Мінскія пагадненні абазначылі дарожную карту для бакоў

- 11:06Інфармацыйная гадзіна

Пагадненні, якія былі падпісаны ў Мінску ў лютым 2015 года, далі бакам дарожную карту выканання дасягнутых дамоўленасцей, заявіў прадстаўнік кіраўніцтва самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі Уладзіслаў Дэйнега.

“Перш за ўсё яны абазначылі пэўны каляндарны план, дарожную карту выканання. У сувязі з тым, што абазначаны кантрольныя пункты, ёсць магчымасць ацэньваць ход працэсу”, — сказаў прадстаўнік самаабвешчанай рэспублікі.
Пры гэтым ён чарговы раз абвінаваціў украінскі бок у невыкананні пагадненняў, але адзначыў, што мінскія дамоўленасці даюць магчымасць да нечага апеляваць пры спрэчках з апанентамі. Уладзіслаў Дэйнега прызнаў, што бакі ўжо не раз дабіваліся спынення агню. “Калі не падводзіць пад гэтыя вынікі палітычны фундамент, мы страцім гэтыя вынікі”, — падкрэсліў пры гэтым прадстаўнік асобных раёнаў Луганскай вобласці.
Дамоўленасці, якія ўвайшлі ў гісторыю як Другія мінскія пагадненні, або “Мінск-2”, былі прыняты ў форме дэкларацыі па выніках перагавораў кіраўнікоў некалькіх дзяржаў: Германіі, Расіі, Украіны і Францыі. Яны былі падпісаны ўдзельнікамі кантактнай групы па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу, у якую ўваходзяць прадстаўнікі АБСЕ, Расіі, Украіны і асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей.
Мінскія пагадненні, падпісаныя год назад, далі магчымасць пазбегнуць больш сур’ёзных наступстваў канфлікту ва Украіне, заявіў палітолаг дырэктар інфармацыйна-асветнага цэнтра “Актуальная канцэпцыя” Аляксандр Шпакоўскі.
“Лакальны канфлікт на паўднёвым усходзе Украіны не стаў канфліктам міжнароднага характару. Вайна не прыйшла на тэрыторыю іншых краін, а гэта цалкам магло адбыцца. Фактычна процістаянне ў Еўропе ў пэўным сэнсе было замарожана. Гэта вельмі важна. Думаю, што далейшае развіццё падзей не будзе такім драматычным, як гэта магло быць”, — сказаў эксперт.
Ён таксама звярнуў увагу на тое, што ва ўкраінскі ўзброены канфлікт была ўцягнута вялікая колькасць грамадзян з розных дзяржаў, якія прыехалі ва Украіну і апранулі там палявую форму. “Пры гэтым незразумела, у чыім аператыўным падпарадкаванні яны знаходзіліся. Гэта былі розныя добраахвотніцкія фарміраванні. Такіх людзей былі тысячы як з аднаго, так і з другога боку. Мінскія пагадненні далі магчымасць гэтую справу лакалізаваць”, — адзначыў Аляксандр Шпакоўскі.
У сваю чаргу дырэктар па даследаваннях “Ліберальнага клуба” Яўген Прэйгерман падкрэсліў: “Самае галоўнае, што мінскія пагадненні далі магчымасць усё ж такі паменшыць тыя маштабы забойства людзей на ўкраінскай зямлі, якія мы назіралі. Паводле даных ААН, ужо больш за дзевяць тысяч чалавек загінулі ў выніку гэтых баявых дзеянняў”, — сказаў ён. Яўген Прэйгерман растлумачыў, што пасля падпісання пагадненняў загінула толькі каля 200 чалавек. “Мы разумеем, што кожнае чалавечае жыццё — гэта вялікая страта, але ў той жа час кожнае выратаванае жыццё — гэта вялікі набытак”, — падкрэсліў эксперт.