Моладзь разумее важнасць выбараў

- 10:20Інфармацыйная гадзіна, Рознае

У большасці выпадкаў моладзь Беларусі разумее важнасць выбараў як часткі дэмакратычнай сістэмы. Аб гэтым гавораць вынікі даследавання на тэму “Электаральныя паводзіны моладзі Рэспублікі Беларусь”, якое праводзіла Маладзёжная лабараторыя сацыялагічных даследаванняў пры ЦК БРСМ з 17 ліпеня па 16 жніўня. Аб гэтым паведаміла каардынатар работы лабараторыі Алеся Віннік.

Мэта даследавання — вывучэнне палітычных арыентацый і электаральных паводзін маладых мужчын і жанчын краіны напярэдадні парламенцкіх выбараў. Усяго было апытана 1 тысяча чалавек ва ўзросце ад 16 да 32 гадоў. Даследаванне дало магчымасць ацаніць уключанасць маладых беларусаў у палітычнае жыццё краіны, ацаніць іх інтарэс да палітычных падзей, вывучыць іх матывы ўдзелу ў выбарах, якія маюць адбыццца, і прагназаваць ступень актыўнасці іх удзелу ў гэтым мерапрыемстве.

Як паказалі вынікі апытання, больш як 70 працэнтаў рэспандэнтаў плануюць прыняць удзел у галасаванні на выбарах 11 верасня. Галоўным матывам такога рашэння з’яўляецца ўспрыманне іх як грамадзянскага абавязку (52 працэнты). Сярод матываў рэспандэнты таксама адзначылі, што выбары — гэта добры спосаб удзелу ў вырашэнні грамадскіх праблем (21 працэнт). Рэспандэнты, якія не плануюць удзел у выбарах, у 40 працэнтах выпадкаў не могуць назваць прычыну гэтага рашэння.

Больш як палова рэспандэнтаў адзначылі, што яны цікавяцца палітыкай (56 працэнтаў) і час ад часу сочаць за палітычнымі навінамі ў краіне і свеце (54 працэнты). Большая частка апытаных адказала, што абмяркоўвае палітычныя падзеі ў сям’і (64 працэнты).

Да найбольш эфектыўных спосабаў уздзеяння на органы дзяржаўнай улады з мэтай адстойвання сваіх інтарэсаў рэспандэнты адносяць зварот у СМІ (38 працэнтаў) і ўдзел у выбарах і рэферэндумах (38 працэнтаў).

Як пракаменціравала вынікі апытання Алеся Віннік, у цэлым атрыманыя даныя сведчаць аб уключанасці маладых беларусаў у палітычнае жыццё краіны на ўзроўні маштабных падзей (выбары), наяўнасці ўмеранага інтарэсу да палітычных падзей. Моладзь Беларусі паказвае зацікаўленасць у палітыцы на ўзроўні ведаў і ўяўленняў аб палітычных працэсах у грамадстве і палітычным асяроддзі сваёй краіны, пры гэтым у большасці захоўваючы нейтралітэт у выбары сваёй палітычнай пазіцыі.