У нядзелю 19 красавіка прагучалі галоўныя фанфары IV Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды для дзяўчат: EGMO-2015. У гэты дзень у актавай зале АПА падвялі вынікі алімпіяды і ўручылі медалі. Усяго ў алімпіядзе прымалі ўдзел 109 дзяўчат з 30 краін. У выніку было ўручана 12 залатых, 18 сярэбраных, 30 бронзавых медалёў.
Пачнём з выступлення беларускіх каманд. Паколькі наша краіна ў гэтым годзе была арганізатарам еўрапейскай алімпіяды для дзяўчат, то мы мелі права выставіць дзве каманды. У выніку нашу краіну прадстаўлялі 8 дзяўчат, якія былі адзначаны трыма бронзавымі медалямі і трыма пахвальнымі водзывамі.
Медальную скарборку нашай краіны папоўнілі Дзіяна Фаміна з Ліцэя БДУ, Кацярына Кунц з сярэдняй школы № 2 Ашмян і Лізавета Манжуліна з гімназіі № 41 Мінска. Віншуем!
Самы лепшы вынік на алімпіядзе прадэманстравала прадстаўніца ЗША Даніэль Ванг, якая набрала 42 балы! А залаты медаль можна было атрымаць, калі набярэш 26. Даніэль за кожную з шасці задач атрымала максімальныя сем балаў. Такога ў гісторыі гэтай алімпіяды яшчэ не было. І вельмі прыемна, што такі рэкорд здарыўся ў нашай краіне. Як адзначалі лідары (кіраўнікі) каманд, задачы былі адабраны прафесійна. Яны былі па-матэматычнаму прыгожыя.
Пра гэта ў сваім выступленні гаварыла старшыня кансультатыўнага савета EGMO Бірхіт ван Дален: “У гэтым годзе ў нас сапраўды былі вельмі прыгожыя задачы, складаныя, але прыгожыя. Я і сама, калі праглядвала гэтыя задачы, адчула пэўныя цяжкасці. Але адчуванне задаволенасці ад пошуку правільнага рашэння куды мацнейшае, чым некаторыя цяжкасці”.
Яшчэ аднымі фаварытамі алімпіяды сёлета сталі прадстаўніцы Украіны. Трое з дзяўчат сталі ўладальніцамі залатых медалёў, адна заваявала “серабро”. Такі выдатны вынік дазволіў камандзе падняцца на першую прыступку ў агульнакамандным заліку і атрымаць пераходны прыз — талерку, на якой выгравіравана назва краіны-пераможцы.
Алімпіяда — гэта спаборніцтвы, напружаныя і сур’ёзныя. Але, як адзначалі дзяўчаты, час, праведзены на гасціннай беларускай зямлі, запомніўся ім не толькі высакародным і дружалюбным саперніцтвам, але і стаў важнай падзеяй для кожнага з іх, дапамог знайсці новых сяброў, а знаходжанне ў нашай краіне стала для іх цікавым і змястоўным.
Адораныя школьніцы прыехалі ў Мінск напярэдадні алімпіяды і паспелі ўбачыць славутасці нашай сталіцы. Спецыяльна для гасцей арганізатары падрыхтавалі экскурсійныя туры па знакавых мясцінах: аглядную экскурсію па Мінску, паездку ў Нацыянальны мастацкі музей, Мірскі замак, заапарк.
Наступная, V Еўрапейская матэматычная алімпіяда для дзяўчат пройдзе ў Румыніі.
Арганізарамі алімпіяды, у ролі якіх выступілі Міністэрства адукацыі, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, а таксама спонсары (грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя “Конкурс”, Белаграпрамбанк, выдавецтва “АВЕРСЭВ”) было зроблена ўсё магчымае, каб яна прайшла на самым высокім узроўні.
Асобна хочацца выказаць словы падзякі студэнтам перакладчыцкага факультэта, факультэта англійскай мовы і факультэта міжкультурных камунікацый Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, дзякуючы якім замежныя госці больш даведаліся пра нашу краіну.