Моладзь, творчасць і вясна

- 14:15Прафесійна-тэхнічная адукацыя

У Віцебску заспявала і зашумела 15-я “Студэнцкая аграрная вясна”. Фестываль сабраў разам творчыя калектывы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі аграрнага напрамку. Як і прыродная вясна, “Студэнцкая аграрная вясна” была непрадказальнай, эмацыянальнай, напоўненай яркімі момантамі і, як заўсёды, чаканай.

Фестывальныя падзеі адбываліся ў Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Удзельнікамі фестывалю сталі больш за 300 чалавек. Яны прадстаўлялі Аграрны каледж Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, Рэчыцкі дзяржаўны аграрны каледж, Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж, Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж, Лепельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж. 

Штогод  фестываль  становіцца пляцоўкай, дзе віруе маладая энергія. Спорт, творчасць, танцы, гульні — тут ёсць усё для таго, каб кожны мог праявіць сябе, знайсці аднадумцаў і сяброў.

— Фестываль — гэта месца сустрэчы прагрэсіўнай і мэтанакіраванай мола­дзі. Мера­прыемства ўжо праводзіцца 15 гадоў і ўвесь гэты час застаецца запатрабаваным у навучэнцаў, — расказвае Віктар Іосіфавіч Васюцёнак, начальнік аддзела выхаваўчай работы з моладдзю Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. — Кожны год  з пачаткам вясны прадстаўнікі каледжаў пачынаюць самі тэлефанаваць нам і пытацца пра дакладныя даты, праграму, асаблівасці правядзення фестывалю. Словам, у­дзельнікі не проста чакаюц­ь запрашэння, а самі выхо­дзяць на сувязь, таму што веда­юць, што кожны фестываль — гэта грандыёзная падзея, напоўненая яркімі момантамі і непаўторнай атмасферай творчага яднання.

Вясновыя перамогі

“Студэнцкая аграрная вясна” — гэта шэраг разнастайных мерапрыемстваў. Па выніках удзелу ў іх вызначаюцца пераможцы асобных конкурсаў і пераможца фестывалю. Так, агульнакаманднае першынство вызначалася па суме набраных балаў з улікам вынікаў конкурсу канцэртных праграм творчых калектываў, каманд КВЗ, конкурсу дыджэяў, турніру інтэлектуальных гульняў, спартыўных спаборніцтваў, а таксама круглага стала сакратароў і актыву  БРСМ і прафкама навучэнцаў.

Турнір па інтэлектуальных гульнях уключаў чэмпіянаты па гульнях “Брэйн-рынг” і “Свая гульня”. Прадэманстраваўшы бліскучыя веды і эрудыцыю, перамогу ў ін­тэлектуальным спаборніцве атрымала каманда Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. 

Таксама ў рамках фестывалю творчыя калектывы каледжаў прадставілі свае лепшыя канцэртныя праграмы, у якіх яны з дапамогай разнастайных мастацкіх сродкаў увасобілі тэму “Героі Айчыны”. Нумары былі відовішчнымі і прадстаўлены на высокім узроўні, канкурсанты прадэманстравалі цікавыя творчыя знаходкі і паважлівае стаўленне да прапанаванай тэмы. Лепшыя канцэртныя праграмы, на думку журы, прадставілі Рэчыцкі і Ільянскі дзяржаўныя аграрныя каледжы. 

Прадстаўнікі Ільянскага каледжа ў сваёй праграме расказалі аб лёсе роднай Ільяншчыны ў час Вялікай Айчыннай вайны і аб героях-земляках, якія набліжалі Перамогу. У выступленні знайшлі адлюстраванне гісторыя спаленых вёсак на Вілейшчыне, расстрэлу мясцовых яўрэяў, пакуты тых, хто адправіўся на фронт, і тых, хто вымушаны быў выжываць у акупацыі. Трагічная гісторыя была расказана чулліва і далікатна дзякуючы таленту навучэнцаў каледжа. Праявіць сябе найлепшым чынам ім дапамаглі намеснік дырэктара каледжа па выхаваўчай рабоце Людміла Мікалаеўна Мікуліч, выхавальнік Кацярына Васільеўна Гамолка і культарганізатар Казімір Казіміравіч Талстыка.

Прадстаўнікі Рэчыцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа прадставілі іншае прачытанне тэмы. Яны расказалі аб героях нашага часу — таленавітай і крэатыўнай моладзі, якая, аддаючы даніну павагі славутым продкам, сёння здзяйсняе свае подзвігі.

— Гэта абсалютна новая праграма, якую мы зрабілі за даволі кароткі тэрмін. Для гэтага спатрэбілася ўпартая праца, і я ўдзячна нашым навучэнцам, якія не пакідалі рэпетыцыйную залу, не атрымаўшы жаданага выніку, — расказвае Наталля Віктараўна Сідарэйка, педагог дадатковай адукацыі Рэчыцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа.

У пастаноўцы былі задзейнічаны ў асноўным удзельнікі двух творчых калектываў каледжа — вакальнай студыі “Джэм” пад кіраўніцтвам Н.В.Сідарэйка і харэаграфічнага калектыву “Адажыа” пад кіраўніцтвам Н.Я.Кішкарэнка. На сцэну ў складзе рэчыцкай каманды выйшлі практычна гатовыя артысты. Цяжка паверыць, што практычна ўсе яны зусім нядаўна пачалі выступаць на сцэне. Але гэта так, большасць з іх менавіта ў каледжы пачалі раскрываць свае таленты. А ўсё дзякуючы педагогам установы, якія з вялікай любоўю працуюць з дзецьмі.

— У творчыя аб’яднанні па інтарэсах прыходзяць навучэнцы без музычнай ці харэаграфічнай падрыхтоўкі. Яны прыхо­дзяць закрытымі, яршыстымі, недаверлівымі. Аднак варта толькі падабраць да іх ключык, як яны мяняюцца на вачах — і вось ужо і спяваюць, і танцуюць, і ўдзельнічаюць у тэатралізацыях. Яны ўсе розныя, аднак кожны па-свойму цікавы. Такія мерапрыемствы, як “Студэнцкая аграрная вясна”, ім проста неабходны, каб паверыць у сябе, адчуць асалоду ад вынікаў сваёй творчай працы, — лічыць Наталля Віктараўна Сідарэйка.

Лідары з Пінска

Галоўны прыз “Студэнцкай аграрнай вясны” адпраўляецца ў Пінск — выніковае 1-е месца фестывалю прысуджана камандзе Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа. Дарэчы, прадстаўнікі гэтай установы ўдзельнічалі ў кожным фестывалі з моманту яго заснавання. На мінулым мерапрыемстве пінчане нават атрымалі спецыяльную ўзнагароду ад арганізатараў за захаванне фестывальных традыцый. Вопыт і ўзмоцненая падрыхтоўка дапамаглі каман­дзе захапіць лідарства адразу ў некалькіх конкурсных выпрабаваннях.

Так, пінчане былі першымі ў спартландыі, якая прадугледжвала гульнявыя спаборніцтвы на хуткасць і спрыт. Падрыхтавацца спартсменам дапамагаў кіраўнік фізвыхавання каледжа Сяргей Мікалаевіч Сергіевіч. Таксама пінчане перамаглі ў конкурсе каманд КВЗ “Вясновы кубак усмешак”, тэма якога — “Сямейныя каштоўнасці”. У каледжы паспяхова дзейнічаюць творчыя аб’яднанні “КВЗ” і “Ківін”, кіраўніком якіх з’яўляецца Андрэй Віктаравіч Занько. Удзельнікі аб’яднанняў высту­паюць практычна на ўсіх мерапрыемствах у каледжы, ва ўстанове праводзяц­ь свае спаборніцтвы па КВЗ. Гэты вопыт дапамог і на фестывальнай сцэне. У конкурсе танцавальна-забаўляльных праграм “DJ-мікс” таксама не было роўных камандзе з Пінска. DJ Міхаіл Цюрмаста і МС Андрэй Віктаравіч Зань­ко прымусілі танцаваць усіх, іх выступленне мела танцавальнае суправа­джэнне, уключала светлавое, дымавое і папяровае шоу.

У рамках фестывалю прайшоў круглы стол актыву пярвічных арганізацый БРСМ і прафсаюза навучэнцаў. Прадстаўнікі актыву пярвічак расказвалі аб рабоце арганізацыі на працягу года — культурна-масавай рабоце, валанцёрскім руху, патрыятычным выхаванні і інш. Гэтыя выступленні таксама ацэньваліся і ўлічваліся ў конкурсных спаборніцтвах. Работу пярвічак Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа журы прызнала лепшай. Навучэнцы не толькі актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх рэспубліканскіх акцыях і конкурсах, але і прыдумваюць свае. Так, навучэнцы ўпадабалі чэлендж “Ліст дадому!”,  фотаконкурс “Фота з вышыванкай”. Адзін з найважнейшых напрамкаў дзейнасці — работа з ветэранамі. Навучэнцы ўвекавечылі ўспаміны землякоў — удзельнікаў вайны ў буклеце, а ў гэтым годзе ўсе сабраныя аповеды ўвасобілі на сцэне ў драматычнай баладзе “Гісторыя адной сям’і”.Творчую прэзентацыю вопыту работы каледжа прадставілі выкладчыкі Рынат Газінуравіч Муратаў і Алена Віктараўна Мараўская, а таксама навучэнцы Дар’я Гарбуз і Кірыл Барысенка.

Падмуркам поспехаў Пінскага аграрнага тэхналагічнага каледжа ў разнастайных конкурсах і фестывалях, у тым ліку і на “Студэнцкай аграрнай вясне”, з’яўляецца тое, што ва ўстанове клапоцяцца не толькі аб прафесійнай падрыхтоўцы навучэнцаў, але і аб іх эстэтычным і творчым выхаванні. 

Далучэнне да творчасці ў самых розных яе праяўленнях пачынаецца ў каледжы яшчэ падчас работы з патэнцыяльнымі абітурыентамі. У прафарыентацыйнай рабоце акцэнт робіцца на тым, якія магчымасці прадастаўляе каледж для ўсебаковага развіцця моладзі. Тут кожны можа паспрабаваць сябе ў даследчай дзейнасці, тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, КВЗ, вакале, харэаграфіі і тэатральнай дзейнасці. Для гэтага ў каледжы ёсць усё неабходнае: сучаснае абсталяванне, студыі для заняткаў, а самае галоўнае — таленавітыя і захопленыя педагогі дадатковай адукацыі, здольныя ў кожным навучэнцы знайсці іскрынку таленту. Гэта В.В.Ляшчынская, Л.У.Варазлова, В.К.Паляўчук., А.В.Занько, А.В.Мараўская і інш. У каледжы дзейнічаюць 15 аб’яднанняў па інтарэсах і 8 спартыўных секцый. Творчыя калектывы каледжа  рэгулярна і паспяхова ўдзельнічаюць у творчых мерапрыемствах рознага ўзроўню.

— Што дае навучэнцам правільна арганізаваная дзейнасць у вольны час? — разважае намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-метадычнай рабоце Наталля Сяргееўна Чыжыкава. — Для тых, хто ў школе быў уцягнуты ў творчае асяроддзе, — гэта магчымасць займацца любімым захапленнем. Для пачынаючых, а такіх большасць, — гэта магчымасц­ь заявіць аб сабе, падняць свой аўтарытэт сярод аднакурснікаў. Падчас заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах у навучэнцаў фарміруюцца камунікатыўныя навыкі, дысцыплінаванасць, уменні працаваць у камандзе, несці адказнасц­ь за агульную справу — усё гэта, безумоўна, спатрэбіцца ім у будучыні ў прафесійнай дзейнасці. Трапіўшы ў творчыя аб’яднанні на 1 курсе, навучэнцы не сыхо­дзяць з іх аж да заканчэння каледжа, а затым, прыйшоўшы на вытворчасць у якасці маладых спецыялістаў, актыўна ўключаюцца ў грамадскае жыццё арганізацый.

Спаборніцтва яднае

Прадстаўнікі ўсіх каледжаў, з якімі мне давялося пагутарыць, адзначалі, што жадаючых паехаць на “Студэнцкую аграрную вясну” ім ніколі не прыходзіцца шукаць.

— Жадаючых стаць удзельнікамі фестывалю ў нас заўсёды многа, нам нават даводзіцца праводзіць адбор. Асабліва хочуць паехац­ь тыя, хто ўжо быў на мерапрыемстве і адчуў яго ўнікальны дух. Як ні дзіўна, на гэтым мера­прыемстве дух спаборніцтва не раз’ядноўвае, а, наадварот, яднае. Да сярэдзіны фестывалю ўжо ўсе пасябравалі і хварэюць у конкурсах не толькі за свой каледж, але і за новых сяброў, — расказвае Наталля Віктараўна Сідарэйка, педагог дадатковай адукацыі Рэчыцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. — Праграма фестывалю вельмі насычаная, нашы навучэнцы валіліся ад стомы, але не хацелі прапусціць ні хвіліны. У выніку дадому яны вярнуліся акрыленыя і адразу пачалі марыць аб “Аграрнай вясне” наступнага года.

Кожны год вясна абуджае прыроду, гэтак жа і “Студэнцкая аграрная вясна” абу­джае творчыя сілы навучэнцаў. Будучыя заатэхнікі і ветэрынары, трактарысты і механікі раскрываюцца тут з новых бакоў і становяцца спевакамі і танцорамі, дыджэямі і акцёрамі. Нядзіўна, што яны з нецярпеннем зноў і зноў чакаюць новую вясну.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены арганізатарамі мерапрыемства.