Міні-вытворчасць для інавацый

- 16:21Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Рацыянальнасць і мэтазгоднасць развіцця рэсурсных цэнтраў у сістэме прафесійнай адукацыі сёння нікому не трэба даказваць. Рэсурсны цэнтр з’яўляецца той пляцоўкай, дзе сканцэнтраваны самае сучаснае вытворчае і вучэбнае абсталяванне, найноўшыя тэхналогіі, аналагічныя тым, што прымяняюцца на вытворчасці. Гэта дае магчымасць рыхтаваць высокакваліфікаваныя кадры для інавацыйнай эканомікі. Рэсурсны цэнтр дазваляе рэалізоўваць сеткавае ўзаемадзеянне, пры якім ім могуць карыстацца навучэнцы і педагогі іншых аднапрофільных устаноў. У цэнтры можна праводзіць стажыроўку педагагічных работнікаў, павышаць кваліфікацыю і перападрыхтоўку рабочых і служачых, рэалізоўваць дадатковую адукацыю дарослых, ажыццяўляць навуковыя даследаванні, эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць, прыцягваць інвестыцыі, аказваць платныя паслугі ў сферы адукацыі.

Асаблівасці рэалізацыі гэтых дзяржаўных установак прасочым на канкрэтным прыкладзе — рэсурсным цэнтры Слуцкага дзяржаўнага каледжа, які займаецца падрыхтоўкай кадраў для перапрацоўчай прамысловасці і сферы грамадскага харчавання. У гэтым нам дапаможа дырэктар каледжа Б.Б.Блахін. Барыс Браніслававіч — заслужаны работнік адукацыі, кавалер многіх дзяржаўных узнагарод, чалавек, які шмат гадоў служыць сістэме адукацыі нашай краіны. Ён разам са сваім калектывам стварыў адну з лепшых устаноў прафесійнай адукацыі, назва якой ужо не адзін год упрыгожвае Рэспубліканскую дошку гонару.

Апошнім часам у сферы грамадскага харчавання адбываюцца відавочныя змены. Расце ўзровень сэрвісу, пашыраецца асартымент прапанаваных паслуг, укараняюцца перспектыўныя формы і метады абслугоўвання. Аб’екты грамадскага харчавання аснашчаюц­ца сучасным, высокатэхналагічным абсталяваннем.

— Усе гэтыя прыметы часу непазбежна патрабуюць перагляду патрабаванняў да падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне”, — адзначае Б.Б.Блахін. — Асноўнай мэтай рэсурснага цэнтра вытворчага навучання з’яўляюцца ўдасканаленне і развіццё ўменняў і навыкаў навучэнцаў на сучасным абсталяванні, асваенне сучасных тэхналогій вытворчасці, перадавых вытворчых прыёмаў і метадаў працы на аснове новых падыходаў, якія носяць інавацыйны характар. Для арганізацыі адукацыйнага працэсу па спецыяльнасці “Грамад­скае харчаванне” распрацаваны электронны вучэбна-метадычны комплекс па вучэбным прадмеце “Вытворчае навучанне”.

Рэсурсны цэнтр вытворчага навучання Слуцкага дзяржаўнага каледжа існуе ўжо 11 гадоў. Яго вучэбна-вытворчымі пляцоўкамі служаць 2 вучэбныя лабараторыі, кулінарная студыя “Гурман”, кандытарскі і пякарскі цэхі, вытворчыя цэхі сталовай і кафэ “Юнацтва”. На ўсіх гэтых аб’ектах створаны рэальныя вытворчыя ўмовы для адпрацоўкі і замацавання прафесійных навыкаў і назапашвання практычнага вопыту.

Прымяненне новага абсталявання з сучаснымі тэхналогіямі, якія выкарыстоўваюцца на прадпрыемствах перапрацоўчай прамысловасці, дазваляе стварыць у рэсурс­ным цэнтры міні-вытворчасць для асваення новых тэхналогій гатавання ежы, перадавых вытворчых прыёмаў.

Для павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу ў рэсурсным цэнтры ўстаноўлена па сутнасці ўнікальнае абсталяванне з праграмным забеспячэннем фірмы Rаtional, малагабарытнае механічнае абсталяванне, вадкакрысталічны тэлевізар, мультымедыйны праектар, імітацыйны вучэбны трэнажор з праграмным кіраваннем.

— За кошт сучаснага аснашчэння ў нашым цэнтры вядуцца распрацоўка, апрабацыя і ўкараненне ў адукацыйны працэс інавацыйных тэхналогій вытворчага навучання, адбываецца навукова-метадычнае, праграмнае, тэставае суправаджэнне, апрабуюцца вучэбныя трэнажоры, лабараторнае абсталяванне, сродкі навучання, — адзначае Барыс Браніслававіч.

Як расказвае дырэктар каледжа, у рэсурс­ным цэнтры вучацца не толькі выхаванцы слуцкага каледжа. У ім арганізаваны і право­дзяцца лабараторныя, лабараторна-практычныя і практычныя заняткі для навучэнцаў іншых устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне” (кваліфікацыя “кухар”). Акрамя таго, рэсурсны цэнтр дае магчымасць рэалізоўваць адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дарослых, праводзіць стажыроўку педагагічных работнікаў іншых устаноў прафесійнай адукацыі, павышаць кваліфікацыю рабочых і служачых, весці іх перападрыхтоўку, прафесійную падрыхтоўку, праводзіць вучэбныя курсы, навуковыя даследаванні, эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць, прыцягваць інвестыцыі, аказваць платныя паслугі ў сферы адукацыі. Як бачна, спектр дзейнасці рэсурснага цэнтра вельмі шматгранны.

Калі прадставіць дзейнасць цэнтра ў лічбавым эквіваленце, то гэта выглядае такім чынам. Па прафесіі кухар навучаюцца выхаванцы 12 устаноў адукацыі Мінскай вобласці. За перыяд з 2009 года вытворчае навучанне ў цэнтры прайшлі 2527 навучэнцаў узроўню ПТА і 467 навучэнцаў узроўню ССА. Калі ў першы год дзейнасці рэсурснага цэнтра навучанне прайшлі 78 чалавек на ўзроўні ПТА, то ў наступныя гады гэтыя лічбы істотна ўзраслі і дасягнулі 350 навучэнцаў.

Па праграме дадатковай адукацыі дарослых за ўвесь час існавання цэнтра навучанне прайшлі 687 чалавек. У рэсурсным цэнтры павышаюць узровень кваліфікацыі, прахо­дзяць навучанне, стажыроўку кухары, якія працуюць у санаторыях “Белаграздраўніца”, рэстаранах і гасцініцах Беларусі, работнікі профільных арганізацый сферы паслуг Мінскага рэгіёна.

— Базу цэнтра мы выкарыстоўваем для правядзення разнастайных вучэбных мерапрыемстваў, — паведамляе дырэктар каледжа. — У ім праводзяцца майстар-класы, трэнінгі, семінары для спецыялістаў сферы грамадскага харчавання, педагогаў і навучэнцаў каледжа і іншых устаноў. Частка майстар-класаў праводзілася вядучымі спецыялістамі арганізацый грамадскага харчавання і шэф-поварамі з Расіі, Украіны, Германіі і Беларусі. Так, напрыклад, быў праведзены майстар-клас спецыялістамі кампаніі “Аман трэйдзінг” па тэме “Сучасныя тэндэнцыі ў хлебапячэнні”, “Актуальныя пытанні захавання свежасці”, “Тэхналогіі адкладзенай выпечкі, шокавай замарозкі і паўвыпечкі”. Усяго праведзена амаль 50 майстар-класаў з удзелам 542 спецыялістаў сферы грамадскага харчавання.

У рамках міжнароднага су­працоўніцтва на базе рэсурснага цэнтра праходзяць навучанне педагогі і навучэнцы з Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Казахстан. За перыяд яго існавання прайшлі навучанне і стажыроўку больш за 40 чалавек. Рэсурсны цэнтр выкарыстоўваецца для выканання і адпрацоўкі лабараторна-практычных заняткаў навучэнцаў па кваліфікацыі “кухар 5-га разраду” ўзроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі па вучэбных дысцыплінах “Тэхналогія гатавання ежы”, “Тэхналогія гатавання страў дзіцячага і лячэбна-прафілактычнага харчавання”, а таксама для правядзення вучэбнай практыкі па кулінарнай апрацоўцы харчовай сыравіны. Там жа арганізуюцца і праводзяцца выпускныя кваліфікацыйныя экзамены (узровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі) і дзяржаўны экзамен па спецыяльнасці (узровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі).

З мэтай узняцця іміджу прафесій ва ўстанове адукацыі працуе школа кулінарнага майстэрства. Сумесна з тэлевізійным каналам “Слуцк ТБ” створаны цыкл тэлевізійных перадач з аднайменнай назвай. Кожны тыдзень на гэтым тэлеканале дэманструецца кулінарнае шоу з удзелам педагогаў і навучэнцаў, якія паказваюць сваё прафесійнае майстэрства, дзеляцца сакрэтамі гатавання страў беларускай нацыянальнай кухні, кухняў народаў свету і тым самым рэкламуюць прафесіі, па якіх праходзіць навучанне ў каледжы.

Рэсурсны цэнтр таксама з’яўляецца базай для правядзення конкурсаў прафесійнага майстэрства. Да яго прыцягнута ўвага ў час правядзення абласных конкурсаў прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне” (кваліфікацыя “кухар”). У цэнтры гаспада­рыць і WorldSkills. Тут праходзілі абласныя этапы Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2016, 2018 і 2020 гадоў па кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва”. Акрамя таго, сталі традыцыйнымі міжнародныя конкурсы прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі (практычная частка) кампетэнцыі “Майстар малочнай вытворчасці”, якія праводзяцца сумесна з навучальнымі ўстановамі Расійскай Федэрацыі.

— Важна адзначыць, што каледж актыўна супрацоўнічае з установамі агульнай сярэдняй адукацыі па прафарыентацыі школьнікаў, — расказвае Б.Б.Блахін. — На базе рэсурснага цэнтра арганізаваны міжшкольны факультатыў па дапрафесійным навучанні па прафесіі кухар для вучняў школ Слуцка. У рамках прафарыентацыйнай работы на базе каледжа і непасрэдна рэсурснага цэнтра арганізуюцца і праводзяцца дні адкрытых дзвярэй, дзе навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Слуцка і Слуцкага раёна знаёмяцца з дзейнасцю ўстановы, з прафесіямі, па якіх вучаць у каледжы. Ужо некалькі гадоў тут рэалізуецца праграма дапрафесійнай падрыхтоўкі вучняў 8—9-х класаў і прафесійнай падрыхтоўкі вучняў 10—11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Слуцка.

— Мэтанакіраванае і эфектыўнае выкарыстанне базы рэсурснага цэнтра ў адукацыйным працэсе садзейнічае павышэнню ўзроўню педагагічнага майстэрства педагогаў каледжа і педагогаў іншых навучальных устаноў, паляпшэнню якасці прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў, падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі дарослага насельніцтва, пашырэнню міжнароднага супрацоўніцтва, — паведамляе Барыс Браніслававіч Блахін. — Таму мы ўдзяляем значную ўвагу перспектывам развіцця нашага цэнтра.

У найбліжэйшай будучыні плануецца павялічыць на 20—25% аб’ёмы рэалізацыі дадатковай адукацыі дарослых, у тым ліку за кошт правядзення вучэбных курсаў (лекторыяў, тэматычных семінараў, практыкумаў, трэнінгаў і іншых мерапрыемстваў) сумесна з прадстаўнікамі арганізацый — заказчыкаў кадраў. Дадатковая адукацыя дарослых будзе арганізавана па спецыяльнасцях “Грамадскае харчаванне” і “Тэхналогія хлебапякарнай вытворчасці”.

Мяркуецца павялічыць колькасць навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі не менш за 15—20% у дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўцы, што дазволіць выпускнікам школ усвядомлена зрабіць прафесійны выбар, сфарміраваць дапрафесійныя працоўныя ўменні і навыкі і працягнуць навучанне ва ўстанове прафесійнай адукацыі. Дырэктар каледжа Б.Б.Блахін заклапочаны абнаўленнем матэрыяльна-тэхнічнай базы рэсурснага цэнтра — вытворчага абсталявання, сродкаў навучання і праграмнага забеспячэння. Ва ўстанове адукацыі праведзены рамонт памяшкання пад новы рэсурсны цэнтр, падведзены ўсе камунікацыі (вада, каналізацыя, электра­абсталяванне), створаны 15 рабочых месцаў навучэнцаў і 1 працоўнае месца педагога, падключаны агульная вентыляцыя і энерга­зберагальнае асвятленне.

— Абноўлены рэсурсны цэнтр вытворчага навучання па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне” — гэта элемент інфраструктуры міжрэгіянальнай сеткі ўстаноў прафесійнай адукацыі, арыентаванай на фарміраванне ў навучэнцаў матывацыі да засваення новых ведаў, набыцця шматфункцыянальных уменняў, прафесійнай мабільнасці і канкурэнта­здольнасці ў адпаведнасці з сучаснымі запытамі і патрэбамі рынку працы, — адзначае Барыс Браніслававіч. — Мы імкнёмся да таго, каб рэсурсны цэнтр стаў аб’яднальным і каардынуючым органам у сістэме інтэграванай, шматузроўневай прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі рабочых кадраў і спецыялістаў сярэдняга звяна.

Развіццё рэсурснага цэнтра паўплывае на ўключэнне сучаснага чалавека любога ўзрост­у ў бесперапынны цыкл прафесійнага навучання.

Перавагай навучання ў рэсурсным цэнтры з’яўляюцца вялікі выбар паскораных праграм прафесійнага навучання, магчымасць распрацоўкі розных варыянтаў адукацыйных праграм з улікам спецыфікі дзейнасці арганізацый — заказчыкаў кадраў, магчымасць навучання без адрыву ад асноўнай дзейнасці або па індывідуальных вучэбных планах.

Ала КЛЮЙКО.