Мінпрацы будзе паляпшаць сістэму матэрыяльнага стымулявання работнікаў у Беларусі

- 10:53Інфармацыйная гадзіна

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны будзе паляпшаць сістэму матэрыяльнага стымулявання работнікаў у Беларусі. Такую задачу паставіў сёння перад ведамствам намеснік прэм’ер-міністра Васіль Жарко, прадстаўляючы калектыву новага кіраўніка Ірыну Касцевіч.

Спектр ускладзеных на Мінпрацы і сацабароны задач шырокі. “Неабходны ініцыятывы па ўдасканаленні функцыянавання рынку працы, сістэмы матэрыяльнага стымулявання работнікаў, разняволення дзелавой актыўнасці”, — адзначыў Васіль Жарко. Калектыву міністэрства разам з новым кіраўніком трэба будзе прадоўжыць работу ў пенсіённай сферы, а таксама ў частцы ўкаранення найбольш рацыянальных форм сацыяльнага абслугоўвання грамадзян.

У сістэме Мінпрацы знахо­дзіцца 80 дамоў-інтэрнатаў, 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання і іншыя арганізацыі, занята больш як 37,5 тысячы чалавек. “Гэтай сістэмай неабходна кіра­ваць эфектыўна, удасканаль­ваць і аптымізаваць яе далейшае функ­цыянаванне”, — падкрэсліў віцэ-прэм’ер. Адсюль, паводле яго слоў, вынікае яшчэ адна задача новага міністра — пагля­дзець свежым поглядам і ў даволі сціслыя тэрміны на функцыянаванне ўсёй сацыяльна-працоўнай сферы, работу цэнтральнага апарату міністэрства, мясцовых органаў кіравання па працы і сацыяльнай абароне. Кіраўніку ведамства трэба ўнесці аргументаваныя прапановы як па структуры, так і па кадрах. “Усё павінна быць максімальна ўзважана і прадумана”, — сказаў Васіль Жарко.

Акрамя таго, Мінпрацы пад кіраўніцтвам Ірыны Касцевіч трэба будзе ўмацоўваць пазітыўныя тэндэнцыі ў дэмаграфічнай сі­туацыі, якія былі дасягнуты ў мінулыя гады.

Новага міністра працы і сацабароны Васіль Жарко ахарактарызаваў як дасведчанага, вопытнага, з сучаснымі поглядамі кіраўніка, які валодае неабходнымі ведамі, дзелавымі і арганізатарскімі здольнасцямі. Міністэрства працы і сац­абароны — адно з ключавых у структуры ўрада, нагадаў намеснік прэм’ер-міністра. Кожны з курыруемых ім напрамкаў патрабуе не толькі глыбокіх прафесійных ведаў, але і самага цеснага ўзаемадзеяння з дзяржорганамі на рэспубліканскім і мясцовым узроўнях. Ірына Касцевіч у найбліжэйшы час мае намер сустрэцца з усімі начальнікамі структурных падраздзяленняў і выслу­хаць іх прапановы па паляпшэнні работы ў сферах, за якія яны адказваюць.