Моладзь трэба пачуць і зразумець

- 10:58Адукацыйная прастора

Напярэдадні завяршэння раённага этапу конкурсу работ творчай моладзі “Залатое пяро “Белай Русі” — 2017” у штаб-кватэры рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” адбылася рабочая нарада членаў рэспубліканскага і абласных журы конкурсу, у рабоце якой узялі ўдзел кіраўнікі аб’яднання, прадстаўнікі міністэрстваў інфармацыі і адукацыі Рэспублікі Беларусь, вядучых УВА і сродкаў масавай інфармацыі краіны.

“Залатое пяро “Белай Русі” — конкурс для неабыякавых сэрцаў, для тых, для каго такія паняцці, як Радзіма і патрыятызм, не пусты гук, а неад’емная частка жыцця. За чатыры гады ў конкурсе, які праходзіць пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Міністэрства інфармацыі, узялі ўдзел больш за тры тысячы творцаў з усіх куткоў нашай Радзімы. Членамі журы было ацэнена больш як дванаццаць тысяч друкаваных старонак, больш за дзве тысячы фотаздымкаў і прагледжана звыш дзесяці гадзін відэаматэрыялаў. Пераможцы мінулых конкурсаў — 24 прадстаўнікі навучэнскай і рабочай моладзі, многія з якіх сталі студэнтамі факультэтаў журналістыкі краіны.

Удзельнікі нарады закранулі пытанні павышэння ўзроўню якасці рэгіянальных СМІ, магчымасці і сродкі стымулявання грамадскай і палітычнай актыўнасці моладзі. Як прывіць падрастаючаму пакаленню любоў да творчасці і што чакае “Залатое пяро” ў будучыні ў кантэксце мэт і задач конкурсу — гэтыя і іншыя аспекты таксама былі абмеркаваны падчас сустрэчы.

Калі галоўным новаўвядзеннем мінулага года стала правядзенне конкурсу ў тры этапы, то сёлета змены закранулі ўзроставы крытэрый. Цяпер у конкурсе могуць прыняць удзел маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, а ў намінацыі “Беларусь вачыма дзяцей” — ад 12 да 17 гадоў.

Як заявіў старшыня “Белай Русі” Аляксандр Радзькоў, сёння неабходна вызначыць, у якім фармаце будуць праводзіцца цырымоніі ўзнагаро-джання пераможцаў этапаў конкурсу, якіх вядомых людзей варта запрасіць да ўдзелу ў рабоце журы і якія вынікі чакаюць арганізатары “Залатога пяра”. Таксама Аляксандр Міхайлавіч прапанаваў стварыць па выніках конкурсу зборнік, у які будуць уключаны работы пераможцаў і сучасная аўтарская публіцыстыка.

Намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч выказаў упэўненасць у неабходнасці правядзення падобных конкурсаў і запэўніў, што Міністэрства інфармацыі заўсёды гатова падтрымаць такія ініцыятывы “Белай Русі”.

Генеральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелТА Дзмітрый Жук прапанаваў у будучыні зрабіць конкурс больш канвергентным і не працаваць у строгіх рамках стыляў і жанраў. Таксама, на яго думку, работы павінны быць не толькі пра мінулае і сучаснасць Беларусі, але і пра магчымую будучыню краіны.

Словы Дзмітрыя Жука знайшлі падтрымку і ў галоўнага рэдактара газеты “Рэспубліка” Васіля Мацвеева. Паводле яго слоў, асноўная інфармацыйная прастора для сённяшняй моладзі — інтэрнэт, таму пры арганізацыі конкурсу ў будучыні варта звярнуць пільную ўвагу на такія сродкі падачы інфармацыі, як блогі і асабістыя вэб-старонкі.

Спецыяльны карэспандэнт абласной газеты “Магілёўскія ведамасці” Віктар Кубека прапанаваў наогул адмовіцца ад жанравай залежнасці і прымаць усе работы, якія адпавядаюць зададзенай тэматыцы.

Гаворачы аб асноўных задачах конкурсу, загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі БДУ Віктар Іўчанкаў адзначыў, што галоўная ідэя конкурсу — дайсці да кожнага, даць магчымасць сучаснай моладзі быць пачутай, а для “Белай Русі” гэты конкурс — выдатная магчымасць наладзіць інфармацыйнае супрацоўніцтва з усімі рэспубліканскімі і рэгіянальнымі СМІ.

Таксама ўдзельнікі нарады выказаліся аб неабходнасці заснавання прыза за лепшую работу па версіі наведвальнікаў сайта аб’яднання, а таксама магчымасці прадастаўлення лепшых работ конкурсу ў якасці публікацый пры паступленнi на факультэты журналістыкі. Безумоўна, у найбліжэйшай перспектыве конкурс чакаюць змены, якія будуць арыентаваны на сферу інтарэсаў сучаснай моладзі.

У чэрвені арганізатары назавуць 12 пераможцаў і прызёраў V Рэспубліканскага конкурсу “Залатое пяро “Белай Русі” па шэрагу намінацый: “Журналістыка XXI стагоддзя” (даследчыя эсэ аб праблемах і тэндэнцыях развіцця сучасных СМІ і іх уплыве на светапогляд моладзі), “Беларусь вачыма дзяцей” (друкаваныя матэрыялы аб культурна-гістарычнай і духоўнай спадчыне Беларусі), “Сямейны альбом” (каштоўнасць сямейных традыцый і сувязі пакаленняў, адлюстраваныя праз мастацкую фатаграфію), “Твой погляд” (відэапраекты аб праблемах падрастаючага пакалення беларусаў).

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.