Моладзь у навуцы — нашы перспектывы

- 11:29Актуально, Апошнія запісы

Ушанаванне лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў адбылося 22 студзеня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Ва ўрачыстасцях узялі ўдзел міністр адукацыі нашай краіны, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Міхаіл Жураўкоў, першы намеснік міністра, доктар фізіка-матэматычных навук, дацэнт Вадзім Богуш, старшыня савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, рэктар БДУ, акадэмік Сяргей Абламейка.
У сваім віншавальным слове да прысутных міністр адукацыі адзначыў, што развіццё навукі з’яўляецца прыярытэтным напрамкам для кожнага ўніверсітэта, а моладзь у навуцы — гэта нашы перспектывы.
У Белдзяржуніверсітэце функцыянуе 41 студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя, з якіх 26 займаюцца даследаваннямі ў галіне прыродазнаўчых навук і 15 — у галіне сацыяльна-гуманітарных. У гэтых лабараторыях навуковай дзейнасцю займаецца каля 700 студэнтаў і магістрантаў. Штогод імі публікуецца каля 600 артыкулаў у выданнях рознага ўроўню і 250 тэзісаў дакладаў. Шэсць лепшых студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый атрымлівалі заахвочванне спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, дзве з іх заахвочваліся тры разы.
Міхаіл Анатольевіч уручыў нагрудныя знакі і пасведчанні спецыяльнага фонду. Іх атрымалі пераможцы Міжнароднай студэнцкай алімпіяды ў галіне інфарматыкі і праграмавання (Расія, 2013) Сяргей Жгіроўскі, Андрэй Малевіч, Раман Удавічэнка, Яўген Грыцкевіч, Аляксей Колесаў, Аляксандр Некрашэвіч, а таксама пераможцы ХХV Канферэнцыі маладых навукоўцаў краін Еўрапейскага саюза (Чэхія, 2013) Максім Бязрукаў і Аляксандр Стадольнік. Усе яны прадстаўнікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ.
Пасведчанні аб назначэнні стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за поспехі ў вучобе і навуцы былі ўручаны Кацярыне Кумец, Кацярыне Таўгень і Аляксею Фёдараву. Пасведчанні фонду былі ўручаны і тром пераможцам XIX Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў, шасці прызёрам Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды і лаўрэатам міжнародных, рэспубліканскіх конкурсаў і іншых мерапрыемстваў.
Не засталіся без увагі і выкладчыкі БДУ. За асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных студэнтаў і навучэнцаў пасведчаннямі фонду былі ўзнагароджаны 12 супрацоўнікаў гэтай установы. У прыватнасці, узнагароды атрымалі такія вядомыя ў краіне прадстаўнікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, як Барыс Задворны, Барыс Камракоў, Леанід Лаўрыновіч, Сяргей Мазанік, Павел Мандрык, Дзмітрый Базылеў. Акрамя таго, пасведчанні фонду атрымалі навуковыя кіраўнікі дзвюх СНДЛ.
Віншаванні прымалі і пераможцы конкурсу на лепшую навуковую работу сярод студэнтаў БДУ. Дыплом конкурсу ў галіне прыродазнаўчых і тэхнічных навук быў уручаны магістранту фізічнага факультэта Максіму Горлачу.
Дыпломам конкурсу ў галіне сацыяльных і гуманітарных навук быў узнагароджаны студэнт 5 курса гістарычнага факультэта Піліп Падбярозкін за работу “Граф Герхард фон Клевэ і яго канфлікт з Ноўгарадскай рэспублікай”, а яго навуковы кіраўнік дацэнт кафедры гісторыі Расіі Аляксей Мартынюк за высокі ўзровень кіраўніцтва навукова-даследчай работай студэнтаў удастоены граматы БДУ. Граматы за паспяховы ўдзел у конкурсе атрымалі яшчэ 14 студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Акрамя таго, у гэты дзень у Беларускім дзяржаўным універсітэце адбылося чарговае пасяджэнне савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, на якім быў зацверджаны праект расходаў фонду на 2015 год. Разам з тым было прынята рашэнне аб заахвочванні грашовымі прэміямі з уручэннем нагруднага знака “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў i студэнтаў” пераможцаў ХІХ Міжнароднай студэнцкай алімпіяды ў галіне інфарматыкі і праграмавання (Расія, 2014 год).
Грашовыя прэміі атрымаюць пераможцы алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць- 2014”, пераможцы XVI Рэспубліканскага турніру юных матэматыкаў, Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект-2014”, XXIX Літоўскай каманднай матэматычнай алімпіяды на кубак прафесара Ёнаса Кубілюса, II Міжнароднай алімпіяды па эксперыментальнай фізіцы (Расія, 2014 год), ІV Міжнароднага конкурсу маладых аналітыкаў (Расія, 2014 год), ХІ Міжнароднай алімпіяды па эканамічных, фінансавых дысцыплінах і пытаннях кіравання (Расія, 2014 год).
Члены савета фонду прынялі ўдзел у прэзентацыі работы студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Хімія і тэхналогія сілікатаў” і студэнцкага навукова-даследчага эканамічнага клуба “EconoMix” Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, якія былі заахвочаны спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2011 і 2013 гадах.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.