Ідэі STEM-праектаў у сярэдняй школе № 1 Бешанковіч ідуць ад рэальнага жыцця. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Насустрач збожжу
STEM-клуб на базе ўстановы адукацыі працуе крыху больш за год, але за гэты час зроблена нямала. З самага пачатку за аснову быў узяты напрамак тэхнічнага канструявання. Узначалілі кірунак намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Бешанковіч імя І.І.Строчкі Алена Піскунова і настаўніца біялогіі Людміла Шавель-Берасцень. Тандэм атрымаўся плённым. Рэалізаваны шэраг цікавых праектаў, чатыры з якіх адзначаны ўзнагародамі конкурсаў.
Так, першы праект “Вулкан” паспяхова паўдзельнічаў у конкурсе STEM-праектаў, арганізаваным Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі і адміністрацыяй Парка высокіх тэхналогій. Вынік — прызавое месца ў намінацыі “STEM-педагог” ва ўзроставай групе “5—6 класы”.
Наступны праект “Збожжаўборачная машына — камбайн” быў прэзентаваны на абласным аграфоруме ў Оршы. Механізаваная мадэль камбайна, які сам ездзіць, у якога круціцца жняярка і загараюцца хадавыя агні, атрымала шмат станоўчых водзываў. У хуткім часе распрацоўка стала пераможцай Усерасійскага конкурсу метадычных STEАM-рашэнняў у адукацыі.
Потым была створана мадэль фільмаскопа для праекцыі выяў і слайдаў “Чароўны ліхтар: калядная казка”, якая атрымала дыплом І ступені на адкрытым Віцебскім абласным конкурсе адукацыйных праектаў “Чароўныя STEM-Каляды” для настаўнікаў-прадметнікаў. Была паспяхова працягнута тэма інжынерыі ў сельскагаспадарчай дзейнасці: рэалізаваны STEM-праект “Млын — памочнік у сельскай гаспадарцы”. Ён стаў пераможцам XXV навукова-практычнай канферэнцыі “Квант” у намінацыі “Тэхнічнае канструяванне”.
Навучэнцам не прапаноўваюць гатовых рашэнняў, яны прыходзяць да іх самі.
Ёсць у актыве аб’яднання мадэль разваднога моста праз раку “Гідраўліка”, праект “Біядом” і іншыя распрацоўкі.
— Гэтая дзейнасць матывуе дзяцей мысліць па-наватарску, творча, крытычна. Ідэі для праектаў, што называецца, падказвае жыццё. Так, у нас у Бешанковічах няма моста праз Дзвіну, і навучэнцам было цікава прыдумаць, якім ён мог бы быць, і стварыць мадэль. Пры гэтым мы не прапаноўваем гатовых рашэнняў, дзеці прыходзяць да іх самі. З чаго можна зрабіць корпус праектара? З кардону. А што лепш выкарыстаць, каб работа ішла хутчэй? Каробку з-пад абутку. Якую возьмем крыніцу святла? Ліхтарык на батарэйках больш зручны, чым лямпачка. Так, крок за крокам рухаемся наперад, — расказвае Алена Піскунова.
— Пры стварэнні нашых мадэлей мэтанакіравана выкарыстоўваем экалагічныя матэрыялы, практыкуем другаснае выкарыстанне рэчаў. Такім чынам навучэнцы не толькі набываюць навыкі тэхнічнага канструявання, але і на практыцы замацоўваюць веды па прыродазберажэнні, — дадае Людміла Шавель-Берасцень.
Па словах педагогаў, падчас работы над праектам яны імкнуцца даваць навучэнцам больш паглыбленыя веды па выбранай тэматыцы. Так, перад тым як стварыць мадэль камбайна, разам збіралі інфармацыю аб гэтым відзе сельскагаспадарчай тэхнікі, яе будове і прынцыпе функцыянавання. Вывучылі рынак беларускіх і расійскіх вытворцаў збожжавых камбайнаў, існуючыя мадэлі і ў выніку ўзялі за аснову брэнд “Палессе”.
Падчас такой дзейнасці навучэнцы атрымліваюць вопыт калектыўнага планавання і вырашэння задач, вучацца працаваць ва ўмовах абмежаванага бюджэту і ўпэўніваюцца: па-сапраўднаму цікавыя праекты ствараюцца на стыку навук.
Як на “Вулкане”
Праекты STEM-клуба школы выкарыстоўваюцца для розных мэт. Яны дэманструюцца падчас мерапрыемстваў як прыклад творчасці навучэнцаў, прымяняюцца на некаторых уроках для лепшай нагляднасці вучэбнага матэрыялу. Так, мадэль “Вулкан” — жаданы госць на ўроках па асновах бяспекі жыццядзейнасці, хіміі і геаграфіі. Канструкцыя выканана ў выглядзе гары з застылай мантажнай пены, упрыгожанай лішайнікамі і мхамі, унутры змешчана ёмістасць для вадкасцей. З дапамогай гэтай канструкцыі дзеці з асаблівай цікавасцю знаёмяцца з рэакцыямі пенаўтварэння: што будзе, напрыклад, калі змяшаць перакіс вадароду і дрожджы, у “Кока-колу” кінуць дражэ “Ментас” і г.д. Мае суразмоўніцы адзначаюць, што “Вулкан” цудоўна вытрымлівае шматлікія сустрэчы з “вывяржэннем” пены, толькі лішайнікі і мхі за час эксперыментаў крыху змянілі колер.
Яшчэ адным кірункам дзейнасці школьнага STEM-клуба з’яўляецца робататэхніка. Гэты напрамак узначальвае настаўніца інфарматыкі Зінаіда Генадзьеўна Буракова. Па гэтай тэме тут пачалі працаваць з восені мінулага года, калі школа першай у Бешанковіцкім раёне атрымала робататэхнічныя наборы. Работа таксама ідзе паспяхова.
Праект “Збожжаўборачная машына — камбайн” стаў пераможцам Усерасійскага конкурсу метадычных STEАM-рашэнняў у адукацыі.
Тэхнічным канструяваннем у STEM-клубе школы на пастаяннай аснове займаецца група навучэнцаў 7 класа і наведвальнікі факультатыву “Уводзіны ў аграпрафесіі”, якія вучацца ў 10 і 11 класах, а робататэхніку асвойваюць вучні 9 і 10 класаў. Але ў рамках пазакласнай дзейнасці да заняткаў далучаецца шмат вучняў самых розных узростаў. У памяшканні клуба шматлюдна і ў шосты школьны дзень, і падчас правядзення школьнага лагера, розных мерапрыемстваў.
— Важную падтрымку нашай дзейнасці аказвае Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Удзельнічаем у рабоце клуба “STEM-настаўнік — педагог будучыні”. Гэта і абмен вопытам, і курсавая падрыхтоўка, і майстар-класы, і магчымасць удзелу ў конкурсах, — адзначае Алена Піскунова.
Мае суразмоўніцы ўпэўнены, што важнасць развіцця STEM-адукацыі цяжка пераацаніць. Сённяшнім школьнікам прыйдзецца працаваць ва ўмовах хутказменлівай пад уплывам навукова-тэхнічнага прагрэсу рэчаіснасці, яны павінны быць гатовы вырашаць пытанні, якія ўзнікаюць, хутка, комплексна і нешаблонна. Як паказвае практыка, чым раней дзеці пачынаюць рашаць STEM-задачы, тым лепш з імі спраўляюцца. Работа ў гэтым кірунку ў Бешанковіцкай школе абавязкова будзе пашырацца.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара
P.S. Чытайце матэрыялы дадатку да “Настаўніцкай газеты” “Адукацыйная прастора” ў нумары ад 7 красавіка 2023 года.