аналізавалі тыя, хто настойвае на з’яўленні субтэста С, якую армію экзаменатараў трэба было б прыцягнуць да праверкі экзаменацыйных работ, каб правесці ўступную кампанію ў тыя ж тэрміны, што і зараз? А галоўнае, ці не будзе страчаны такі важны сацыяльны момант, як забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці (экзаменатары, у адрозненне ад машын, не застрахаваны ад памылак)?
— Сапраўды, у апошні час можна чуць прапановы аб увядзенні так званага “субтэста С”, які, маўляў, яшчэ больш павысіць дакладнасць вынікаў. Аднак хачу нагадаць, што субтэсты А і В — гэта не вынаходствы нашага інстытута, а сусветная практыка: тэставыя заданні адкрытага і закрытага тыпу цалкам адпавядаюць тэхналогіям тэсціравання. На сённяшні дзень гэта самая эфектыўная форма масавага правядзення экзаменаў, якая дазваляе за кароткі час апрацаваць вялікую колькасць экзаменацыйных работ і даць аб’ектыўныя вынікі.
А вось субтэст С — гэта кампанент традыцыйнай экзаменацыйнай сістэмы ў мініяцюры (кароткае выкладанне зместу пэўнага працэсу, з’явы або кароткая характарыстыка зместу літаратурнага твора). І яго ніяк нельга аднесці да тэсціравання, бо пры ўсім жаданні аўтаматычная апрацоўка субтэста С немагчыма. Правяраць яго і выстаўляць адзнакі павінны экзаменатары. Відавочна, што, каб праверыць, напрыклад, 70 тысяч работ па рускай мове, патрэбна цэлая армія экзаменатараў і некалькі тыдняў працы.
Галоўная перавага цэнтралізаванага тэсціравання, якое праводзіцца, — у адсутнасці суб’ектыўнага фактару пры праверцы работ і выстаўленні балаў. Уся апрацоўка тэстаў праходзіць аўтаматычна, і няма магчымасцей для якога б там ні было знешняга ўмяшання. Пры так званай “ручной” праверцы гэтая перавага была б зведзена да нуля, бо на першае месца выходзіць чалавечы фактар. Напрыклад, у Расіі субтэст С правяраюць два экзаменатары, а калі ў іх ацэнках ёсць сур’ёзная разбежка, то да праверкі далучаецца ўжо трэці экзаменатар. Уявіце, якія чалавечыя, часавыя і, адпаведна, фінансавыя рэсурсы трэба дадаткова задзейнічаць у гэтай рабоце.
Расійскія спецыялісты расказваюць, як з увядзеннем субтэста С адразу з’явіліся пралазы для пратэкцыянізму. Напрыклад, ёсць дамова, што абітурыент пачынае другі абзац свайго эсэ загадзя вызначаным словам, — калі экзаменатар знаходзіць у тэксце гэтае слова, то ён ведае, каму належыць работа.
Але ж у нашай краіне тэсціраванне ўводзілася найперш для таго, каб пазбавіцца любых праяў пратэкцыянізму і карупцыі. З’яўленне субтэста С, паколькі ён мае на ўвазе “ручную” праверку, падарвала б давер грамадства да ўступных экзаменаў.
У той жа Расіі да выканання субтэста С прыступае менш за палову абітурыентаў, гэта значыць, што ён не выконвае той функцыі, на якую разлічаны. І гэта пры вялізных выдатках, пры значным павелічэнні часу на праверку і адсутнасці ўпэўненасці ў аб’ектыўнасці. У тых універсітэтах, дзе патрэбен дадатковы адбор (напрыклад, ва ўстановах адукацыі Міністэрства культуры, ва ўніверсітэце фізкультуры, на архітэктурным факультэце, на факультэце журналістыкі і г.д.) ён і так праводзіцца. Калі яшчэ нехта мае патрэбу ў дадатковым адборы — калі ласка, выходзьце з ініцыятывай. Але ўводзіць субтэст С для ўсіх, я лічу, абсалютна нерацыянальна.

— Дзякуючы цэнтралізаванаму тэсціраванню, у нашай краіне ліквідавана не толькі карупцыя падчас уступнай кампаніі, а нават падазрэнні на яе. Бездакорная рэпутацыя, давер абітурыентаў, грамадства, устаноў адукацыі — гэта сапраўды дарагога варта. Скажыце, на чым грунтуецца механізм гарантавання бяспекі тэставых матэрыялаў: на складаных тэхнічных сродках абароны інфармацыі ці ўсё ж такі больш на чалавечым сумленні?
— Няма адзінай сістэмы ці свірнавага замка, які захоўвае нашы сакрэты. Для гарантавання бяспекі тэставых матэрыялаў створана многасферычная сістэма, якая складаецца з некалькіх ахоўных абалонак. Перш за ўсё, аўтары тэстаў перадаюць усе матэрыялы ва ўласнасць інстытута і даюць юрыдычнае абавязацельства не перадаваць іх у трэція рукі. Зрэшты, нават калі дапусціць, што яны парушаць гэтае абавязацельства, то верагоднасць выкарыстання тэставых матэрыялаў блізкая да нуля. І я зараз патлумачу, чаму.
Справа ў тым, што аўтары не ствараюць гатовых тэстаў, яны фарміруюцца перад самым пачаткам тэсціравання. У нас ёсць банк даных, дзе ў асобных “ячэйках” захоўваюцца заданні (па некалькі дзясяткаў кожнага тыпу). І мы ведаем аўтара кожнага задання, год яго стварэння, узровень складанасці і г.д. Калі нам трэба сфарміраваць тэст, то мы задаём праграме неабходныя параметры (напрыклад, на квадратныя ўраўненні — адно заданне 2-га ўзроўню, два заданні 3-га ўзроўню, і гэтак па ўсіх тэмах) і атрымліваем з банка неабходныя для фарміравання тэста матэрыялы.
Таму калі нам кажуць, што трэба загадзя надрукаваць увесь банк даных, маўляў, няхай дзеці трэніруюцца, — то гэта з-за неразумення тэхналогіі падрыхтоўкі тэставых матэрыялаў. Калі б мы на такое ўсё ж такі пайшлі, то гэта было б велізарных аб’ёмаў выданне, і яно наўрад ці зацікавіла б абітурыентаў. Хай ужо лепш трэніруюцца на школьных падручніках.
У тэхнічным плане ў нас дзейнічае сучасная сістэма відэаназірання, ніводзін камп’ютар, задзейнічаны ў працэсе, не падключаны да агульнай сеткі, выкарыстоўваюцца пломбы, паролі і г.д.
Пасля таго, як тэсты сфарміраваны (гэта адбываецца напярэдадні тэсціравання па адпаведным прадмеце), доступ да іх мае адзін, а па найбольш масавых прадметах два чалавекі. З гэтага часу яны нясуць персанальную адказнасць за захаванасць тэставых матэрыялаў. Калі б раптам нейкая ўцечка адбылася, то адразу б стала вядома, хто яе дапусціў. І зразумела, што ніхто не хоча праблем на сваю галаву. Дарэчы, калі ў метадыста цэнтралізаванае тэсціраванне здае хтосьці са сваякоў, то ён на год устараняецца ад работы з тэстамі.
На шчасце, за ўсе гады тэсціравання ў нас не было ніводнага выпадку ўцечкі інфармацыі. Часам нам тэлефануюць добразычліўцы і нават даюць спасылкі на тэсты, “якія будуць заўтра на ЦТ”, але ніводная падобная скарга не пацвердзілася.
І гэта яшчэ не ўсе нашы ахоўныя абалонкі. Сюды трэба дадаць і дастаўку тэставых матэрыялаў у пункты тэсціравання, якую ўжо шмат гадоў бездакорна ажыццяўляе дзяржаўная фельд’егерская служба, і строгі парадак правядзення ЦТ, і працэдуру апрацоўкі тэставых матэрыялаў, якая выключае чалавечае ўмяшанне.

— Мы бачым, што з кожным годам змяншаецца колькасць абітурыентаў, якія выбіраюць на ЦТ беларускую мову. Улічваючы, што выпускнікі 11 класа здаюць на экзаменах толькі адну з дзяржаўных моў (на выбар), можна меркаваць, што многія дзеці перастаюць вывучаць беларускую мову пасля 9 класа. Гэта вельмі трывожная тэндэнцыя. Скажыце, Мікалай Сцяпанавіч, паколькі ў нас усё ж такі дзве дзяржаўныя мовы, можа ёсць сэнс здаваць на ЦТ абедзве?
— Згодзен з вамі. Абавязковы іспыт па абедзвюх дзяржаўных мовах для ўсіх абітурыентаў — гэта адзін з самых малазатратных і адначасова высокаэфектыўных сродкаў для ўсталявання моўнага балансу ў краіне. Іншых дзейсных сродкаў для матывацыі школьнікаў да вывучэння беларускай мовы я не бачу.

Талент развіваецца падчас вучэбнай дзейнасці як у школе, так і ва ўніверсітэце, а не на ўступных іспытах. Гісторыя ўступных іспытаў не памятае такога феномену.

— Як вядома, абітурыентам часта даводзіцца рабіць складаны выбар паміж падобнымі, але разнапрофільнымі спецыяльнасцямі, бо набор сертыфікатаў на іх не супадае. Бывае і так, што ва ўніверсітэт трэба здаваць адны прадметы, а ў каледж па аналагічным профілі — іншыя (напрыклад, на “Правазнаўства” ва ўніверсітэце патрабуюць сертыфікаты па рускай (беларускай) мове, замежнай мове і грамадазнаўстве, а ў каледжы — сертыфікаты па рускай (беларускай) мове і матэматыцы). Гэта істотна звужае магчымасці абітурыентаў. Чаму б не даць дзецям права здаваць не тры, як зараз, а чатыры ці нават больш тэстаў, каб яны маглі мець больш шырокі выбар?
— Таксама згодны, бо абсалютная большасць людзей (ведаю гэта на ўласным прыкладзе) часта да апошняга не ведаюць, куды паступаць. Павялічыўшы колькасць прадметаў, якія можна здаваць на ЦТ, мы б істотна пашырылі магчымасці абітурыентаў у выбары прафесійнага шляху. Ёсць жа дзеці, якія аднолькава добра ведаюць і матэматыку, і фізіку, і хімію, — здаўшы некалькі прадметаў, яны маглі б выбраць лепшыя сертыфікаты з наяўных і адчувалі б сябе больш вольнымі пры паступленні.
Акрамя таго, нам трэба думаць над тым, каб увесці дадатковую сесію для абітурыентаў. Зараз, калі хтосьці захварэў і прапусціў больш чым адзін тэст, ён страчвае магчымасць паступаць у гэтым годзе. Дадатковая сесія дазволіла б абітурыентам вырашыць гэтую праблему.

— У 2018 годзе Беларусь далучаецца да Міжнароднай сістэмы па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў (PISA). Адказным за падрыхтоўку і правядзенне адпаведных вымярэнняў у нашай краіне прызначаны Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. Ці пачалася падрыхтоўка да гэтай работы? Як будзе праводзіцца вымярэнне адукацыйных дасягненняў беларускіх школьнікаў?
— Нядаўна мы атрымалі пацвярджэнне ад арганізатараў, што наша заяўка на далучэнне да Міжнароднай сістэмы па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў (PISA) прынятая. Наш інстытут пачаў падрыхтоўку да даследаванняў 2018 года. Гэта будзе вельмі важны зрэз, які дазволіць Беларусі вызначыць сваё месца ў сусветнай адукацыйнай прасторы.
Хачу сказаць, што некаторыя нашы заданні, якія выкарыстоўваюцца на цэнтралізаваным тэсціраванні, як і ў даследаванні PISA, арыентаваны на патрабаванні кампетэнтнаснага падыходу. Як вядома, у PISA няма асобных заданняў па матэматыцы, фізіцы і г.д. Ёсць прыродазнаўчанавуковы блок, у якім інтэграваны заданні з розных абласцей ведаў, і яны дазваляюць вызначыць ступень гатоўнасці маладых людзей да жыцця.
Нагадаю, што ініцыятарам даследавання PISA выступілі Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і бізнес-супольнасць, каб праверыць, наколькі эфектыўна сістэма адукацыі рыхтуе кадры для рэальнай вытворчасці. Падача заданняў даследавання ўскосна ўплывае на структуру і змест вучэбных планаў, праграм і падручнікаў краін — удзельніц PISA. Гэта, безумоўна, вельмі добрая ініцыятыва, якая падштурхоўвае сістэмы адукацыі розных краін актыўна развівацца. Вельмі добра, што Беларусь таксама далучаецца да гэтага прагрэсіўнага руху.

— Дзякуй, Мікалай Сцяпанавіч, за гутарку.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.