Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт сёлетніх абітурыентаў запрашае на 4 спецыяльнасці

- 15:50Абитуриент, Образование, Приложение

Уступная кампанія 2023 года — адна з самых рэзанансных. Яе ўдзельнікі на ўласным вопыце пратэсціруюць змененыя правілы прыёму ва УВА.

Сёлетнюю ўступную кампанію будзе адрозніваць перш за ўсё асобасна арыентаваны характар і ўлік індывідуальных асаб­лівасцей кожнага абітурыента. Гэта, безумоўна, будзе садзейнічаць усвядомленаму і матываванаму выбару ўстановы адукацыі. Нядзіўна, што і лейтматыў уступнай кампаніі 2023 года — “уба­чыць, разгледзець і не страціць таленавітых, здольных і зацікаўленых абітурыентаў”.

Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт сёлетніх абітурыентаў запрашае на 4 спецыяльнасці: “Сучасныя замежныя мовы”, “Перакладчыцкая справа”, “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурнай камунікацыі” і “Лінгвістычная адукацыя”. Будучых студэнтаў чака­юць 6 факультэтаў: факультэт нямецкай мовы, факультэт раманскіх моў, факультэт міжкультурных камунікацый, перакладчыцкі факультэт, факультэт кітайскай мовы і культуры, факультэт англійскай мовы.

Кожны факультэт унікальны і індывідуальны, цікавы і непаўторны, прадстаўляе шырокі спектр кірункаў для прафесійнага, кар’ернага і індывідуальнага росту. Выбар напрамку вызначаецца замежнай мовай, якая вывучалася ў школе, жаданай кваліфікацыяй і тэрмінам навучання. З веданнем англійскай свае сілы можна паспрабаваць на любым з прапанаваных факультэтаў. Нямецкая мова запатрабавана на факультэце нямецкай мовы і факультэце міжкультурных камунікацый. Французская і іспанская мовы будуць неабходны для навучання на факультэце раманскіх моў. Кітайская мова стане ключавой пры навучанні на аднайменным факультэце.

Кваліфікацыя, якая набываец­ца, замацоўвае ступень адпавед­насці вызначанаму ўзроўню прафесійных патрабаванняў і прадугледжвае падрыхтаванасць да пэўнага віду дзейнасці. Напрыклад, да выкладання некалькіх замежных моў тэрмін навучання складзе 4 гады на дзённай форме атрымання адукацыі і 5 гадоў на завочнай. Або да перакладу, міжкультурнай камунікацыі ў рамках дзвюх і больш замежных моў тэрмін навучання складзе 4,5 года.

Для атрымання студэнцкага білета МДЛУ неабходна падаць пакет дакументаў, у тым ліку і характарыстыку з апошняга месца вучобы або работы. Гэты дакумент уключае, акрамя анкетных даных абітурыента, звесткі пра яго ўдзел у мерапрыемствах, грама­дзянскую пазіцыю, якія дазваляюць завочна пазнаё­міцца з патэнцыяльным студэнтам яшчэ да пачатку навучання. Важна адзначыць: балы за гэты від дакумента налічвацца не будуць!

Падача дакументаў у МДЛУ будзе ажыццяўляцца ў “Асабістым кабінеце абітурыента”. Гэта дазволіць не толькі запоўніць дома анкету і заяву, але і адсочваць у анлайн-рэжыме сваё прамежкавае рэйтынгавае месца.

Сёлетнія інавацыі закранулі і правядзенне ўступных іспытаў. Для ўдзелу ў агульным конкурсе выпускнікам гэтага года неабходна будзе здаць два ЦЭ і прайсці дадатковае ЦТ па адным з профільных прадметаў: гісторыі Беларусі або замежнай мове. Ранжыраванне прадметаў пры гэтым адсутнічае. Выпускнікам папярэдніх гадоў будзе прадастаўлена магчымасць здачы трох ЦТ.

Адметнай асаблівасцю будучай уступнай кампаніі з’яўляюцца і тэрміны яе правядзення. Шматузроўневасць у МДЛУ закране перш за ўсё абітурыентаў, якія паступаюць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Яны паспрабуюць свае сілы ўжо ў пачатку чэрвеня. Залічэнне будзе ажыццяўляцца на аснове выніку здачы ўнутранага экзамену і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. У выпадку фіяска на гэтым этапе маладыя людзі змогуць паўдзельнічаць у конкурсе як за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, так і на платнай аснове ў асноўным этапе прыёмнай кампаніі.

Сёлетнюю ўступную кампанію будзе адрозніваць асобасна арыентаваны характар і ўлік індывідуальных асаблівасцей кожнага абітурыента.

Асноўны этап характарызуецца, як правіла, удзелам абітурыентаў, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Для гэтай катэгорыі прадугледжаны пэўныя льготы. Так, наяўнасць дыплома (I, II, III ступені) чацвёртага, заключнага, этапу рэспубліканскай алімпіяды па адным з профільных прадметаў (замежнай мове або гісторыі Беларусі) забяспечвае паступленне без уступных іспытаў. У сваю чаргу дыплом I ступені трэцяга абласнога / Мінскага гарадскога этапу рэспубліканскай алімпіяды па адной з дзяржаўных моў, або замежнай мове, або гісторыі Беларусі забяспечвае выстаўленне 100 балаў.

На скарочаны тэрмін навучання можна паступіць пры наяўнасці сярэдняй спецыяльнай профільнай адукацыі, здаўшы два ўнутраныя ўступныя экзамены па замежнай мове. Вынікі іспытаў падсумоўваюцца з сярэднім балам дакумента аб адукацыі.

На завочную форму навучання паступіць можна на факультэт англійскай мовы, як на бюджэт, так і на платную форму атрымання адукацыі. У першым выпадку неабходна мець стаж работы па профілі выбранай спецыяльнасці не менш за 10 месяцаў. Уступнымі іспытамі ў гэтым выпадку стануць ЦЭ/ЦТ па профільных прадметах.

Змяненні закранулі і грамадзян Расіі. Абітурыенты, якія здалі Адзіны дзяржаўны экзамен, могуць быць залічаны без уступных іспытаў у колькасці да 20% ад лічбаў прыёму.

Выбар прафесіі — справа адказная і, безумоўна, сур’ёзная. Выбар, які будзе зроблены ўжо заўтра, накладзе адбітак на многія гады наперад. Таму так важна зразумець і вызначыцца, чым хацелася б займацца ўжо сёння. Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт — шлях для сучасных і паспяховых людзей. Набытыя тут спецыяльнасці бу­дуць запатрабаваны заўсёды і ўсюды. Наш універсітэт — гэта рэальны шанс зрабіць выбар на карысць перспектыўнага прафесійнага шляху. Жадаем поспеху і ўдачы ў дасягненні пастаўленых мэт абітурыентам 2023 года і сардэчна запрашаем іх у МДЛУ!

Вікторыя СІНЯК,
адказны сакратар
прыёмнай камісіі МДЛУ