Ігар ГРЭЧКА
У пачатку лістапада — Дзяды. Добрая нагода ўспомніць сваіх продкаў: іх лёсы, учынкі, жыццёвыя прынцыпы.
Па адказ на тое ці іншае пытанне мы часцей за ўсё звяртаемся да інтэрнэту. Пошукавыя сайты, сацыяльныя сеткі — у віртуальнай прасторы шмат карыснага кантэнту. Як забіць цвік і змайстраваць шпакоўню, калі саджаць капусту і збіраць ураджай, што рабіць, калі цябе не слухае сын-падлетак… І як нашы прадзядулі і прабабулі знаходзілі адказы на гэтыя пытанні, калі ў іх не было ні Google, ні Яндэкса, ні YouTube, ні Instagram?
“Хто рана ўстае, таму Бог дае”, — любіў паўтараць мамін тата дзед Жэня. Гэта было яго жыццёвае правіла, па такім прынцыпе жылі і яго бацькі, мае прадзеды. Сапраўды, каб у доме быў дастатак, гультаяваць не даводзілася, трэба было рана ўставаць, карміць свойскую жывёлу, завіхацца па гаспадарцы. Тады казалі: “Накармі перш жывёлу, а потым сябе”. На кожны выпадак знаходзілася выслоўе. Цяпер, калі за акном лістапад і
ідуць дажджы, мне прыгадваюцца словы дзеда Колі, татавага бацькі: “Восенню лыжка вады — вядро гразі, вясной вядро вады — лыжка гразі”, “Калі восенню кладзешся на зямлю, накрывайся пакрывалам, калі вясной кладзешся на зямлю, падсцілай пакрывала”.
Нашы продкі цудоўна ведалі, што рабіць, як і калі. А колькі захапляльных аповедаў, цікавых гісторый, прыпраўленых народным гумарам, мне пашчасціла чуць у дзяцінстве. Шкада, тады не было смартфонаў. Якім бы вялікім сёння быў сямейны архіў! Заўсёды ў добрым настроі, мае дзядулі ніколі не скардзіліся на жыццё, хаця цяжкасцей хапала. Яны ўмелі працаваць, умелі радавацца жыццю і ўмелі дзякаваць Богу за кожны дзень. Ці не гэта жыццёвая мудрасць?
Сёння модна складаць радаводы (у Год гістарычнай памяці асабліва актуальна). Многія людзі рэгіструюцца на спецыялізаваных сайтах, запісваюцца ў архівы, вывучаюць там царкоўныя метрыкі, іншыя дакументы. Менавіта з даследавання ўласнага радаводу пачалося захапленне мінулым і ў вядомага краязнаўца настаўніка гісторыі з Мёраў Вітаўта Антонавіча Ермалёнка. Падчас нашай нядаўняй сустрэчы ён з вялікай гордасцю расказваў пра тое, што род Ярмолаў герба Касцеша сягае аж у XVI стагоддзе. Памяць аб продках у сям’і Вітаўта Антонавіча захоўваецца не толькі ва ўспамінах, але і ў сямейных рэліквіях.
Яны ёсць у многіх сем’ях. Гэта можа быць ордэн, атрыманы прадзедам за гераічны ўчынак, сурвэтка, вышытая прабабуляй, або нават манета, якую далёкі продак зарабіў цяжкай працай. Аднак самымі распаўсюджанымі рэліквіямі з’яўляюцца чорна-белыя фотаздымкі. Памятаеце, з якой цікавасцю мы любілі разглядваць іх у дзяцінстве, якімі дзівоснымі і неверагоднымі здаваліся прычоскі і адзенне людзей, што глядзелі на нас праз смугу часу? Восеньскія Дзяды — выдатная нагода сабрацца за сямейным сталом і яшчэ раз перагледзець старыя фотаздымкі, прыгадаць нашых продкаў. Успомніць, якімі яны былі людзьмі.
Нам ёсць чаму павучыцца ў дзядоў. У першую чаргу — жыццёвай мудрасці.