Мова перамогі

- 12:04Адукацыйная прастора

З перамогай і ўзнагародамі вярнуліся навучэнцы ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці з расійскай сталіцы. Хлопцы і дзяўчаты годна прадставілі свае даследчыя работы на XXI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Мовазнаўства для ўсіх”, якая прайшла ў Маскоўскім педагагічным дзяржаўным універсітэце.

Сёлета тэмай канферэнцыі “Мовазнаўства для ўсіх” была выбрана “Мова і свет захапленняў чалавека”. Па традыцыі навучэнцы 6—11 класаў, якія цікавяцца праблемамі развіцця моў, спрабуюць свае сілы ў лінгвістычных даследаваннях і прадстаўляюць на суд журы вынікі гэтых даследаванняў. Удзельнікамі мерапрыемства сталі больш за 160 школьнікаў краін СНД і Балтыі, якія прадставілі 130 дакладаў на дзевяці секцыях. Мінскую вобласць на канферэнцыі прадстаўлялі навучэнцы Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя і Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна. Вучні са Снова — Віталіна Віннік і Мікалай Наруць — заваявалі дыпломы I ступені. Віталіна з даследаваннем “Тэндэнцыі скарачэння асабістых імёнаў” брала ўдзел у рабоце секцыі “Уласнае імя ў коле захапленняў чалавека”. Мікалай прадставіў работу “Лексема “адзенне” ў складзе паэтычных пейзажных метафар” у секцыі “Лінгвістычная мазаіка”. Работы школьнікі стварылі пад кіраўніцтвам настаўніцы рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы Іны Рычардаўны Віннік. Нягледзячы на свой юны ўзрост — Віталіна вучыцца ў 7 класе, а Мікалай у 6-м, — дзеці з’яўляюцца вопытнымі даследчыкамі. Мікалай стаў пераможцам міжнароднай канферэнцыі “Першыя крокі ў навуку” яшчэ калі быў выхаванцам дзіцячага сада. Віталіна з 1 класа паспяхова ўдзельнічала амаль у 20 канферэнцыях вышэй школьнага ўзроўню.

Дыпломам III ступені была адзначана работа навучэнцаў МДАЛ Ганны Русаковіч і Аляксея Міхайлава “Маўленчы партрэт ліцэіста як спосаб апісання яго асобы”. Работа была зроблена пад кіраўніцтвам выкладчыцы абласнога ліцэя Людмілы Анатольеўны Яршовай і прадстаўлена ў секцыі “Асаблівасці мовы розных маладзёжных плыняў і груп”.

Праграма канферэнцыі прадугледжвала сустрэчы ўдзельнікаў за круглым сталом па актуальных мовазнаўчых тэмах, а таксама інтэлектуальную гульню, якую правялі лепшыя дакладчыкі канферэнцыі мінулых гадоў. Мікалай Наруць і Аляксей Міхайлаў былі адзначаны дыпломамі за актыўны ўдзел у рабоце круглага стала. Аляксей стаў яшчэ і абсалютным пераможцам лінгвістычнай гульні.

Дар’я РЭВА.