Міжнародная асацыяцыя настаўнікаў — пасол сяброўства

- 10:34Адукацыйная прастора

Першачарговая задача настаўніка — навучанне маладога пакалення. З гэтым не паспрачаешся, але не менш важная — даваць уяўленне пра навакольны свет, пра суседзяў па горадзе, па краіне і за яе межамі. Настаўнікі нясуць асаблівую адказнасць за свет і маюць асаблівую магчымасць наладзіць крос-культурнае ўзаемаразуменне паміж народамі.

Менавіта з гэтай мэтай — самім даведацца больш пра суседнія краіны, іх лад жыцця, менталітэт, каб падзяліцца гэтымі ведамі са сваімі вучнямі і спрыяць наладжванню кантактаў паміж простымі людзьмі, умацаванню міру, дэмакратыі і ўзаемаразумення — і была створана ў 1982 годзе Міжнародная асацыяцыя настаўнікаў. Ініцыятарам яе стварэння быў Фрэнк Кроер — просты школьны настаўнік з Даніі, які, на жаль, памёр некалькі гадоў назад. Перш за ўсё яго аднадумцаў, якія і склалі касцяк гэтай арганізацыі, цікавіла краіна за “жалезнай заслонай” — СССР, інфармацыю пра якую яны хацелі атрымліваць з першых рук, маючы зносіны з настаўнікамі, жывучы ў іх сем’ях. Ідэі Фрэнка даведвацца пра краіну шляхам нефармальных зносін жывыя і паспяхова ператвараюцца ў жыццё групай дацкіх выкладчыкаў і іх аднадумцаў — настаўнікаў з розных краін.

Кожны год члены асацыяцыі арганізоўваюць сустрэчы ў якой-небудзь краіне, робяць прэзентацыі на загадзя вызначаную тэму, сустракаюцца з калегамі са школ, ВНУ, падарожнічаюць па краіне, а потым публікуюць свае ўражанні і зробленыя калегамі паведамленні ў электронным часопісе, які выдае асацыяцыя. Так, за мінулыя гады сустрэчы прайшлі ў Азербайджане, Балгарыі, Венгрыі, Украіне, Кыргызстане, Казахстане, Непале, Польшчы, Эстоніі, Якуціі і іншых краінах. Мне як члену асацыяцыі захацелася запрасіць удзельнікаў у Беларусь, паказаць нашу краіну, пазнаёміць з нашымі людзьмі, развеяць часам няправільныя ўяўленні пра наша жыццё. Сустрэча праходзіла з 2 па 9 ліпеня. Старанна прадумаўшы і спланаваўшы іх знаходжанне, я арганізавала экскурсію па Мінску, паездкі ў Мір і Нясвіж, Віцебск і Полацк. Я да гэтай пары атрымліваю пісьмы з выказваннем зачаравання тым, што яны пабачылі. Але самымі цікавымі для іх сталі сустрэчы з калегамі.

У Мінску мы пабывалі ў Ліцэі БДУ, дзе нас прымалі намеснік дырэктара Алена Андрэева, маладыя настаўнікі Святлана Бунакова і Ганна Чубарава, былы дырэктар ліцэя Таццяна Калевіч. Госці былі ўражаны энтузіязмам настаўнікаў і кіраўнікоў ліцэя, якія расказалі пра дасягненні навучэнцаў гэтай навучальнай установы, праілюстраваўшы іх цудоўнай прэзентацыяй. Асаблівае захапленне выклікала сама творчая і нефармальная атмасфера ліцэя, дзе дырэктар Макар Шніп і яго калегі на канцэрце танцуюць народныя танцы разам са сваімі выхаванцамі, дзе новыя ідэі падтрымліваюцца і заахвочваюцца, дзе няма неадольнага бар’ера паміж тымі, хто навучаецца, і тымі, хто навучае. Абодва бакі — адна каманда.

У Віцебску былі дзве сустрэчы. Адна з іх прайшла ў мастацкай школе № 1, гісторыя якой бярэ пачатак ад створанага Маркам Шагалам у 1919 годзе народнага мастацкага вучылішча. Намеснік дырэктара Вольга Валюшкіна расказала пра школу, яе традыцыі, вучняў і настаўнікаў, пра іх работу і метады навучання, якія для настаўніка звычайнай школы могуць здацца своеасаблівымі. Гэта быў расказ сапраўднага энтузіяста сваёй справы, мастака і настаўніка. Госці агледзелі выставу работ навучэнцаў, і кожны атрымаў у падарунак аўтарскую работу вучняў, аформленую ў выглядзе паштоўкі.

У гульнявой форме правяла сустрэчу ў бібліятэцы замежнай літаратуры бібліятэкар Хрысціна Мацарская. Яна прымусіла гасцей ужыцца ў ролі вучняў і з дапамогай відэа паказала, як можна хутка і цікава вывучыць словы, якія апісваюць знешні выгляд чалавека. Гэта толькі адзін з праектаў, якія бібліятэкары Вольга Жыгалава і Хрысціна Мацарская прапаноўваюць у дапамогу настаўнікам і вучням, што вывучаюць замежныя мовы. Дзякуючы іх энтузіязму бібліятэка стала не проста месцам, дзе можна ўзяць кнігі, але і вучэбным цэнтрам, у якім ніколі не бывае пуста і сумна. У час нашай сустрэчы мы змаглі нават паслухаць караоке, калі некалькі дзяўчат-старшакласніц прыйшлі ў бібліятэку паспяваць на замежных мовах. Папулярнасцю сярод настаўнікаў і школьнікаў карыстаюцца таксама “Урокі дабрыні”, на якіх бібліятэкары з дапамогай некалькіх валанцёраў — уладальнікаў сабак і іх гадаванцаў — вучаць малодшых школьнікаў правілам зносін і паводзін з сабакамі і кошкамі, расказваюць аб дзейнасці прытулку для бяздомных жывёл і валанцёрах.

У Полацку, акрамя наведвання славутасцей, мы пабывалі ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, дзе пагутарылі з галавой, якая механічна гаворыць, спелі “Гаўдэамус” ва ўніверсітэцкім дворыку, назіраючы шэсце фігур шкаляроў і прафесараў на вялікім гадзінніку. Не менш цікавай для гасцей аказалася і сама паездка ў Полацк на звычайным дызельным цягніку, бітком набітым дачнікамі. Афіцыйная частка, якая праходзіла ў Віцебскім філіяле МІТСО, была таксама запамінальнай. Гасцей павітаў дэкан Віктар Акуневіч. Ён расказаў пра сваю ВНУ, пасля чаго пачаліся прэзентацыі. “Выдатныя людзі краіны” — такой была тэма гэтай сустрэчы. Сярод тых, хто выступаў з прэзентацыямі, была настаўніца сярэдняй школы № 4 Марына Філенка, якая з дапамогай свайго сына Дзімы, вучня малодшых класаў, прадставіла праект вучняў, прысвечаны Францыску Скарыне. Пра Грунтвіга — філосафа, пісьменніка, асветніка, чые ідэі з’яўляюцца асноватворнымі для адукацыі ў Даніі, расказала старшыня Дацкага аддзялення асацыяцыі Юта Свендсен. Вельмі эмацыянальнай аказалася прэзентацыя маёй калегі з Казані Людмілы Сяргеенкавай, якая паказала, як вершы і песні вядомых паэтаў і кампазітараў натхнялі савецкіх людзей на подзвігі ў час Вялікай Айчыннай вайны, як дапамагалі жыць пасля яе і як найбольш вядомыя і любімыя з іх вучылі нас жыць і любіць.

Мне таксама аказалася блізкай песенная тэма, і я зрабіла прэзентацыю пра нашага земляка Марка Фрадкіна, у канцы якой пад акампанемент гітары ўся рускамоўная частка нашых удзельнікаў з энтузіязмам праспявала папуры з яго найбольш вядомых і любімых песень. Потым у пісьме адна з дацкіх удзельніц напісала мне: “Калі я расказваю сваім сябрам пра людзей, якіх я сустракаю, і свае ўражанні ў час наведвання краін былога Савецкага Саюза, адчуваю, што ўношу свой уклад ва ўзаемаразуменне ў нашым свеце”. А гэта, напэўна, самае каштоўнае ў нашых сустрэчах.

Валянціна ЮЧАНКОВА,
член выканкама ITA (International Teachers’ Association).