Міжнародную дапамогу па пераадоленні наступстваў катастрофы немагчыма сувымераць з тым, што зрабіла сама Беларусь

- 11:08Інфармацыйная гадзіна

Беларусь многае зрабіла для пераадолення наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з намеснікам Генеральнага сакратара ААН адміністратарам Праграмы развіцця ААН (ПРААН) Хелен Кларк.

“Вы адзін з тых рэдкіх сусветных служачых, якія пабывалі ў рэгіёнах, што былі забруджаны пасля аварыі на ЧАЭС. Мне з вамі лёгка размаўляць, таму што вы, гэтак жа як і я, бачылі ўсё, што там было. Вы бачыце, колькі мы прыкладаем намаганняў на пераадоленне гэтых наступстваў”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Хелен Кларк і памочніку Генеральнага сакратара дырэктару рэгіянальнага бюро па краінах Еўропы і СНД Джыхан Султанаглу за іх уклад у справу пераадолення наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

“Ёсць шмат у свеце добрых людзей. Такіх, як вы, як ААН, якія дапамагаюць нам у пераадоленні гэтай катастрофы. Але, згадзіцеся, гэта немагчыма сувымераць з тым, што зрабіла Беларусь, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Складанасць уся ў тым, што чарнобыльская катастрофа лягла на нашы плечы пасля распаду СССР. Мы не будавалі гэтую станцыю, не эксплуатавалі, а бяда ў асноўным прыпала на нашу тэрыторыю. І разлічваць нам не было на каго”.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, на аднаўленне пацярпелых тэрыторый патрачана сума, роўная дзясяткам гадавых бюджэтаў Беларусі. “Мы збіралі гэтыя сродкі і ўкладвалі ў пераадоленне гэтай катастрофы. Сёння нам ужо не здаецца, што гэтыя землі назаўсёды страчаны, як гэта бачылася 30 гадоў назад”, — адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь набыла ўнікальныя веды і вопыт па пераадоленні такіх катастроф. “Няхай гэта будзе нашым укладам у развіццё чалавецтва. Вы павінны ведаць: калі, не дай бог, недзе здарыцца бяда, нашы вучоныя, спецыялісты гатовы працаваць па пераадоленні гэтых наступстваў. Так было зусім нядаўна на “Фукусіме”, дзе былі задзейнічаны нашы вопыт, веды, прыборы”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўручыў Хелен Кларк і Джыхан Султанаглу ордэны Францыска Скарыны за значны асабісты ўклад у развіццё супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ААН па правядзенні комплекснай рэабілітацыі і забеспячэнні ўстойлівага развіцця раёнаў, якія пацярпелі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

“Мы прымаем гэтыя ўзнагароды ад асобы ўсяго персаналу ААН, тых, хто прымаў удзел у праграме рэабілітацыі пацярпелых зямель на тэрыторыі Беларусі. Мы заўсёды адчувалі цвёрдую падтрымку кіраўніцтва Беларусі ў справе аднаўлення гэтых зямель”, — сказала Хелен Кларк.