«Музей Першай у TikTok». Як Наталля Ліханава з 1-й школы Ліды папулярызуе веды пра родны горад і яго жыхароў

- 9:00Главная, Знак качества, Образование

Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 1 Ліды Наталля Ліханава папулярызуе веды пра Лідчыну і яе жыхароў не толькі на ўроках і пазакласных мерапрыемствах, але і праз сацыяльныя сеткі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Наталля Анатольеўна рыхтуе пераможцаў алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый абласнога і рэспуб­ліканскага ўзроўню. З асаблівай гордасцю гаворыць пра Максіма Каваленкава, выпускніка ваенна-патрыятычнага класа, дзе педагог была класным кіраўніком. Два гады назад юнак стаў прызёрам заключнага этапу алімпіяды па гісторыі, а сёння вучыцца на гістарычным факультэце БДУ. Расказала Наталля Анатольеўна і пра поспехі сваёй вучаніцы Дзіяны Казлоўскай — удзельніцы краязнаўчых праектаў, пераможцы конкурсаў даследчых работ па грамадазнаўстве, рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года”. Будучы студэнткай Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, членам маладзёжнага савета пры Цэнтральнай выбарчай камісіі, дзяўчына наведвае родную школу, дапамагае Наталлі Анатольеўне ў выхаванні юных грамадзян. 

Фарміраванне ў школьнікаў грамадзянскіх і патрыятычных якасцей педагог называе адным з галоўных напрамкаў у сваёй дзейнасці. У 2021 годзе на Рэспубліканскім педагагічным савеце Наталля Ліханава выступала перад Прэзідэнтам нашай краіны, дзе адзначыла, што для развіцця і росквіту дзяржавы важна, каб моладзь была гатова працаваць на карысць сваёй краіны, усведамляючы сябе часткай грамадства.

“Цяперашняе маладое пакаленне жыве ў няпросты час, ва ўмовах нарастаючага патоку выклікаў і пагроз, — гаварыла педагог з высокай трыбуны. — Мы сёння разумеем: для таго каб падпарадкаваць дзяржаву чужым інтарэсам, не трэба захопліваць рэсурсы, матэрыяльныя каштоўнасці. Для гэтага дастаткова завалодаць розумамі людзей, і перш за ўсё моладзі”.

Усведамляючы свой непасрэдны ўплыў на розумы і сэрцы дзяцей, Наталля Анатольеўна адзначыла: “Для мяне важна навучыць дзяцей крытычна ацэньваць і аналізаваць інфармацыю. Паколькі навучэнцы шмат часу праводзяць у інтэрнэце, я стала больш прымяняць у сваёй рабоце інфармацыйныя тэхналогіі, выкарыстоўваць іх у рэчышчы, максімальна карысным для дзяцей”.

Сайт гісторыка-краязнаўчага музея “Спадчына” сярэдняй школы № 1 Ліды, якім кіруе Н.Ліханава, у 2024 годзе адзначаны дыпломам І ступені ў рамках рэс­публіканскага праекта “Панарама педагагічнага вопыту “Музеі ўстаноў адукацыі: эфектыўныя практыкі грамадзянска-патрыятычнага выхавання” ў намінацыі “Школьны музей: лічбавы фармат” (https://sites.google.com/view/muzeum-sch1lida). Музей, які пачаў сваю дзейнасць у 1966 годзе з пакоя баявой славы, расказвае пра гісторыю школы, горада і раёна. Тут прадстаўлены прадметы сялянскага побыту, рэчы часоў Вялікай Айчыннай вайны, з гісторыі адукацыі.

— Любы прадмет можа стаць каштоўным экспанатам музея, — гаворыць Наталля Ліханава. — Некаторыя мне дасталіся ад бацькоў, бабуль і дзядуляў. Як, напрыклад, люлька, у якой калыхалі майго бацьку, ці нямецкі трафейны гармонік дзядулі. Сямейныя знаходкі дораць у музей педагогі і вучні. Тут змешчаны ўнікальныя калекцыі падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, у тым ліку даваенных (пад­ручнік па хіміі 1935 года), прасаў, ручнікоў, паясоў, цаглін пачатку ХХ стагоддзя і інш. Сярод прадметаў, якія нядаўна паступілі ў фонд музея і маюць вялікую каштоў­насць для нас, — нагрудныя знакі “Заслужаны настаўнік БССР” Мікалая Ула­дзіміравіча Івашына і яго жонкі Вольгі Дзмітрыеўны — выдатнікаў народнай асветы, чый лёс быў цесна звязана з 1-й школай Ліды, а сумесны педагагічны стаж сямейнага дуэта налічвае больш за 80 гадоў.

У музеі змешчаны рэчы, якія належалі Аляксандру Залатавіцкаму — прадзеду нашых вучаніц Аляксандры і Ксеніі Дубовіч, ваеннаму хірургу, які ў гады вайны зрабіў больш за 100 аперацый цяжкапараненым байцам і камандзірам. У пасляваенны час у Лідзе Аляксандр Уладзіміравіч быў начальнікам медыцынскай службы 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай Радомскай Чырванасцяжнай дывізіі. Дзяўчынкі знайшлі цікавыя звесткі пра яго, у тым ліку арыгінал фота прадзядулі з таварышамі на прыступках Рэйхстага.

Адно з даследаванняў вучняў прысвечана грамадскай і педагагічнай дзейнасці заслужанага настаўніка БССР Міхаіла Гаўрылавіча Мінкевіча — міністра асветы БССР у 1968—1985 гадах, а таксама ўдзельніка вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі і Вялікай Айчыннай вайны. З Лідай яго звязваюць гады работы першым сакратаром райкама партыі.

Унікальны фотаальбом перададзены ў музей былым завучам школы, заслужаным настаўнікам БССР, сувязной партызанскага атрада на Лідчыне Нінай Сцяпанаўнай Бейзеравай. Здымкі, якія расказваюць пры першы злёт былых партызан Лідскага партызанскага злучэння ў 1958 го­дзе, былі даследаваны вучаніцай 11 ваенна-патрыятычнага класа Міланай Чыгір. Два гады назад вучніца 11 класа Ульяна Жоль пад кіраўніцтвам Наталлі Ліханавай вывучала агітацыйную мастацкую самадзейнасць Лідскага партызанскага злучэння. Даследаванне адзначана дыпломам ІІ ступені на заключным этапе Рэспубліканскай НПК па гісторыі.

Настаўнікамі гісторыі школы распрацаваны комплекс дыдактычных матэрыялаў для правядзення музейных заняткаў, урокаў па тэме “Наш край”, пазакласных мерапрыемстваў. Пры музеі дзейнічае клуб “Краязнаўцы” для юных аматараў гісторыі, дзе займаецца і сын Наталлі Анатольеўны Мікіта, вучань 8 класа. Школьнікі ездзяць у экспедыцыі, распрацоўваюць пешаходныя і выязныя экскурсіі, аўдыя­туры, ствараюць адукацыйныя ролікі.

— Значная частка музейнай работы вядзецца ў інтэрнэт-прасторы. Створаны анлайн-тэсты (віктарыны) па гісторыі Лідчыны, відэаэкскурсіі, ладзяцца краязнаўчыя анлайн-марафоны, — адзначае Наталля Анатольеўна. — Рэалізуюцца інтэрнэт-праекты “Спазнаем гісторыю Лідчыны разам” у Instagram і “Музей Першай у TikTok”, дзе змяшчаюцца сабраныя падчас даследаванняў фатаграфіі з інфармацыяй пра славутасці і вядомых землякоў, цікавыя ролікі. Сярод знаходак трапляюцца ўнікальныя, напрыклад, фота, якія расказваюць аб змяненнях у абліччы горада.

У рамках інтэрнэт-праекта “Ліда — горад мужнасці” ва “УКантакце” апублікаваны фатаграфіі партызан і падпольшчыкаў, архіўныя дакументы, звязаныя з іх дзейнасцю, успаміны вызваліцеляў Ліды, міні-апавяданні пра жыццё горада падчас вайны. Наладжана сувязь з падпісчыкамі. Матэрыял, што саб­ралі педагогі і дзеці пра сваякоў, спатрэбіўся для ўдзелу ў рэспубліканскім праекце “Беларусь памятае” і пры рэалізацыі чарговага інтэрнэт-праекта ў Instagram “Асобы Перамогі”, дзе знаходзіцца інфармацыя пра сваякоў вучняў, удзельнікаў партызанскага і падпольнага руху на Лідчыне, вызваліцеляў горада (на сёння ёсць даныя пра 170 чалавек). А яшчэ вучні прапанавалі стварыць тэматычную групу “Музей СШ № 1 г.Ліды: мы дзейнічаем!” у Telegram-канале. Уся інфармацыя з сеткавых супольнасцей выкарыстоўваецца пры выпуску школьнай краязнаўчай газеты “МузеУМ.Першая”.

***

Лідчына — малая радзіма Наталлі Ліханавай. Але яе бацькі, бабулі і дзядулі родам з Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

— Усё, што расказвалі мае сваякі пра сваё жыццё, сямейныя традыцыі паўплывала на маё асабістае станаўленне. Дзякуючы сям’і, я адчуваю сябе сапраўднай беларускай, ганаруся гэтым. Беларуская мова заўсёды гучала і працягвае гучаць у нашым доме. Мае родныя абаранялі Радзіму ў гады вайны. Дзядуля ваяваў у партызанах, вызваляў і тэрыторыю еўрапейскіх краін ад захопнікаў, — расказала Наталля Ліханава. — Дзяцінства бабулі і дзядулі прыпала на гады, калі тэрыторыя цяперашняй Брэстчыны ўваходзіла ў склад Польшчы. Яны непасрэдна адчулі на сабе непрыязнае стаўленне польскіх улад да беларусаў. Зварот “пані” (“пан”) не прыжыўся ў іх сем’ях, быў чужым. Пра той перыяд бабуля гаварыла, што “было холадна і голадна”. Многія іх аднавяскоўцы з’язджалі на заробкі ў іншыя краіны. З прыходам савецкай улады простыя сяляне адчулі клопат пра сябе, паважлівае стаўленне.

 

На працягу некалькіх гадоў члены края­знаўчага клуба пры музеі пад кіраўніцтвам Наталлі Ліханавай праводзілі даследаванне па тэме “Нацыянальна-вызваленчы рух на тэрыторыі Лідчыны ў 1921—1939 гг.”. У рабоце прадстаўлены вялікі спіс гістарычных крыніц, матэрыялы з архіўных фондаў Лідскага гісторыка-краязнаўчага музея, “Лідскай газеты”.

…У адпаведнасці з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года ўрад Польшчы абавязваўся забяспечыць беларускаму насельніцтву права на свабоднае развіццё культуры, мовы і выкананне рэлігійных абрадаў. Аднак абавязкі не выконваліся. Забаранялася ўжыванне беларускай мовы ў дзяржаўных установах і органах мясцовага самакіравання. На пачатку 1920-х гадоў у Лідскім павеце 7 тысяч дзяцей не мела магчымасці вучыцца з-за матэрыяльных умоў і недахопу настаўнікаў. У 120 вёсках павета наогул не было школ. У Лідзе працавалі толькі 2 гімназіі, але сярод гімназістаў не было ні аднаго беларуса. У 1929 годзе пачынаюць працаваць 1-я і 2-я, мужчынская і жаночая, агульнаадукацыйныя школы (цяпер гэта сярэдняя школа № 1 Ліды). Навучанне вялося на польскай мове. На скаргу беларусаў аб тым, што ўсюды закрываюцца беларускія школы, міністр асветы Скульскі адказаў: “Запэўніваю вас, што праз 10 гадоў у Польшчы нават са свечкай не знойдзецца ні аднаго беларуса”. Да 1939 года ўсе беларускія школы былі ператвораны ў польскія. Большасць рабочых не маглі атры­маць своечасова медыцынскую дапамогу, бо не мелі грошай на аплату доктара, за знахо­джанне ў шпіталі. У 1935 годзе ў Навагрудскім ваяводстве адзін доктар прыходзіўся на 5950 чалавек. У Лідзе ў 1938 го­дзе былі дзве невялікія бальніцы: дзяржаўная на 85 і прыватная на 18 ложкаў!

Беларускі народ не змірыўся са сваім паднявольным становішчам і на працягу амаль 20 гадоў вёў барацьбу за вызваленне. На Лідчыне актыўна выступалі рабочыя абутковай фабрыкі “Ардаль”, шклозавода “Нёман”.

…17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую граніцу, а 18 верасня ўвайшла ў Ліду. Дзень народнага адзінс­тва стаў святам уз’яднання беларус­кага народа, калі была выпраўлена гістарычная памылка, зробленая пры падпісанні Рыжскага дагавора. 

— Спакон веку ў Беларусі мірна жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Важна і далей захаваць нашу міралюбнасць і адзінства. Прэзідэнт неаднойчы сцвярджаў, што толькі беларусы могуць быць гаспадарамі на сваёй зямлі, толькі беларускі народ адказны за лёс краіны. Тое, што ў нас не было этнічных і рэлігійных канфліктаў, павінна стаць прадметам гордасці грамадзян Беларусі, — упэўнена Наталля Ліханава. — Грамадзянскасць і патрыятызм можа праявіць кожны з нас, калі адкажа на пытанне: “Што добрага я магу зрабіць для роднай краіны?”. Вялікае пачынаецца з малога, штодзённага. Школьнік можа пачаць з беражлівых адносін да ўласнага здароўя, добрасумленнага стаўлення да вучобы, з удзелу ў валанцёрскіх акцыях, з вывучэння сваёй гісторыі, гордасці за творчыя і працоўныя дасягненні сваіх продкаў. А бацькі і педагогі будуць для дзяцей у гэтым добрым прыкладам.  

За актыўную дзейнасць па прапагандзе міру і ўмацаванні дружбы і згоды ў беларускім грамадстве, рэалізацыю міратворчых праграм і дабрачынных акцый Наталлі Ліханавай уручана Ганаровая грамата абласнога аддзялення Беларускага фонду міру. 

Надзея ЦЕРАХАВА 
Фота аўтара, відэа прадастаўлена суразмоўніцай