Моладзь адгукнулася на заклік паўдзельнічаць у конкурсе талісманаў

- 10:47Інфармацыйная гадзіна

Больш за 1 тысячу ўдзельнікаў падалі заяўкі на конкурс па стварэнні талісмана II Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Аб гэтым паведаміў дырэктар фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” Георгій Катулін на прэзентацыі лепшых работ конкурсу.

“Моладзь Беларусі адгукнулася на заклік паўдзельнічаць у конкурсе талісманаў. Ведаю, што прынялі ўдзел цэлыя калектывы студый выяўленчага мастацтва, гурткоў, школ. Мы атрымалі больш за тысячу заявак”, — расказаў дырэктар фонду.

Георгій Катулін адзначыў высокі ўзровень прадстаўленых работ. “Журы конкурсу чакае вялікая работа. Многія з работ — сапраўдныя творы мастацтваў. У кожным з малюнкаў відаць любоў да роднай краіны”, — падкрэсліў ён.

На пляцоўцы “Валанцёр — душа спорту” прадстаўнікі валанцёрскага руху БРСМ “Добрае сэрца” запоўнілі анкету-заяўку кандыдатаў для ўдзелу ў Еўрагульнях-2019 у якасці валанцёраў. Таксама прадстаўнікі нацыянальнай беларускай дэлегацыі на ХIХ Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сочы прэзентавалі “Кнігу добрых пажаданняў” беларускім спартсменам да Еўрагульняў-2019.

Прэзентацыя лепшых работ удзельнікаў конкурсу на распрацоўку талісмана Еўрапейскіх гульняў — 2019 прайшла ў Мінску па ініцыятыве БРСМ у Рэспубліканскім доме моладзі. Наведвальнікі выстаўкі-прэзентацыі прынялі ўдзел у сімвалічным галасаванні, якое не паўплывае на вынікі конкурсу, за лепшыя творчыя прапановы. Афіцыйнымі арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, Міністэрства інфармацыі, фонд “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года”, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія.