Мінск — Масква: на сувязі — ветэраны

- 12:06Актуально, Апошнія запісы

Цяжка пераацаніць узаемныя сустрэчы для ветэранаў. Нават самым маладым з іх прыехаць асабіста ўжо складана, таму на дапамогу прыйшлі студэнты. Віртуальны мост, які праклалі яны днямі з Мінска да Масквы, дазволіў сустрэцца моладзі і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія жывуць у Саюзнай дзяржаве, і пагутарыць у рэальным часе.

Сустрэча ветэранаў і студэнтаў, лідараў пярвічных арганізацый БРСМ і РСМ, стала сімвалічнай для гэтага года — Года моладзі і 70-годдзя Вялікай Перамогі — у Беларусі і Года ветэранаў у СНД.
“Такая каманда — гэта мудрае рашэнне, бо сплаў юнацкага запалу, разумнай фантазіі, жадання дзейнічаць і жыццёвы вопыт, мудрасць ветэранаў — тое, што трэба для поспеху, — адзначыў старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў А.М.Новікаў. Ён выказаў падзяку моладзі за ўвагу да ветэранаў, што, па яго словах, куды важней, чым нават матэрыяльная дапамога і падарункі.
Як адзначыў Андрэй Белякоў, першы сакратар БРСМ, гэты Skype-мост, здавалася б, дробязь, аднак дазволіў зблізіць ветэранаў на тысячы кіламетраў. І моладзь будзе імкнуцца рабіць гэта і далей.
“У рамках падрыхтоўкі святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі Расійскі саюз моладзі вядзе вялікую работу па патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі. Гэта, канечне ж, адлюстроўваецца ў планах арганізацыі на бліжэйшыя гады. Вы закранаеце вельмі актуальную тэму — сувязь пакаленняў і традыцый, бо няма будучыні ў краіны, у якой не памятаюць сваіх герояў, не ведаюць мінулага і не ўяўляюць будучыні”, — адзначыў старшыня РСМ Павел Краснаруцкі, звяртаючыся да калег з Беларусі.
Падчас сустрэчы была падтрымана ініцыятыва расіян наладжваць такія відэамасты не толькі з Масквой, але і з усімі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі.
“Акрамя нізкага паклону ветэранам, мы хочам сказаць, што юбілей Перамогі павінен яшчэ больш з’яднаць нашы народы, бо дружба Беларусі і Расіі заўсёды была моцнай, усе мы ўсведамляем сябе “крыху беларусамі” і “крыху расіянамі”, — падкрэсліла старшыня Уральскага аб’яднання РСМ Алена Зверава.
Завяршылася сустрэча пакаленняў патрыятычнай акцыяй “Голуб міру”: ветэраны і моладзь выпусцілі ў неба галубоў як сімвал міралюбнасці.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.