Кошт барэля нафты да 2040 года можа перасягнуць $250, паведамляюць інфармагенцтвы са спасылкай на даклад інфармацыйнага ўпраўлення пры Міністэрстве энергетыкі ЗША.
Ведамства падрыхтавала тры сцэнарыі развіцця падзей: станоўчы, рэалістычны і негатыўны. Пры падрыхтоўцы ўлічваліся магчымыя рашэнні Арганізацыі краін — экспарцёраў нафты, іншых нафтаздабыўных краін і дынаміка попыту на паліва.
Пры пазітыўным сцэнарыі цэны на нафту да 2040 года могуць вырасці да $252, пры негатыўным — барэль будзе каштаваць $76, пры рэалістычным — $141.
Пры гэтым у Мінэнерга ЗША чакаюць, што сусветнае энергаспажыванне павялічыцца праз 25 гадоў амаль на 48% (у асноўным за кошт эканомік Азіі, уключаючы Кітай і Індыю, якія таксама будуць асноўнымі спажыўцамі нафты).
Раней Міністэрства энергетыкі ЗША рэзка павысіла прагноз цэн на нафту на бягучы і наступны год. У 2016 годзе марка Brent будзе ў сярэднім каштаваць $41 за барэль, а ў 2017 годзе — $51. Рост у параўнанні з папярэдняй версіяй прагнозу склаў $5 і $10 адпаведна.