Мірны атам

- 14:59Адукацыйная прастора

Старт 2017 года ў Астравецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі выдаўся насычаным і плённым. У Год навукі ішла актыўная работа па рэалізацыі грантавага дабрачыннага праекта акцыянернага таварыства “Інжынірынгавая кампанія “АБЭ” “І дарослыя, і дзеці — малююць мірны атам!”. У чэрвені на дзіцячым свяце “З інтэрнэту — у лета” падведзены вынікі праекта.

Паводле задумы куратара праекта Ірыны Баляславаўны Мілешка, метадыста Астравецкага ЦТДіМ, у рэалізацыі гэтай ініцыятывы павінны былі прыняць удзел прафесійныя мастакі, мастакі-аматары, маладое пакаленне (8—16 гадоў), пераможцы мастацкіх конкурсаў. Менавіта яны з дапамогай сродкаў выяўленчага мастацтва адлюстравалі на палотнах, аркушах паперы першую Беларускую АЭС, якая будуецца ў Астравецкім раёне. Праект “І дарослыя, і дзеці — малююць мірны атам!” стаў пераможцам конкурсу дабрачынных праектаў іжынірынгавай кампаніі.

Першапачаткова для ўдзельнікаў праекта была арганізавана краязнаўчая экскурсія па гісторыка-культурных аб’ектах Астравеччыны, вучні наведалі вучэбна-трэніровачны цэнтр і будаўнічую пляцоўку Беларускай АЭС. “Гэтыя паездкі былі арганізаваны ў першую чаргу, каб паказаць і дзецям, і дарослым прыгажосць нашага раёна, дапамагчы ім вызначыцца з сюжэтам будучых работ. А каб удзельнікі адразу прыступілі да рэалізацыі сваіх задумак, мы кожнаму падрыхтавалі невялікія падарункі: алейныя і акварэльныя фарбы, гуаш, пэндзлі, алоўкі, ватман, палотны”, — распавядае Ірына Баляславаўна.

На конкурс малюнкаў прадстаўлены 33 работы ў наступных узроставых катэгорыях: 8—12, 13—16, 17—25 гадоў, 26 гадоў і старэйшыя. Хтосьці адлюстраваў пачатак будоўлі, нехта паказаў Беларускую АЭС на сённяшнім этапе будаўніцтва, а некаторыя намалявалі людзей, якія працуюць на гэтым вялізным аб’екце. Удзельнікі ініцыятывы, якія занялі 1-е, 2-е, 3-е прызавыя месцы ў конкурсе, узнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Астатнія адзначаны граматамі і заахвочвальнымі прызамі. Па выніках праекта арганізавана перасоўная выстава творчасці “Мы малюем мірны атам!”.

Праект даў магчымасць і дарослым, і дзецям стварыць творчыя работы з дапамогай прафесійных мастацкіх інструментаў і фарбаў. Атрыманы вопыт сумеснага супрацоўніцтва прафесійных мастакоў і мастакоў-аматараў паслужыць развіццю творчага патэнцыялу падрастаючага пакалення. За час рэалізацыі праекта ўдзельнікі сталі падарожнікамі, мастакамі, навуковымі супрацоўнікамі, пераможцамі і, вядома ж, сябрамі.

Святлана КУЦЬКО,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце.