Міністр унутраных спраў пайшоў у адстаўку

- 10:42Інфармацыйная гадзіна

Кіраўнік МУС Францыі Бруно Ле Ру пайшоў у адстаўку пасля скандалу, які ўзняўся вакол яго, паведамляюць інфармагенцтвы.

Французскія СМІ распаўсюдзілі інфармацыю аб прыёме на работу ў парламенцкі сакратарыят кіруючай Сацыялістычнай партыі дачок цяпер ужо былога міністра. Журналісты звярнулі ўвагу на той факт, што Бруно Ле Ру, з’яўляючыся дэпутатам Нацыянальнага сходу, прыняў сваіх дачок на работу, калі ім было 15 і 16 гадоў. За часовыя кантракты на працягу некалькіх месяцаў ім было выплачана 55 тысяч еўра.

“Прыняў рашэнне падаць у адстаўку. Не магу дапусціць, каб якія-небудзь падазрэнні кідалі цень на дзейнасць урада. Адзначу, што ўсе кантракты былі легальнымі. Мае дочкі выконвалі рэальную работу”, — адзначыў Бруно Ле Ру.

Новым кіраўніком МУС Францыі назначаны Маціяс Фекль, які раней займаў пасаду дзяржаўнага сакратара па пытаннях знешняга гандлю, развіцця турызму і па справах французскіх грамадзян за мяжой.