“Міралюбівая дзяржава” зноў ажыццявіла пуск балістычнай ракеты

- 11:02Інфармацыйная гадзіна

КНДР завяршыла стварэнне паўнацэнных ракетна-ядзерных сіл. Такая заява распаўсюджана Цэнтральным тэлебачаннем краіны.

У заяве адзначаецца, што ў зоне паражэння выпрабаванай КНДР нядаўна міжкантынентальнай балістычнай ракеты “Хвасон-15” знаходзіцца ўся тэрыторыя ЗША. Падкрэсліваецца, што пуск ажыццёўлены па асабістым загадзе лідара КНДР Кім Чэн Ына ў адказ на варожую палітыку, якую праводзіць Вашынгтон. Згодна з заявай, ракета праляцела 950 км і дасягнула максімальнай вышыні 4475 км.

Паводле даных агенцтва ЦТАК, якое спасылаецца на ўрад КНДР, распрацоўка і развіццё стратэгічных узбраенняў накіраваны на абарону суверэнітэту ад “ядзернага шантажу” і “ядзернай пагрозы” ЗША. У паведамленні адзначаецца, што гэта “не будзе ўяўляць пагрозу для любых суседніх краін і рэгіёнаў, пакуль не будуць парушаны інтарэсы нашай дзяржавы”.

Акрамя таго, урад КНДР называе краіну “адказнай ядзернай дзяржавай” і “міралюбівай дзяржавай”.

Разам з тым заяўлена, што міжкантынентальная балістычная ракета “Хвасон-15” можа несці ядзерную боегалоўку і нанесці ўдар па ўсёй мацерыковай частцы ЗША.

КНДР правяла ракетны запуск у 3 гадзіны раніцы ў сераду па мясцовым часе. Гэта першы такі крок, зроблены КНДР з 15 верасня. На працягу 75 дзён Пхеньян устрымліваўся ад ваенных правакацый.