Дзякуючы рэспубліканскаму эксперыментальнаму праекту, гімназісты дзвюх устаноў адукацыі Віцебшчыны сталі добрымі сябрамі і працягваюць зносіны не толькі анлайн, але і facetoface.
У рамках праекта па апрабацыі мадэлі фарміравання полікультурнай асобы пяцікласнікі Браслаўскай гімназіі вывучаюць нямецкую мову як другую замежную. І працэс гэты не абмяжоўваецца вучэбнымі заняткамі. Так, у кастрычніку мінулага года быў ініцыіраваны дзіцяча-дарослы міні-праект “Мова сяброўства” па арганізацыі супрацоўніцтва з гімназіяй № 2 Наваполацка, якая таксама з’яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай. Спачатку навучэнцы абменьваліся навагоднімі паштоўкамі, дзе віншавалі адно аднаго на нямецкай мове і расказвалі пра свае захапленні. Затым падрыхтавалі арыгінальныя матэрыялы аб сваіх установах адукацыі (фотаальбом, калажы з QR-кодамі). Гэта дазволіла наведаць адно аднаго, не пакідаючы роднага горада. А ў канцы мая адбылося вочнае знаёмства ўдзельнікаў праекта ў Браслаўскай гімназіі. Васямнаццаць шасцікласнікаў і трое педагогаў з Наваполацка прыехалі, каб сустрэцца афлайн і паразмаўляць не толькі на роднай, але і на англійскай, нямецкай мовах. Спачатку гаспадары запрасілі паўдзельнічаць у гульнях на згуртаванне і ў гімназічным квесце, які ўключаў заданні камунікатыўнага, прыкладнога і пазнавальнага характару. Па выніках навучэнцы стварылі постары, дзе прэзентавалі каманды і ўласныя ўражанні ад сумеснай работы.
Затым гасцей чакала экскурсія па Браславе, дзе нашы гімназісты расказвалі аб славутасцях і гісторыі горада на англійскай, нямецкай і рускай мовах. Не засталася без увагі і культурная спадчына Браслаўшчыны: мы разам зазірнулі ў музей традыцыйнай культуры, дзе змаглі паспрабаваць свае сілы ў пляценні паясоў, стварэнні ганчарных вырабаў і саламяных павукоў-абярэгаў. Завяршылася сустрэча чаяваннем і абмеркаваннем далейшых планаў па развіцці сумеснага праекта. Цяпер Наваполацк чакае браслаўчан з візітам у адказ.
Вольга ЛУКША,
настаўніца англійскай мовы Браслаўскай гімназіі.