Міралюбівыя пчолы, духмяны мёд і сон на вуллях — карысць апітэрапіі можна ацаніць у Залескай сярэдняй школе

- 11:42Школьный участок

“Мядовых” турыстаў запрашае ў свой яблыневы сад Залеская сярэдняя школа Чачэрскага раёна. Пра незвычайную прапанову на прышкольнай сядзібе — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пра гэтую ўстанову адукацыі, яе фруктовыя сады, тысячы кустоў буякоў, клубніц, вінаграду, грыбныя плантацыі, а на іх аснове — школьны бізнес і кулінарныя эксперыменты, а таксама пра мноства іншых ініцыятыў нашы чытачы добра ведаюць. Але дырэктар школы і гаспадар прышкольных гектараў Яўген Цалко і яго творчая каманда не ўмеюць спыняцца на дасягнутым. Нядаўна ў іх яблыневым садзе з’явілася папаўненне — шэсць пчаліных сем’яў.

Калі вы раптам захваляваліся, прадчуваючы, як дзяцей уджа­ляць пчолы, спяшаюся вас супакоіць: тут пасяліліся самыя міралюбівыя пчолы, якія маюць зусім іншыя намеры ў сваім жыцці.

— Якраз пчолы, якія не джаляць, былі для нас прынцыповай умовай, таму мы выбралі пароду бакфаст. Да таго ж яна пераўзыходзіць іншыя пароды па сваёй, кажучы пчалярскай мовай, меданоснасці, — гаворыць Яўген Анатольевіч.

Мёд, канечне, прадукт смачны і прыбытковы, але яго тут разглядаюць толькі як бонус. Галоўнай жа мэтай завядзення пчальні­ка было арганізаваць умовы, дзе можна было б практыкаваць апі­тэрапію, у прыватнасці сон на вуллях. Дырэктар адзначае:

— Гэтая ідэя нарадзілася ў мяне падчас семінараў для педагогаў у адукацыйным цэнтры “Экалогія і здароўе” грамадскай арганізацыі “Беларускі зялёны крыж” пад Смалявічамі. Там нам дэманстравалі апідомік і расказвалі пра яго карысць. Вярнуўшыся дадому, мы з калегамі пабудавалі свой апідомік. Шэсць пчоласем’яў мы засялілі туды ў апошні дзень красавіка, месяц развівалі іх, а калі яны памацнелі, мы паставілі магазіны з рамкамі для збору мёду. У гэтыя дні якраз запус­каем сеансы апітэрапіі. Першымі ацанілі карысць сну на вуллях нашы настаўніцы.

Канструкцыя апідо­міка такая: унутры дзве лаўкі-ляжанкі, а пад кожнай з іх па тры вуллі. Ты ляжыш, а за некалькі сантыметраў пад табой гудуць пчолы. Ты іх чуеш, адчуваеш пах мёду, воску, праполісу, але заляцець у домік жыхары вуллёў не мо­гуць — ляткі выходзяць толькі ў сад.

Сказаць, што гэтая ідэя новая, нельга. Хутчэй, гэта вяртанне традыцыі. Спаць на вуллях людзі пачалі яшчэ ў старажытнасці. У старадаўніх кнігах напісана, што падчас работы на пчальніках стомленыя пчаляры прыхіналіся да вуллёў, і нават 10 мінут было дастаткова, каб да іх вярталася працаздольнасць. А ўжо ў нашы часы ўдалося разгадаць гэтую загадку. Вучоныя правялі даследаванні і ўстанавілі, што менавіта гудзенне пчол, якое мы не адчуваем (біярэзананс), дабратворна ўплывае на клетачную вадкасць арганізма. Даказана, што сон на вуллях дапамагае змагацца не з сімптомамі хваробы, а з першапрычынай захворванняў — на малекулярным, глыбінным узроўні настройвае клеткі арганізма на здаровае функцыя­наванне. Метад атрымаў назву “біярэ­занансная апітэрапія”.

Канечне, рэалізацыя гэтай ідэі ў школе без людзей, якія “ў тэме” і якія хочуць яе развіваць, бесперспектыўная. У дырэктара ёсць пчалярскі вопыт — яго бацька трымае пчальнік, а Яўген Анатольевіч яму ў гэтым дапамагае па выхадных, прывучае да гэтай справы і свайго сына — 10-гадовага Славу. Але ў школьнай камандзе ёсць і больш вопытныя пчаляры. Так, загадчык гаспадаркі Дзмітрый Міхайлавіч Канавалаў трымае на сваёй сядзібе пчальнік ужо 15 гадоў і з ахвотай прыняў прапанову дырэктара быць галоўным і на школьным пчальніку.

— Даглядаць пчол — гэта вельмі займальна. Калі мы толькі пачалі абмяркоўваць ідэю, дзеці адразу ж зацікавіліся такой перспектывай. Зімой мы рабілі разам з імі рамкі, падбівалі іх, шліфавалі, вашчылі. А калі домік быў гатовы, каля яго сабралася шмат дзяцей. Мне прыемна, што ў іх тысячы пытанняў, што ім усё гэта цікава. Спа­дзяюся, што гэтая цікавасць не пройдзе і нехта з дзяцей потым прафесійна зоймецца пчалярствам. Для сельскай мясцовасці гэта вельмі добры занятак, — гаворыць Дзмітрый Міхайлавіч.

Якраз для такіх дзяцей, якія хочуць прыгледзецца да прафесіі пчаляра і паспрабаваць сябе ў ёй ужо сёння, дырэктар плануе ў найбліжэйшы час адкрыць школьны клуб. Ужо закуплены неабходны інвентар і інструменты, а астатняе плануецца набыць да канца сезона.

Да прафарыентацыйнай каманды гэтага клуба з задавальненнем пагадзіўся далучыцца яшчэ адзін мясцовы пчаляр, які займаецца гэтай справай прафесійна і шмат гадоў трымае больш за 100 пчаліных сем’яў. Ён будзе расказваць пра сваю справу і ра­зам з Дзмітрыем Міхайлавічам праводзіць практычныя заняткі для юных пчаляроў.

Любая праца павінна прыно­сіць не толькі задавальненне, але і даход. Гэты прынцып у школе нязменны. Усе заробленыя сродкі ідуць на паляпшэнне матэрыяльнай базы школы. Напрыклад, за заробленыя “ягадныя” грошы была набыта сучасная камп’ютарная і іншая тэхніка ва ўсе кабінеты школы, абсталяваны спартыўныя і трэнажорныя залы і г.д. Вось і ў пчальніка задача зрабіць жыццё школьнікаў больш салодкім не толькі ў літаральным сэнсе.

Дырэктар заўсёды ў курсе попыту і прапанавання на рынку сельскагаспадарчай прадукцыі ў сваім раёне і стараецца асвоіць незапоўненыя нішы. Сон на вуллях якраз адна з такіх.

— Такую паслугу ў нас ніхто не аказвае, акрамя аграсядзіб, — адзначае дырэктар школы. — Але ў іх сон для наведвальнікаў распісаны на 2—3 месяцы наперад. Таму, думаецца, і наша такая паслуга знойдзе сваіх аматараў: цяпер шмат гараджан цягнуцца да адпачынку на прыродзе. А каб гос­ці не сыходзілі ад нас з пустымі рукамі, мы зможам прапанаваць ім прадукцыю з нашага пчальніка. Пакуль на рэалізацыю мы падрыхтавалі толькі пылок (яго мы збіралі кожны дзень спецыяльнымі пылказборнікамі і падсушвалі), але ў планах складаць і падарункавыя наборы як мінімум з пылку, мёду і праполісу. Пакуль гэтыя прадукты для нашых пакупнікоў не зусім прывычныя, будзем дапаўняць іх інфармацыйнымі буклетамі пра карысць і спосабы выкарыстання. Той жа пылок — адзін з самых карысных прыродных прадуктаў, але мяне часта пытаюцца пра яго якасці і прымяненне. У інтэрнэце інфармацыі хапае, але калі гэта будзе прыгожа аформлена, думаю, хутчэй прачытаецца. І купіцца.

***

Аэраапітэрапія, або сон на вуллях, мае магутны аздараўленчы эфект дзякуючы тром галоўным фактарам.

  • Інгаляцыя. Удыханне прадуктаў жыццядзейнасці пчол — пылку, праполісу, мёду, пяргі і інш.
  • Біярэзанансная тэрапія. Пчолы могуць наладжваць работу сваіх арганізмаў ва ўнісон. Трапляючы ў такое біяполе, чалавечае біяполе таксама пачынае прыходзіць у гармонію.
  • Акустычныя ўласцівасці пчол. Падчас палёту пчол у паветры ад узмахаў іх крылаў ствараюцца мікравібрацыі і манатоннае гудзенне, якія аказваюць дабратворнае ўздзеянне на псіхіку чалавека.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота з архіва школы