Моладзь адказная за будучыню краіны

- 9:20Вышэйшая школа

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава правяла сустрэчу са студэнтамі і выкладчыкамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Кіраўнік верхняй палаты Нацыянальнага сходу адразу прапанавала максімальна адкрыты фармат дыялогу: “Для мяне няма забароненых тэм. Давайце шчыра абмяркуем розныя пытанні, задавайце любыя”. Зацікаўленасць маладзёжнай аўдыторыі была відавочная: размова доўжылася больш за дзве гадзіны. Наталля Іванаўна расказала пра работу беларускіх парламентарыяў у кантэксце грамадска-палітычнага жыцця краіны і міжнароднай палітыкі, праінфармавала аб рэалізацыі рашэнняў, прынятых на VI Усебеларускім народным сходзе.

Думаць, разважаць, аналізаваць

Спікер нагадала словы кіраўніка дзяржавы пра тое, што ў сучасных рэаліях заваяваць свабоду, суверэнітэт краіны неймаверна складана, але значна цяжэй іх утрымаць, зберагчы мір. Звышзадачу можна вырашыць толькі агульнымі намаганнямі. Каб не дапусціць бяды, моладзі трэба глыбока разбірацца ў тых працэсах, што адбываюцца ў соцыуме, умець крытычна ставіцца да інфармацыі з інтэрнэту, адрозніваць праўду ад хлусні і маніпуляцый, не паддавацца на правакацыйныя заклікі, нацэленыя на разбурэнне дзяржавы.

Наталля Качанава: “Я часта сустракаюся з працоўнымі, студэнцкімі калектывамі. Неяк пасля сустрэчы падышоў малады ўрач і заявіў: “Мне дзяржава нічога не дала”. Пытаюся:“Нарадзіліся ў раддоме, у дзіцячы сад, у школу хадзілі?” — “Так”. — “Ва ўніверсітэце вучыліся?” —“На бюджэце”. — “Першае рабочае месца атрымалі?” — “Атрымаў, працую, усё нармальна”. — “А што яшчэ павінна даць дзяржава?” — “Ну, вы гаворыце зусім як мая маці”. — “Можа, варта прыслухацца да маці?!” Праз некаторы час  уручала ўзнагароды медыкам за работу з кавіднай інфекцыяй. Сярод іх быў той самы ўрач. Затрымаўся пасля і кажа: “А я паступіў вучыцца на яшчэ адну спецыяльнасць, у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь”. Нельга жыць толькі эмоцыямі, трэба думаць, аналізаваць. Выкананне сацыяльных гарантый забяспечвае дзяржава. На сацыяльную сферу выдаткоўваецца каля 70 працэнтаў бюджэту, які фарміруецца з падатковых адлічэнняў і напрамую залежыць ад стабільнай работы прадпрыемстваў. Заклікі да іх спынення, санкцыі — не супраць улады, а супраць кожнага чалавека ў краіне”.

Найвышэйшы прыярытэт

Узрастае ўвага і да адукацыі, маральна-духоўнага, грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і падлеткаў. У першую чаргу — на асабістым прыкладзе педагогаў, сям’і. Вялікае значэнне надаецца СМІ. Неабходна пашыраць прысутнасць органаў улады, грамадскіх арганізацый у інтэрнэт-прасторы. У цэлым сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў краіне спікер ахарактарызавала як устойлівую, нягледзячы на дэструктыўны знешні націск. Беларусь валодае неабходнымі рэсурсамі для развіцця, падтрымкі сацыяльнай сферы, навукі, інавацый, перспектыўных вытворчасцей.

Наталля Качанава: “Самае істотнае для чалавека — не грошы або матэрыяльныя каштоўнасці. Важна, каб панавалі мір і згода. Нашы продкі не так даўно па гістарычных мерках змагаліся за свабоду і незалежнасць Радзімы ў час Вялікай Айчыннай вайны. Перамога аплачана надзвычай дарагой цаной: жыццямі мільёнаў суайчыннікаў. Родная зямля — Полацк не выключэнне — ляжала ў руінах. Колькі працы і часу спатрэбілася, каб выправіць наступствы вайны, генацыду насельніцтва! У Беларусі фашысцкая навала закранула кожную сям’ю. Мая маці жыла ў акупацыі, ваенныя ўспаміны яе дзяцінства жахлівыя. У 5 класе мне пашчасціла пазнаёміцца з Зінаідай Тусналобавай-Марчанка, калі мы хадзілі віншаваць яе з Днём Перамогі. У доме, дзе я жыла, многія суседзі вярнуліся з вайны. Здрадзіць героям і ахвярам Вялікай Айчыннай, памяці пра іх мы не маем права і зробім усё, каб захаваць сваю краіну суверэннай, незалежнай, міралюбнай”.

Аб дапаўненнях і змяненнях у Канстытуцыю

Такое рашэнне было прынята на VI Усебеларускім народным сходзе. Па просьбе моладзі Наталля Іванаўна дала разгорнуты каментарый прапаноў, падтрыманых парламенцкай рабочай групай. Сярод навацый — наданне канстытуцыйнага статусу Усебеларускаму народнаму сходу, увядзенне інстытута ўпаўнаважанага па правах чалавека і адзінага дня галасавання (выбары дэпутатаў усіх узроўняў), пераразмеркаванне паўнамоцтваў у структурах дзяржаўнай улады, павелічэнне да 40 гадоў мінімальнага ўзросту кандыдатаў у прэзідэнты пры ўмове іх пражывання ў Беларусі на працягу не менш за 20 гадоў, азначэнне шлюбу як саюза мужчыны і жанчыны, гарантыі правоў людзей з інваліднасцю, недапушчэнне скажэнняў гістарычнай памяці і перапісвання гісторыі. Усяго адрэдагаваны 54 артыкулы. “Гэта не канчатковы варыянт, у найбліжэйшы час праект будзе вынесены на ўсенароднае абмеркаванне, — падкрэсліла Старшыня верхняй палаты Нацыянальнага сходу. — Таксама ўсе падтрымалі, што павінна застацца прэзідэнцкая форма праўлення”.

Калі скончыцца пандэмія? Ці варта прышчэплівацца ад кавіду?

У адказе на першае пытанне Наталля Іванаўна спаслалася на прагнозы вучоных-інфекцыяністаў: верагодна, у 2024 годзе. Разам з тым сітуацыя няпэўная і вельмі сур’ёзная, бо вірус муціруе. У цяперашні час цыркулюе дэльта-штам, назіраецца высокая захваральнасць сярод моладзі, дзяцей і цяжарных. Раней такіх пацыентаў было менш. Адзіная панацэя сёння — вакцынацыя. У краінах, дзе 70 і больш працэнтаў насельніцтва прышчапіліся, ужо адышлі ад абмежавальных мер.

Наталля Качанава: “Калі няма медыцынскіх супрацьпаказанняў, трэба не сумнявацца, а неадкладна прышчэплівацца. Гэта клопат не толькі пра ўласнае жыццё і здароўе, але і пра тых людзей, якія побач, пра дабрабыт краіны.  Я перахварэла на кавід і, як толькі з’явілася магчымасць, зрабіла прышчэпку. У любым выпадку мы строга кантралюем забеспячэнне хворых месцамі ў бальніцах, наяўнасць кіслароду, апаратаў ШВЛ, лекавых сродкаў. Неабходна выконваць масачны рэжым, сацыяльнае дыстанцыяванне, патрабаванні гігіены. Прыкладаў, калі медыкам удаецца выратаваць цяжка хворых, — шмат. Але, на жаль, здараюцца і іншыя гісторыі. Паратунак у вашых руках”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.