Гатоўнасць устаноў адукацыі краіны да новага навучальнага года, вынікі сёлетняй уступнай кампаніі, пытанні фінансава-гаспадарчай дзейнасці галіны былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Багаты на навацыі
— Сістэма адукацыі з’яўляецца і будзе заставацца фундаментам любой краіны, яе эканомікі і развіцця грамадства. Менавіта таму самая павышаная ўвага ёй удзяляецца кіраўніком дзяржавы, урадам і ўсім грамадствам — сёння складана знайсці чалавека, які не меў бы адносін да сістэмы адукацыі, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец. — У нас выбудавана арганізацыйная вертыкаль, распрацаваны навукова-метадычнае забеспячэнне, падыходы да ўсіх узроўняў адукацыі, выхаваўчай работы. Аднак патрабаванні сённяшняга дня значна ўскладняюцца. А таму мы павінны развівацца, на крок апераджаючы запыты рэальнага сектара эканомікі нашай краіны і ў цэлым грамадства.
У 2022—2023 гадах, у адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы, урада, паслядоўна вырашаліся пытанні развіцця галіны. За гэты час рэалізаваны меры, накіраваныя на ўкараненне інавацыйных форм работы, павышэнне якасці і даступнасці адукацыі, абнаўлення зместу адукацыйных праграм, навукова-метадычнага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і інш.
Як адзначалася, бягучы год быў багаты на дастаткова сур’ёзныя навацыі, якія тычыліся як арганізацыі адукацыйнага працэсу ў цэлым, так і падыходаў да выпускной кампаніі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і ўступнай кампаніі ва ўстановы вышэйшай адукацыі.
Міністр адукацыі засяродзіў увагу прысутных на пытаннях, якія былі разгледжаны на нарадзе з удзелам прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі і якія патрабуюць неадкладнага вырашэння. Па-першае, гэта гатоўнасць устаноў адукацыі да пачатку новага навучальнага года. Нягледзячы на тое, што сертыфікаты гатоўнасці падпісаны ў 98% устаноў адукацыі, маніторынгавымі групамі выяўляюцца выпадкі, калі не ў поўнай меры выконваюцца патрабаванні, якія прад’яўляюцца да ўстаноў. Па-другое, гэта бяспека дзяцей. Арганізацыя бяспекі, выкананне правіл дарожнага руху, прадпісанняў ДАІ, правіл проціпажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму — першачарговая задача. Па-трэцяе, арганізацыя падвозу школьнікаў. У новым навучальным годзе 59 тысяч навучэнцаў будуць падвозіцца да школ. Для гэтага будуць задзейнічаны больш за 1600 школьных аўтобусаў. Да 1 верасня ва ўстановы адукацыі будзе пастаўлены 151 новы аўтобус. Усе пытанні, якія тычацца падвозу навучэнцаў: па забеспячэнні ўстаноў адукацыі тэхнікай, агляду вадзіцеляў перад выхадам на рэйс, праходжанні тэхнічных аглядаў — павінны быць вырашаны.
Яшчэ адзін важны аспект — школьнае харчаванне.
— У мінулым паўгоддзі праведзены маштабны пілотны праект, у якім прынялі ўдзел 23 школы. У межах яго рэалізацыі ўдалося знізіць колькасць адходаў на 25%. Гэта сведчыць аб выніковасці праекта. Распрацаваны і зацверджаны тэхналагічныя карты новых страў, якія могуць быць выкарыстаны ўсімі школамі краіны. Каб мець адпаведныя кампетэнцыі для работы, за летні перыяд павышэнне кваліфікацыі на базе каледжаў прайшлі больш за 1500 школьных кухараў, — зазначыў Андрэй Іванец.
Вялікі крок наперад зроблены і ў пытаннях матэрыяльна-тэхнічнага аснашчэння. Закуплена больш за 630 адзінак тэхналагічнага абсталявання. Праведзены капітальныя рамонты ў 134 харчаблоках ва ўсіх абласцях. І ўжо з 1 верасня больш за 60% школ пяройдуць на рэалізацыю падыходаў школьнага харчавання, якія былі апрабаваны ў межах пілотнага праекта.
Убачыць кожнага абітурыента
— Сёлетняя прыёмная кампанія праведзена на аснове пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач па стварэнні справядлівых, роўных і празрыстых умоў для паступлення абітурыентаў, — паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч. — Праведзена планамерная работа, якая дазволіла ўбачыць матываваных, таленавітых абітурыентаў, стварыць для іх умовы для залічэння на выбраныя і запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці.
На сённяшні момант у 42 дзяржаўныя ўстановы адукацыі залічана 27,1 тысячы чалавек. У сярэднім па рэспубліцы конкурс склаў 1,4 чалавека на месца. У параўнанні з мінулым годам выраслі прахадныя балы і конкурсы па большасці спецыяльнасцей. Павысілася колькасць абітурыентаў, якія маюць больш за 300 балаў. Адзначаецца значнае павышэнне цікавасці абітурыентаў да педагагічных спецыяльнасцей.
Асаблівасцю ўступнай кампаніі з’яўляецца этапнасць яе арганізацыі. Асобным этапам ажыццяўляўся прыём без уступных выпрабаванняў пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд, якія былі праведзены ў 18 рэгіянальных універсітэтах. У выніку 369 абітурыентаў паступілі па такой траекторыі. Разам з тым ёсць і праблемныя пытанні: невысокі працэнт паступіўшых з ліку пераможцаў, розны ўзровень складанасці заданняў алімпіяды ў розных універсітэтах.
Па словах А.Бахановіча, важным новаўвядзеннем з’яўляецца новы фармат набору на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, які ўключае правядзенне гэтага этапу ў асобныя тэрміны, а таксама правядзенне ўнутранага экзамену ва ўніверсітэты. У выніку было залічана каля 3,5 тысячы чалавек.
Сярод праблемных пытанняў мэтавага набору — неабходнасць узмацнення адказнасці заказчыкаў па падборы мэтавікаў і прафарыентацыйнай работы з боку ўсіх зацікаўленых, а таксама неабходнасць карэкціроўкі тэрмінаў мэтавага набору.
Няпоўнае выкананне плана прыёму гаворыць пра недастатковую прапрацаванасць планавання і неабходнасць узмацнення прафарыентацыйнай работы. Па меркаванні рэктара БДТУ Ігара Войтава, узмацніць прафарыентацыйную работу дазволіць комплекс мер, сярод якіх — арганізацыя работы ў класах інжынернай накіраванасці, правядзенне прадметных алімпіяд па профільных прадметах (хіміі і матэматыцы) у школах з удзелам выкладчыкаў універсітэта, павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў хіміі і матэматыкі ў БДТУ, выкарыстанне магчымасцей лабараторый універсітэта для школ, аснашчэнне класаў хімічным абсталяваннем і рэактывамі і інш.
Дарэчы, як расказаў намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды, за апошнія 5 гадоў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ва ўстановы адукацыі пастаўлены 837 кабінетаў хіміі, каля 700 — біялогіі, 830 — фізікі і 520 кабінетаў працоўнага навучання.
— Навацыі ўступнай кампаніі дазволілі павысіць матывацыю паступлення абітурыентаў у канкрэтны ўніверсітэт і на канкрэтную спецыяльнасць, а таксама выключыць бегатню не толькі паміж універсітэтамі, але і паміж факультэтамі аднаго ўніверсітэта. Фактычна кожны трэці студэнт не здаваў цэнтралізаванае тэсціраванне і паступіў ва ўніверсітэт па ўнутраным выпрабаванні. Даручэнне кіраўніка дзяржавы — убачыць абітурыента — выконваецца. І прынятыя нормы і правілы ўступнай кампаніі дазваляюць нам яшчэ больш пашырыць пералік такіх студэнтаў, — лічыць Андрэй Іванец.
Патрыёта выхавае патрыёт
Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай спыніўся на напрамках, якія будуць прыярытэтнымі ў новым навучальным годзе.
— Адказнасць за захаванне нашых традыцыйных каштоўнасцей ляжыць на плячах педагогаў: выхаваць патрыёта можа патрыёт, — падкрэсліў намеснік міністра. — У цэлым у краіне сістэма работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні ва ўстановах адукацыі лагічна ўбудавана ў сістэму бесперапыннай адукацыі навучэнскай моладзі. Летась патрыятычнае выхаванне набыло новы фармат з улікам мерапрыемстваў Года гістарычнай памяці і Года міру і стварэння. Праводзіліся як традыцыйныя, так і новыя мерапрыемствы, прысвечаныя памятным падзеям, знамянальным датам у гісторыі Беларусі.
У цяперашні час ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі паспяхова рэалізоўваецца праект па наведванні дзяржаўных музеяў навучэнцамі ў межах адзінага бясплатнага дня наведвання. Атрымала развіццё і сістэма ваенна-патрыятычных клубаў, прадугледжана магчымасць ільготнага паступлення іх выхаванцаў ва ўстановы прафесійнай адукацыі. У рабоце з бацькамі станоўча зарэкамендаваў сябе праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”. Сярод недахопаў — недастатковасць ідэалагічнага патэнцыялу выхаваўчага асяроддзя ўстановы адукацыі, фармалізм пры правядзенні мерапрыемстваў.
Пастаўлена задача — ва УВА да 1 верасня актуалізаваць склад саветаў па засяленні студэнтаў у інтэрнаты, прафілактыцы правапарушэнняў. На факультэтах універсітэтаў завяршыць падбор кандыдатаў на пасады намеснікаў дэканаў па выхаваўчай рабоце, увесці дадатковыя штатныя адзінкі метадыстаў па рабоце з моладдзю.
Аляксандр Кадлубай акцэнтаваў увагу і на выхаваўчай рабоце ва ўстановах прафесійнай адукацыі:
— Павялічваецца колькасць навучэнцаў з няпоўных і мнагадзетных сем’яў, узрастае колькасць дзяцей-сірот, асоб, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. У сувязі з гэтым распрацавана праграма выхавання “Актуальныя напрамкі выхавання асобы ў сістэме прафесійнай адукацыі на аснове кампетэнтнаснага падыходу”. Дзякуючы ёй, ажыццёўлены пераход ад інфармацыйнага выхавання навучэнскай моладзі да інтэрактыўнага з выкарыстаннем даследчай, праектнай дзейнасці, арыентаванай на развіццё і самаразвіццё.
Адзін з прыярытэтаў сістэмы — забеспячэнне якасці на ўсіх яе ўзроўнях. У 2023 годзе запланавана выданне 22 вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў дашкольнай адукацыі, з якіх ужо выдадзена 15, і 29 вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі (з іх 24 паступяць у школы да 1 верасня). Да новага навучальнага года па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры падрыхтаваны вучэбныя дапаможнікі “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” з улікам узроставых асаблівасцей навучэнцаў. Міністэрствам адукацыі ўпершыню распрацавана інструктыўна-метадычнае пісьмо па вывучэнні ў школах матэрыялаў аб генацыдзе беларускага народа. З новага навучальнага года на базе 14 школ пачынаецца апрабацыя падручніка “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” для 10 класа.
— Самазаспакаенне і адносіны да праблем як да чагосьці непазбежнага і спадарожнага ў арганізацыі адукацыйнага працэсу прыводзіць да фармалізму, які не дапушчальны ні ў якой рабоце, а тым больш у рабоце з дзецьмі. Таму важна ў гэтыя апошнія жнівеньскія дні сканцэнтравацца на вырашэнні адзначаных пытанняў і дастойна пачаць новы навучальны год, — падкрэсліў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка.
З новага навучальнага года на базе 14 школ пачынаецца апрабацыя падручніка “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” для 10 класа.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара