Заўтра ў Ліцэі БДУ завершыцца Адкрытая беларуская фізічная алімпіяда школьнікаў.
У спаборніцтве, якое праходзіць у дыстанцыйнай форме, прымаюць удзел каманды з Беларусі, Расіі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Сірыі, Таджыкістана, Турцыі і Узбекістана.
Алімпіяда праводзіцца сярод навучэнцаў дзвюх узроставых груп: малодшай (13—15 гадоў) і старэйшай (ад 16 да 18 гадоў). Спаборніцтва складаецца з двух тураў — эксперыментальнага і тэарэтычнага. Што тычыцца беларускай каманды, то ў яе склад увайшлі тыя школьнікі, якія ўжо дасягнулі высокіх вынікаў на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Кіраўнікамі беларускай каманды выступаюць Арцём Піваварчык і Уладзіслаў Клімашонак.
Акрамя падрыхтоўкі да алімпіяды і ўдзелу ў ёй, для беларускіх школьнікаў у дні правядзення спаборніцтва была арганізавана шырокая культурная праграма. Яна накіравана на тое, каб навучэнцы бліжэй пазнаёміліся з культурай і гісторыяй нашай краіны.
Вялікую цікавасць у юных фізікаў выклікаў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, дзе для іх была арганізавана экскурсія. Навучэнцы паглядзелі, як праходзіць адукацыйная змена, а таксама пазнаёміліся з вучнямі, якія рыхтуюцца да абароны сваіх праектаў па выбраным кірунку навукі.
Сярод удзельнікаў беларускай каманды — дзеці з розных куткоў краіны.
Чытайце матэрыял Наталлі Сахно ў нумары ад 25 лістапада 2022 года.