Моладзь па-ранейшаму недастаткова прадстаўлена ва ўладзе

- 11:21Інфармацыйная гадзіна

У парламентах свету амаль няма моладзі, паведамляе Цэнтр навін ААН. Маладыя людзі займаюць толькі 1,9 працэнта месцаў у вышэйшых органах заканадаўчай улады.

Нягледзячы на ўсе прыкладзеныя намаганні, маладыя людзі па-ранейшаму недастаткова прадстаўлены ў вышэйшых органах заканадаўчай улады. Аб гэтым гаворыцца ў новым дакладзе Міжпарламенцкага саюза, які быў прадстаўлены на Сусветнай канферэнцыі маладых парламентарыяў у сталіцы Замбіі Лусака. Паводле даных экспертаў, маладыя людзі ва ўзросце да 30 гадоў займаюць усяго толькі 1,9 працэнта ўсіх месцаў у вышэйшых органах заканадаўчай улады.
Амаль трэць парламентаў свету не маюць ні аднаго дэпутата ва ўзросце да 30 гадоў. Толькі ў чатырох краінах (Эквадоры, Нарвегіі, Фінляндыі і Швецыі) сярод народных выбраннікаў больш як 10 працэнтаў — маладыя людзі, якія не дасягнулі 30 гадоў.
Міжпарламенцкі саюз настойліва рэкамендуе дабівацца больш актыўнага ўключэння моладзі ў прыняцце рашэнняў на вышэйшым узроўні. У свеце пражывае беспрэцэдэнтная колькасць маладых людзей — 1,8 млрд чалавек. Дзевяць дзясятых усёй моладзі свету — жыхары краін, якія развіваюцца. У некаторых з іх моладзь складае больш як трэць насельніцтва.
Міжпарламенцкі саюз быў створаны ў 1889 годзе. Яго мэта — заахвочванне асабістых кантактаў паміж членамі парламентаў свету і іх аб’яднанне для сумеснай дзейнасці па ўмацаванні міжнароднага міру і супрацоўніцтва.