“Учитель — профессия дальнего действия, главная на Земле!” — гэтыя словы паэта Роберта Раждзественскага сталі дэвізам для Уладзіміра Коўшыка, настаўніка працоўнага навучання Велуцкай сярэдняй школы Лунінецкага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Дварэцкія вытокі
Сталіца клубнічнага раю — так называюць вёску Дварэц у Лунінецкім раёне. У савецкія часы была знакамітай і школа, якая тут знаходзіцца, — яе зорны час выпаў на 70-я гады мінулага стагоддзя дзякуючы выдатным вынікам падчас правядзення ваенна-партыятычных гульняў “Зарніца” і “Арляна”. Менавіта гэтай школе прысвяціла сваё жыццё Валянціна Паўлаўна Лаская, настаўніца пачатковых класаў, маці Уладзіміра Андрэевіча. Нарадзілася яна ў вёсцы Плешкі на Віцебшчыне ў 1928 годзе. Вайна не пашкадавала яе — разам з маці дзяўчына апынулася ў фашысцкім лагеры, нехта данёс немцам, што старэйшыя брат і сястра пайшлі ў партызанскі атрад. Цудам выжылі. Пасля вайны Валянціна Паўлаўна паступіла ў Лепельскае педагагічнае вучылішча і, скончыўшы яго ў 1949 годзе, прыступіла да працы.
— Мама была вельмі адказным, дысцыплінаваным чалавекам. Вучні і іх бацькі заўсёды ёй былі ўдзячныя. Выпускнікі прыязджалі да яе на вечары сустрэчы, нават калі матулі было ўжо 90 гадоў, — расказвае Уладзімір Андрэевіч.
Маці стала ва ўсім прыкладам для сына: ён вучыўся ў яе і адданасці сваёй прафесіі, і праяўленню лепшых чалавечых якасцей. Заўсёды дзівіўся яе працавітасці: класы былі вялікія, пад сорак чалавек, але яна знаходзіла час на праверку сшыткаў, напісанне планаў, пры гэтым спала па 4 гадзіны ў суткі. Валянціна Паўлаўна была чалавекам энергічным, перакананым камуністам, грамадскім дзеячам, выдатнікам асветы. Мела шмат ганаровых узнагарод.
Сам Уладзімір Андрэевіч нарадзіўся ў вёсцы Вічын. У 1967 годзе пайшоў у Дварэцкую школу. З удзячнасцю ўспамінае ўсіх сваіх настаўнікаў. Быў у яго жыцці яшчэ адзін важны чалавек, праўда, не з ліку педагогаў — дзядуля Мікалай Яўстаф’евіч. Ён валодаў кавальскім, такарным і сталярным рамёствамі. Свае навыкі перадаў унуку, выхаваў у ім добрасумленнасць, шчырасць, працавітасць. Дзякуючы дзеду, мой суразмоўнік вырашыў пайсці ў настаўнікі працоўнага навучання. І пасля заканчэння школы паступіў у Мазырскі педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай на факультэт агульных тэхнічных дысцыплін з дадатковай спецыяльнасцю “Фізіка”. Пасля атрымання дыплома яго накіравалі на першае працоўнае месца ў Велуцкую сярэднюю школу. І вось ужо больш за 40 гадоў Уладзімір Андрэевіч тут выкладае, за гэты час ён шматгранна праявіў сябе на карысць вучняў і школы. Але аб усім па парадку.
Кузня механізатарскіх кадраў
Спачатку малады настаўнік выкладаў хлопцам працоўнае навучанне і вёў урокі фізікі. У хуткім часе было прынята рашэнне аб развіцці на базе школы прафесійнага навучання.
— Калгасу патрэбны былі механізатары. Вось і вырашылі іх рыхтаваць, — расказвае Уладзімір Андрэевіч. — Найперш неабходна было стварыць матэрыяльна-тэхнічную базу. Звярнуўся па дапамагу ў Лунінецкае вучылішча № 160 — нам далі падручнікі, плакаты. У школе адвялі клас для правядзення заняткаў, які мы абсталявалі сваімі сіламі — распілоўвалі агрэгаты, запчасткі і вузлы трактароў для стэндаў. Пабудавалі гаражы каля школы, на ўскрайку вёскі зрабілі палігон для практычных заняткаў. Першым у нас з’явіўся гусенічны, потым у 90-х — колавы трактар ад МТЗ. Камбайны вывучалі больш у тэорыі, а за практычнымі навыкамі хадзілі ў калгас, дзе галоўны інжынер праводзіў экскурсіі, тлумачыў усё, паказваў. Дарэчы, не толькі хлопцы асвойвалі гэтую справу, дзяўчаты таксама далучаліся да вучобы.
Задаволены былі ўсе: калгас атрымліваў працоўныя кадры, а выпускнікі школы — пасведчанне, якое давала магчымасць кіраваць адразу трыма відамі тэхнікі і такім чынам зарабіць на свой першы кавалак хлеба адразу пасля заканчэння школы.
У 1989 годзе Велуцкая школа пераехала ў новы будынак. Юныя механізатары сталі практыкавацца на прышкольнай тэрыторыі, дзе зноў абсталявалі палігон. Установа адукацыі працавала ў дзве змены. У першую Уладзімір Андрэевіч вёў працоўнае навучанне, у другую — праводзіў заняткі па прафесійным навучанні. А яшчэ ў вячэрні час па просьбе аднавяскоўцаў набіраў групы і рыхтаваў матацыклістаў.
Прыступка за прыступкай
У 1987 годзе Уладзіміра Андрэевіча назначылі намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Гэтай пасадзе ён аддаў больш за 20 гадоў. З 2008 года стаў дырэктарам Велуцкай сярэдняй школы і паспяхова кіраваў установай да канца мінулага навучальнага года.
— Я перакананы, перш чым стаць кіраўніком, неабходна прайсці ўсе прыступкі кар’ернай лесвіцы. Увогуле, дырэктарства ў школе — гэта не пасада, а лад жыцця, калі на першае месца выходзяць праблемы і запатрабаванні ўстановы, за якую ты нясеш адказнасць, клопаты аб стварэнні добрых умоў і для вучняў, і для супрацоўнікаў, — разважае мой суразмоўнік.
Шмат увагі Уладзімір Андрэевіч удзяляў павышэнню якасці адукацыі, прафесійнаму росту педагагічных работнікаў. Увесь час праводзіліся семінары, майстар-класы, адкрытыя ўрокі. Сельскай школе ёсць чым ганарыцца: 65 працэнтаў выпускнікоў мінулага года паступілі ва УВА, сярод іх дзве залатыя медалісткі і адна стабальніца на ЦЭ.
— Уменне размаўляць з людзьмі — калегамі, бацькамі вучняў, прадстаўнікамі спонсарскіх арганізацый ці дзяржаўнай установы — вельмі важная якасць для дырэктара. Увесь час быў напоўнены пастаяннымі штуршкамі да развіцця, не было калі сядзець на месцы. Неабходна ж унікаць і ў будаўнічую тэму, каб сачыць за рамонтнымі работамі, і ў пытанні дзейнасці харчаблока, ацяплення школы, забеспячэння кадрамі… Даводзілася і вечарамі разбірацца з дакументамі, і ноччу вырашаць розныя праблемы. Але я не шкадую, што такі вопыт быў у маім жыцці, і, галоўнае, мне не сорамна перад людзьмі за вынікі сваёй працы, — падкрэслівае Уладзімір Андрэевіч.
У адукацыю павінны прыходзіць самыя лепшыя людзі, якія валодаюць высокімі маральнымі якасцямі, — добразычлівыя, адданыя выбранай прафесіі, гатовыя пастаянна самаўдасканальвацца і ісці ў нагу з часам.
Дастойны працяг
Дарэчы, сваё ўласнае шчасце ён сустрэў таксама ў школе. Маладым спецыялістам Вольга Іванаўна прыехала ў вёску ў той жа год, што і Уладзімір Андрэевіч. Пазнаёміліся на танцах, спадабаліся адно аднаму, закахаліся і хутка ажаніліся.
— Яна, як і мая маці, настаўніца пачатковых класаў — добрая, клапатлівая і спагадлівая. Працавалі разам у школе, пакуль Вольга Іванаўна не выйшла на пенсію. Для мяне яна надзейны сябар і вялікая падтрымка. Разам выгадавалі трох дачок, дачакаліся ўнукаў, — дзеліцца педагог.
Уладзімір Андрэевіч таксама выйшаў на пенсію. Але адпачыць давялося толькі пару летніх месяцаў. У верасні гэтага навучальнага года яго запрасілі вярнуцца ў школу ў якасці настаўніка працоўнага навучання.
— Я пагадзіўся. Атрымліваецца, вярнуўся да таго, з чаго пачынаў, — усміхаецца настаўнік. — Працую на палову стаўкі. Яшчэ вяду заняткі ў гуртку разьбы па дрэве. І раней захапляўся гэтай справай, а зараз хлопчыкам перадаю свае навыкі. Радуе, што яны прыходзяць да мяне з задавальненнем.
Дзве з трох дачок Уладзіміра Андрэевіча прадоўжылі педагагічную дынастыю.
— Старэйшая Алёна скончыла педагагічны каледж у Ваўкавыску. Пачынала ў сельскай школе настаўніцай працоўнага навучання. Потым атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Педагог-псіхолаг”. Сярэдняя Валянціна таксама спачатку вучылася ў Ваўкавыску, затым атрымала ў БДУ спецыяльнасць “Медыка-сацыяльная дапамога насельніцтву”. Працуе ў Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Лунінца. Сёлета ўпершыню прыняла ўдзел у конкурсе прафесійнага майстэрства і заняла 2-е месца ў вобласці ў намінацыі “Педагог сацыяльны”. Яна ў нас крэатыўны чалавек — захапляецца фларыстыкай, стварае такія прыгожыя букеты! Самая малодшая Ганна — анестэзіёлаг-рэаніматолаг. Робіць першыя крокі ў сваёй адказнай і высакароднай прафесіі, — з гордасцю расказвае мнагадзетны бацька.
Трэба быць вельмі ўважлівым да дзіцячых праблем. Каб выхаваць дзіця, неабходна ведаць, чым яно жыве, чым цікавіцца, якімі рысамі характару і талентамі валодае. А зрабіць гэта можна толькі адным спосабам — праводзіць разам больш часу, хадзіць у паходы, прымаць удзел у добрых і карысных справах.
Ён верыць, што дочкі атрымалі ў спадчыну лепшыя якасці прадстаўнікоў іх пакуль яшчэ даволі маладой дынастыі. Спадзяецца, што і ўнукі не застануцца ў баку ад педагагічнага шляху. А зараз у вольны час Уладзімір Андрэевіч займаецца любімымі справамі — пчалярствам, рыбалкай, ходзіць па грыбы і ягады, з жонкай разам вырошчваюць клубніцы. Нездарма ж жывуць у мясцовасці, названай клубнічным раем.
Марына ЖДАНАВА