Міністр адукацыі: падыходы, апрабаваныя ў час уступнай кампаніі — 2023, поўнасцю сябе апраўдалі

- 10:19Актуально, Образование

Падыходы, выпрацаваныя ў мінулым годзе і апрабаваныя ў час уступнай кампаніі — 2023, поўнасцю сябе апраўдалі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Нагадаем, кіраўніком дзяржавы дадзена заданне паставіць кропку ў пытанні выпускной кампаніі за курс сярэдняй школы і ўступнай кампаніі ва УВА.

— Сёння мы ўжо можам падвесці канчатковыя вынікі. Калі коратка, тыя асноўныя задачы, якія ставіў Прэзідэнт перад сістэмай адукацыі, — прыцягнуць адораных, не страціць матываваных і максімальна ўба­чыць кожнага абітурыента, выкананы. Сёлета звыш 4 тысяч першакурснікаў — пераможцы міжнародных алімпіяд, конкурсаў, выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка і адораная моладзь — паступілі ў нашы ўніверсітэты без здачы экзаменаў, — расказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Міністр адукацыі ў БДЭУ прыняў удзел у напісанні рэспубліканскага дыктанта, прымеркаванага да Дня народнага адзінства

Ён акцэнтаваў увагу на тым, што больш за 13 тысяч першакурснікаў — матываваныя:

— Гэта тыя, хто паступіў на мэтавую форму падрыхтоўкі, хто скончыў сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі і паступіў ва ўніверсітэт па сваім профілі без здачы ЦТ па ўнутраным выпрабаванні. Што тычыцца задачы “ўбачыць абітурыента”, то сёлета кожны трэці першакурснік стаў студэнтам без здачы ЦТ. Фактычна гэта тыя абітурыенты, якія прайшлі ўнутраныя экзамены ў розных формах: і творчыя іспыты, і вусныя, і пісьмовыя, і комплексныя.

Кіраўнік Міністэрства адукацыі праінфармаваў, што падыходы, выпрацаваныя ў мінулым годзе і апрабаваныя ў час уступнай кампаніі — 2023, поўнасцю сябе апраўдалі. Пра гэта сведчаць і сухія лічбы статыстыкі.

— Наша прапанова — далей развіваць гэтыя траекторыі, ствараць неабходныя магчымасці для таго, каб таленавітая моладзь ішла не толькі ва ўніверсітэты, але і ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, ліцэі, каледжы. Другое — мы павінны пашыраць набор матываваных абітурыентаў: выпускнікоў педагагічных, аграрных і іншых профільных класаў, а таксама выпускнікоў ліцэяў пры ўніверсітэтах, — дадаў Андрэй Іванец.

Па яго словах, сёння педагагічная грамадскасць (настаўнікі, прафесарска-выкладчыцкі склад) адзначае, што змяненні, унесеныя адукацыйным ведамствам у структуру як ЦТ, так і ЦЭ, поўнасцю сябе апраўдалі.

— Цэнтралізаваны экзамен і цэнтралізаванае тэсціраванне маюць шэраг плюсоў. Аднак, безумоўна, ёсць і свае недахопы, як у любой іншай форме — вуснай, пісьмовай або кантрольнай рабоце. Гэта такая ж форма прыёму і ацэнкі ведаў нашых школьнікаў. Сёлета мы максімальна мінімізавалі коль­касць заданняў, дзе на выбар можна паста­віць птушачку, і павялічылі колькасць заданняў, у якіх патрабуецца канкрэтнае рашэнне задачы. Прычым гэтыя змяненні добра сябе зарэкамендавалі, — падкрэсліў Андрэй Іванавіч.

Педагогі краіны сыходзяцца ў меркаванні, што сёлета ЦЭ і ЦТ былі максімальна набліжаны да звычайнай кантрольнай работы, якую прывыклі выконваць вучні ў школе.

— Нам трэба і далей выкарыстоўваць гэты станоўчы вопыт. На сённяшні дзень уся педагагічная грамадскасць выступае за цэнтралізаваны экзамен у той форме, у якой ён праводзіўся ў гэтым годзе, — сказаў міністр.

Увогуле наша сістэма адукацыі гатова да ўвядзення навацый, праўда, рабіць гэта трэба паступальна.

— Сёння сістэма адукацыі настроена на стабільную работу, каб не было ніякіх нечаканасцей і ўзрушэнняў, таму пра любыя змяненні, якія мы будзем прапаноўваць, грамадства павінна даведвацца загадзя. Гэта наш прынцыповы падыход, улічваючы тое, што сёння вучні 9-х класаў ужо робяць свой першы выбар траекторыі адукацыі — паступіць у каледж альбо прадоўжыць навучанне ў школе і затым ісці ва ўніверсітэт. А таму з прапановамі, якія мы сёння разглядаем, як мінімум дзевяцікласнікі павінны быць азнаёмлены загадзя, — рэзюмаваў Андрэй Іванец.

Па матэрыялах БелТА падрыхтавала
Вольга АНТОНЕНКАВА