На Брэстчыне падвялі вынікі абласнога конкурсу “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога”. Арганізатарамі спаборніцтва, у якім удзельнічалі педагогі, што маюць сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій, выступілі ўпраўленне адукацыі аблвыканкама і абласны інстытут развіцця адукацыі.
— Асноўная мэта конкурсу заключаецца ў аб’яднанні намаганняў творчых педагогаў вобласці ў распрацоўцы эфектыўных урокаў з выкарыстаннем мультымедыйных матэрыялаў, павышэнні матывацыйнага ўзроўню настаўнікаў пры іх прымяненні на вучэбных занятках і папаўненні абласнога банка распрацовак мультымедыйных урокаў. Акрамя таго, спаборніцтва садзейнічае папулярызацыі і эфектыўнаму ўкараненню сучасных методык у правядзенні заняткаў з выкарыстаннем ІКТ, павышае матывацыйна-адукацыйны ўзровень навучэнцаў праз прымяненне інтэрактыўных элементаў электронных адукацыйных рэсурсаў, а таксама развівае інтэлектуальныя і крэатыўныя здольнасці педагогаў і школьнікаў, — расказаў начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра інфарматызацыі і рэсурснага забеспячэння адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА А.У.Нарывончык.
Конкурс праводзіўся ў два этапы. Першы этап вызначаў пераможцаў у рэгіёнах. Другі этап складаўся з двух тураў — завочнага і вочнага. Для ўдзелу ў конкурсе педагогі-прадметнікі распрацоўвалі ўрокі па пэўных тэмах з абавязковым уключэннем у іх структуру і змест медыя- і мультымедыякампанентаў, якія забяспечвалі б нагляднасць вучэбнага матэрыялу, яго інтэрактыўнасць і даступнасць успрымання і асваення з боку школьнікаў.
Па выніках завочнага тура былі вызначаны 6 лепшых педагогаў. Такім чынам, у вочным туры спаборніцтва, які праводзіўся ў форме адкрытых майстар-класаў па адзінай тэме “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыйнай практыцы педагога”, удзельнічалі настаўніца матэматыкі Наталля Міхайлаўна Калбовіч з сярэдняй школы № 7 Пінска, настаўніца рускай мовы і літаратуры Рыта Аляксандраўна Савіцкая з Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна, настаўніца біялогіі Святлана Мікалаеўна Суботка з гімназіі Кобрына, настаўнік хіміі Сяргей Уладзіміравіч Абярган з сярэдняй школы № 1 Ляхавіч, настаўніца англійскай мовы Жанна Рыгораўна Наўцэвіч з сярэдняй школы № 2 Жабінкі і настаўнік матэматыкі Мікалай Паўлавіч Клебановіч з Лукаўскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна.
Педагагічны стаж Н.М.Калбовіч складае 17 гадоў. Наталля Міхайлаўна — творчы настаўнік, здольны далучыць навучэнцаў да актыўнага пазнавальнага працэсу. Н.М.Калбовіч добра арыентуецца ў метадычнай і навуковай літаратуры, сучасных педагагічных канцэпцыях навучання. Урокі настаўніцы вылучаюцца асобасна арыентаваным падыходам, дакладнай арганізацыяй вучэбнага працэсу, глыбокім навуковым зместам, высокім метадычным майстэрствам, практычнай накіраванасцю.
Наталля Міхайлаўна выкарыстоўвае як традыцыйныя формы навучання, так і сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Распрацоўваючы ўрокі, педагог актыўна звяртаецца да інтэрнэт-рэсурсаў і ЭСН, прадстаўленых у выглядзе камп’ютарных трэнажораў, тэсціруючых праграм, электронных падручнікаў, імітацыйна-мадэлюючых праграм, даведнікаў і энцыклапедый. У далейшым Н.М.Калбовіч плануе выкарыстоўваць назапашаныя напрацоўкі для стварэння вучэбных элементаў з дапамогай тэхналогіі Web 2.0.
Р.А.Савіцкая адказна адносіцца да педагагічнай дзейнасці, заўсёды знаходзіцца ў пошуку новага. Рыта Аляксандраўна любіць свой прадмет і імкнецца зрабіць кожны ўрок для навучэнцаў адкрыццём. Настаўніца лічыць эфектыўным той урок, на якім дзецям цікава. Педагог ніколі не спыняецца на дасягнутым. У рабоце выкарыстоўвае дасягненні сучаснай педагагічнай навукі, інавацыйныя тэхналогіі, праводзіць заняткі з элементамі развіццёвага і дыферэнцыраванага навучання, рэалізуе на ўроках міжпрадметныя сувязі. Па словах калег, Р.А.Савіцкая як творчы педагог пастаянна імкнецца да прафесійнага самаўдасканалення.
С.М.Суботка лічыць, што інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі робяць урок больш цікавым і эфектыўным, павышаюць матывацыю навучэнцаў да атрымання новых ведаў, дапамагаюць арганізаваць вучэбны працэс такім чынам, каб дзеці працавалі на занятках актыўна і захоплена. Настаўніца ўпэўнена, што анлайн-асяроддзе дае шырокія магчымасці для развіцця камунікатыўных кампетэнцый, даследчых і творчых здольнасцей, уменняў наладжваць сацыяльныя сувязі.
С.У.Абярган, педагагічны стаж якога складае 16 гадоў, з’яўляецца членам рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”. Гэта адказны, мэтанакіраваны і творчы настаўнік, які валодае грунтоўнымі навукова-тэарэтычнымі ведамі, дакладна разумее ролю педагога ў школе і імкнецца да самарэалізацыі.
Урокі Сяргея Уладзіміравіча праходзяць на высокім метадычным узроўні. Настаўнік умела і шырока выкарыстоўвае на занятках гульнявыя і мультымедыйныя тэхналогіі. Педагог актыўна працуе з адоранымі навучэнцамі, удзяляе вялікую ўвагу выпрацоўцы ўменняў прымяняць атрыманыя веды на практыцы, выкарыстоўвае міжпрадметныя сувязі.
Выхаванцы С.У.Абяргана на ўроках заўсёды актыўныя, умеюць даказваць свой пункт погляду, валодаюць навыкамі самастойнай і групавой работы, прыёмамі сама- і ўзаемаправеркі. Спрыяльнае асяроддзе, створанае настаўнікам на занятках, садзейнічае гарманічнаму развіццю асобы навучэнцаў. Акрамя таго, настаўнік працуе ў цесным узаемадзеянні з бацькамі школьнікаў.
Педагагічны стаж Ж.Р.Наўцэвіч — 17 гадоў. Жанна Рыгораўна актыўна выкарыстоўвае ІКТ не толькі на ўроках, але і ў праектнай і навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў. У мультымедыйным арсенале настаўніцы — камп’ютарныя вучэбныя праграмы і інтэрактыўныя курсы для навучання замежным мовам, мультымедыйныя прэзентацыі і электронныя сродкі навучання, электронныя энцыклапедыі, слоўнікі і падручнікі, інтэрактыўныя тэсты і розныя інтэрнэт-рэсурсы.
Ж.Р.Наўцэвіч рэгулярна праводзіць заняткі па замежнай мове ў камп’ютарным лінгафонным кабінеце з выкарыстаннем спецыяльнага праграмнага забеспячэння. Педагог удасканальвае прафесійны ўзровень, пастанна знаходзіцца ў пошуку новых інструментаў ІКТ (асвойвае тэхналогію WebQuests).
Над удасканаленнем прафесійнага і метадычнага ўзроўню працуе таксама і М.П.Клебановіч. Мікалай Паўлавіч шырока выкарыстоўвае на ўроках ІКТ, у тым ліку інтэрактыўную дошку. У 2011 годзе настаўнік удзельнічаў у абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Эфектыўныя методыкі работы з адоранымі дзецьмі: тэорыя і практыка, вопыт педагогаў Брэстчыны”, у 2013 годзе стаў пераможцам раённай навукова-практычнай канферэнцыі.
Па выніках конкурсу найбольшую колькасць балаў набрала Н.М.Калбовіч. На другім месцы — Р.А.Савіцкая, на трэцім — С.М.Суботка. З рук начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама М.А.Ціханчука яны атрымалі дыпломы адпаведных ступеней. А школы пераможцаў і прызёраў конкурсу будуць забяспечаны праграмна-апаратнымі комплексамі для тэхнічнага аснашчэння вучэбных кабінетаў.