Моладзі — увага і падтрымка

У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шумілін 16 снежня сустрэўся з навучэнцамі Віцебскага кадэцкага вучылішча.

Падчас размовы Аляксандр Генадзьевіч адказаў на шматлікія пытанні кадэтаў. Гаворка ішла ў тым ліку пра развіццё IT-сферы, новыя распрацоўкі беларускіх вучоных, работу па ўдасканальванні штучнага інтэлекту і стварэнні вакцыны ад COVID-19, дзейнасць камітэта па навуцы і тэхналогіях.

— Мне цікава кантактаваць з моладдзю, бо многія перспектыўныя ідэі нараджаюцца ў маладзёжным асяроддзі, — адзначыў госць. — Прыемна зарадзіцца станоўчымі эмоцыямі ад зносін з маладымі людзьмі, якіх прывабліваюць навука і новыя веды. На працягу 7 гадоў мы шэфствуем над кадэцкімі вучылішчамі Беларусі. І як шэфы зацікаўлены ва ўмацаванні іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, падтрымцы маладых і таленавітых навучэнцаў. Кадэты з дзяцін­ства мараць звязаць сваё жыццё з абаронай Айчыны, гэта важная і высакародная мэта. Вядома, ваеннымі ста­нуць не ўсе: сярод кадэтаў шмат будучых інжынераў, тэхнолагаў, вучоных, кіраўнікоў. У Віцебскім кадэцкім вучылішчы вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі, па выніках мінулага года яно прызнана лепшым у сістэме кадэцкай адукацыі краіны.

Аляксандр Шумілін уручыў падзякі лепшым навучэнцам і сертыфікат на дзве тысячы рублёў, якія будуць накіраваны на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы вучылішча, яго дырэктару Сяргею Лагвіненку. У бібліятэчны фонд установы адукацыі шэфы перадалі падборку навуковай і гістарычнай літаратуры.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім кадэцкім вучылішчам.