Міжнародны дзень экскурсавода адзначаецца 21 лютага. Як беларускія школьнікі робяць першыя крокі ў гэтай галіне

- 13:02Новости

З танцамі, музыкай, вершамі – дзеці з Пінкавічаў праводзяць экскурсіі так, што не хочацца пакідаць музей. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 “На таленавітых вучняў мне шанцуе”, — адзначае кіраўнік аб’яднання па інтарэсах юных экскурсаводаў “ГіД” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна Жанна Верыч.

Не захапіцца гісторыяй вёскі Пінкавічы, дзе і знаходзіцца цэнтр, немагчыма — прыгожыя краявіды, шмат турыстычных аб’ектаў. Да таго ж гэтыя мясціны звязаны з імем Якуба Коласа, які некаторы час выкладаў у Пінкавіцкім народным вучылішчы. На яго падмурку узрос музей, які належыць Цэнтру творчасці і які прыцягвае гасцей з усёй рэспублікі. У 2009 годзе пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі адкрыўся таксама музей піянерскай славы — абодвума зараз кіруе Жанна Верыч.

Літаратурна-краязнаўчаму музею імя Якуба Коласа ў Пінкавічах прысвоена званне народнага. Сёння тут каля тысячы экспанатаў.

 — “ГіД” расшыфроўваецца як  гаваркія і дапытлівыя. І гэта не проста прыгожая назва, — адзначае яна. — Мае вучні такія і ёсць. Яны ведаюць, што праводзіць экскурсіі трэба цікава, нясумна. І ў іх гэта вельмі добра атрымліваецца. Аднойчы я была на выездзе па рабоце, а ў наш музей павінны былі прыехаць госці. Адчуваю — моцна спазняюся, перажываю. Прыязджаю і бачу: мае дзеткі праводзяць экскурсію, ды так крэатыўна і пранікнёна, што госці вельмі расчуліліся! Быў яшчэ выпадак — завіталі да нас госці з вядомага беларускага клуба байкераў. Папрасілі паказаць музей, толькі вельмі хутка, бо спяшаліся. Нашы экскурсаводы на ганку іх сустрэлі — з песнямі, вершамі, апранутыя ў тэматычнае адзенне. Дзяўчаты з той кампаніі сказалі сваім хлопцам: “Не паедзем адсюль, пакуль не выслухаем дзяцей”. І затрымаліся на некалькі гадзін. Дарэчы, я вучу школьнікаў імправізаваць, хутка пераключацца з рускай мовы на беларускую, у залежнасці ад пажаданняў наведвальнікаў. Экскурсавод павінен быць гібкім і камунікабельным. Мала добра ведаць гісторыю — трэба мастацкі яе падаць.

Жанна Мікалаеўна сама падае дзецям прыклад — з дзяцінства яна захапляецца беларускім фальклорам, традыцыямі, асаблівасцямі сялянскага побыту. Нават размаўляе прыказкамі і прымаўкамі, а дома, прызнаецца, гаворыць з роднымі на дыялектнай мове палешукоў. У вольны час піша вершы, якія выкарыстоўвае ў сваёй музейна-экскурсійнай рабоце, і вучыць гэтаму школьнікаў.

З Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна звязана амаль усё жыццё Жанны Мікалаеўны — тут яна працуе ўжо 30 гадоў, а як музейны кіраўнік — з 2014 года.

Кіраўнік гуртка “ГіД” Жанна Верыч — мнагадзетная маці, у яе сямёра дзяцей. Уладальніца ордэна Маці.

Юныя экскурсаводы пад кіраўніцтвам Жанны Мікалаеўны распрацавалі маршрут “Вам вандроўку прапануе наш прывабны Пінскі край, ці Падарожжа па Пінкавічах”. У яго склад уваходзяць 2 музеі, коласаўскія мясціны (напрыклад рэчка, дзе паэт вудзіў рыбу), царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы, унікальны прыдарожны крыж, якому няма аналагаў у Беларусі і іншыя аб’екты.

У госці ў музеі прызджаюць школьнікі і педагогі з усёй краіны, але больш за ўсё, вядома, з Брэсцкай вобласці. Днямі столінскія госці шчыра прызналіся: гэта першы музей, дзе яны спявалі. Не раз, заўважае Жанна Верыч, чула ад людзей, што тут ім вельмі падабаецца. Напэўна, дзякуючы таму інтэрактыву, што ствараюць для экскурсантаў педагог і яе вучні: сустракаюць гасцей на ганку з музыкай, пераапранаюцца ў герояў коласаўскай паэмы “Новая зямля”.

— Дзецям падабаецца працаваць у абодвух нашых музеях, — гаворыць Жанна Верыч. — Усе яны таленавітыя, але талент не ва ўсіх праяўляецца адразу. Прыходзілі да мяне ў гурток вучні, якія не маглі запомніць і двух вершаваных слупкоў, а паглядзелі б вы на іх праз гады 2 заняткаў! Станавіліся гаваркія, упэўненыя ў сабе.

За гады работы Жанна Мікалаеўна выпусціла ў свет шмат юных экскурсаводаў. І нават тыя, хто не выбраў сабе прафесію, звязаную з гісторыяй ці педагогікай, добра памятаюць яе ўрокі.

— Адна з нашых дзяўчынак, Соф’я Мохар, паступіла ў Пінскі дзяржаўны медыцынскі каледж, — распавядае педагог. — Калі пазнаёмілася з аднакурснікамі, адразу прывяла іх да нас на экскурсію! Месца гэта вабіць людзей, асабліва тых, для каго Піншчына родная. І зараз у мяне падабралася добрая творчая каманда.

Гурток таксама арганізуе цікавыя квесты, сцэнарыі складаюць самі дзеці. Ёсць і дасягненні. Напрыклад, удзельнік гуртка “ГіД” Мікіта Клачко атрымаў дыплом ІІ ступені Міністэрства адукацыі на Рэспубліканскім конкурсе юных экскурсаводаў у мінулым годзе. У сталіцу на конкурс ён прывёз “Музей у чамадане”: менавіта ў такой форме Мікіта прэзентаваў музей піянерскай славы Пінскага раёна. Вучні Жанны Мікалаеўны ўдзельнічалі ў абласных конкурсах і спаборніцтвах па краязнаўстве, займалі 1-я месцы. А “гідавец” Дзмітрый Курчаў у 2022 годзе перамог у рэспубліканскім этапе конкурсу маладых журналістаў “Прэс-код” у намінацыі “Лепшы відэасюжэт аб памятных мясцінах Беларусі, вядомых людзях, знамянальных падзеях”.

— Упэўнена, наперадзе ў нас яшчэ шмат перамог, —  рэзюмуе Жанна Верыч. — Галоўнае — дзеці неабыякавыя. А я толькі дапамагаю ім.

Лізавета МІЦКЕВІЧ