Мінскі гарадскі педагагічны каледж зрабіў першы выпуск па спецыяльнасці «Педагагічнае суправаджэнне»

- 16:30Актуально, Образование

Урачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі выпускнікам Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа прайшла ў гарадскім Палацы культуры, перадае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Сёлета каледж скончылі 173 маладыя спецыялісты. Дыпломы аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі асаблівага ўзору атрымалі 4 навучэнцы спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя». Выпуск гэтага года асаблівы — упершыню з установы адукацыі ў дарослае жыццё адпраўляюцца 20 маладых педагогаў, якія маюць спецыяльнасць «Педагагічнае суправаджэнне». Сёння такія кадры вельмі запатрабаваны, іх з нецярпеннем чакаюць у школах і дашкольных установах горада.

Павіншаваць дыпламаваных педагогаў прыйшлі намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мірончык, намеснік старшыні камітэта па адукацыі Вольга Смірнова.

— Хачу падзякаваць педагагічнаму калектыву, кіраўніцтву, выпускнікам за тое, што захоўваеце традыцыі Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа — лепшага каледжа сталіцы, — звярнулася да ўдзельнікаў мерапрыемства К. Пятруцкая. — Традыцыі робяць нас моцнымі, упэўненымі, што мы рухаемся ў правільным напрамку, традыцыі — тое, што нас аб’ядноўвае. Яны нязменныя: быць лепшымі, быць вернымі сабе, выбранай прафесіі, дзецям і іх бацькам, краіне, якая нас выхавала і вырасціла, каледжу, які даў не толькі дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі, але і пуцёўку ў жыццё. Дзякуй вам за вашу адданасць, за няпросты выбар самай лепшай прафесіі на зямлі — прафесіі педагога.

Паважаныя выпускнікі, не спыняйцеся ў сваім развіцці, цвёрда рухайцеся па шляху да намечанай мэты! Вышэйшая адукацыя сёння абавязковая для педагога. Выбірайце тую спецыяльнасць, якая вам па сэрцы. Ведайце, у вас вераць, вас любяць, і гэта робіць вас моцнымі! Вы з усім справіцеся, і ў вас усё атрымаецца!

Навучэнцы каледжа ўзнагароджаны залатымі медалямі рэспубліканскага конкурсу ProfSkills Belarus — 2025, а таксама адкрытага чэмпіянату прафесійнага майстэрства краін-партнёраў ЕАЭС у кампетэнцыях «Дашкольная адукацыя» і «Пачатковая адукацыя».

У 2016 г. каманда педагогаў пад кіраўніцтвам К. Пятруцкай адрадзіла гарадскі педагагічны каледж. Сёння ўстанова ажыццяўляе падрыхтоўку па чатырох спецыяльнасцях: «Дашкольная адукацыя», «Пачатковая адукацыя», «Педагагічнае суправаджэнне», «Навучанне фізічнай культуры». У 2025 г. адкрыта новая спецыяльнасць «Выхаваўчая работа». На працягу некалькіх гадоў каледж утрымлівае перадавыя пазіцыі сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінска. Яго дэвіз — «У нагу з часам — на крок наперадзе!».

— Падрыхтаваць педагога, які не толькі ведае прадмет, методыку, але і ўмее добра наладжваць стасункі з дзецьмі, — вельмі няпроста. Вы дастойна прайшлі ўсе выпрабаванні і гатовы ўвайсці ў новыя калектывы, заняць сваё месца сярод вопытных калег, — адзначыў, уручаючы дыпломы і накіраванні на першае працоўнае месца, У. Кухараў. — Няхай вам спадарожнічае ўдача, а побач будуць надзейныя людзі! Няхай заўсёды на вас глядзяць зацікаўленыя і ўдзячныя вочы вучняў!

В. Смірнова са сцэны прадэманстравала свой дыплом педагагічнага вучылішча:

— Выпускнікі мінскага педагагічнага вучылішча, а потым і каледжа былі заўсёды запатрабаваныя дзякуючы высакаякаснай падрыхтоўцы. Так было, ёсць і будзе. Гледзячы на вас, бачу сябе 31 год назад, і па-добраму зайздрошчу: у вас усё наперадзе. Жадаю, каб атрыманы сёння дыплом стаў фундаментам вашай кар’еры: быць прызнаным сапраўдным педагогам. А стаць ім можна толькі пры дзвюх умовах: калі любіш дзяцей і любіш справу, якой служыш.

Для выпускніцы Настассі Філіпавай тры гады навучання праляцелі як адно імгненне:

— Для мяне сённяшні дзень вельмі значны і хвалюючы. Рада, што экзаменацыйныя выпрабаванні завяршыліся і можна з палёгкай выдыхнуць. Гады вучобы былі сапраўды няпростымі, бо мы асвойвалі новую спецыяльнасць «Педагагічнае суправаджэнне». Аднак зараз з упэўненасцю магу сказаць, што гатова пераступіць парог школы (накіроўваюся ў 167-ю мінскую школу), узаемадзейнічаць з дзецьмі, якія маюць асаблівасці ў развіцці. У нас было шмат практыкі, і мне гэтая работа сапраўды падабаецца. Разглядаю таксама варыянт паступлення ў БДПУ на спецыяльнасць «Псіхалогія».

Каледж запомніўся цудоўнай атмасферай, новымі інтарэсамі і, безумоўна, мерапрыемствамі. Так, для 1-га курса праводзіцца традыцыйнае свята «Першы фестываль для першых», дзе групы першакурснікаў паказваюць свае візітоўкі, дэманструюць таленты. Незабыўныя ўражанні пакінулі і тэатральныя пастаноўкі. І тая група, якая лепш за ўсё сябе праявіла, накіроўвалася на сцэну Тэатра юнага гледача. Мы перамаглі на 2-м курсе з пастаноўкай «Кошчын дом». Гэта быў вельмі цікавы вопыт.

Дзякуючы любімай установе адукацыі я далучылася да культурнага жыцця сталіцы, стала актыўна наведваць спартыўныя спаборніцтвы і турніры, адкрыла для сябе футбол і хакей. Словы ўдзячнасці хачу выказаць адміністрацыі, а таксама выкладчыкам Алесі Дзмітрыеўне Півавар, Вользе Анатольеўне Трафімовіч, Андрэю Уладзіміравічу Кімбару і Юліі Юр’еўне Міхадзюк-Макаравай. 

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара