У пятніцу на базе замкавага комплексу “Мір” Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства правялі рэспубліканскі семінар-нараду “Музейная педагогіка як адзін з найважнейшых элементаў грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі”. Каля 50 чалавек, якія курыруюць музейную справу краіны, сабраліся за круглым сталом для абмеркавання актывізацыі грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў сродкамі музейнай педагогікі, удасканалення ўзаемадзеяння паміж установамі адукацыі і дзяржаўнымі музеямі.
У дзейнасці дзяржаўных музеяў (музеяў сістэмы адукацыі і культуры) з’яўляецца новы спектр актуальных пытанняў, вырашэнне якіх магчыма толькі падчас шчырай размовы за круглым сталом на высокім узроўні. Сапраўды, лепш адзін раз пагутарыць і вырашыць, чым сто разоў будаваць здагадкі кшталту “А можа?”, “А раптам?”, “Што, сапраўды?”. Што, сапраўды школьныя музеі пасля прыняцця Кодэкса аб культуры перастануць афіцыйна называцца музеямі? Адказ на гэтае пытанне хвалюе кіраўнікоў кожнага з амаль паўтары тысячы школьных музеяў, і нездарма гэтая тэма была ўзнята ў самым пачатку пленарнага пасяджэння.
“Безумоўна, мы супраць, каб музеі ўстаноў адукацыі называліся музейнымі пакоямі або музейнымі экспазіцыямі, бо гэта будзем крокам назад у справе развіцця школьнай музейнай справы. Мы павінны будаваць заканадаўства такім чынам, каб даваць школьным музеям магчымасць развівацца”, — так намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык ахарактарызаваў і сваю асабістую думку, і пазіцыю Міністэрства адукацыі, і меркаванне соцень педагогаў-музейшчыкаў. Дзякуючы семінару прадстаўнікі Міністэрства культуры і дэпутаты Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Нацыянальнага сходу пачулі педагагічную грамадскасць, таму канчатковае вызначэнне тэрмінаў музейнай часткі Кодэкса аб культуры яшчэ будзе прапрацоўвацца.
Як паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі Аляксандр Іванавіч Сягоднік, тэма семінара актуальная, карысная і перспектыўная, таму што ўзаемадзеянне адукацыі і культуры ў музейнай сферы вельмі важнае ў справе папулярызацыі нашай агульнай нацыянальнай спадчыны. “Калі працаваў начальнікам упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, то разам з калегамі мы ініцыіравалі ідэю стварэння ў кожнай школе музея або музейнага пакоя ці экспазіцыі. Сёння ў нас стаіць яшчэ адна задача: кожнаму вучню хаця б раз у год варта наведаць музей. Аднак тут узнікае іншае пытанне: як музей ідзе насустрач вучню, як ён працуе, як супрацоўнічае са школай? Трэба, каб работа музея была прыцягальнай, каб экскурсія была цікавым выхаваўчым мерапрыемствам, каб гэта не было проста абавязковым наведваннем”, — адзначыў Аляксандр Іванавіч.
Найбольш перспектыўным напрамкам узаемадзеяння школы і музея з’яўляецца рэалізацыя музейна-педагагічных праграм, якія дазваляюць узбагаціць новым зместам традыцыйныя формы адукацыйнай дзейнасці, уключыць у адукацыйны працэс сучасныя відэа- і мультымедыйныя тэхналогіі.
— У звароце са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь звярнуў увагу на тое, што развіццё сямейнай інфраструктуры, стварэнне ўмоў для сямейнага вольнага часу, культурна-масавых забаў, сумесных заняткаў спортам (як у гарадской, так і ў сельскай мясцовасці) з’яўляецца важнай умовай у справе згуртавання сям’і. Неабходна зрабіць акцэнт на стварэнні музейных сямейных праграм. Асабліва гэта будзе актуальна на летніх канікулах, якія ў нашай краіне праходзяць пад дэвізам “Разумныя канікулы”. Актуальна стварэнне музейна-педагагічных праграм з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій, а таксама інтэрактыўных праграм, падчас якіх дзеці могуць патрымаць у руках пэўныя музейныя прадметы. Трэба ствараць праграмы з выкарыстаннем майстар-класаў па старадаўніх рамёствах. Для рэалізацыі музейна-педагагічных праграм можна выкарыстоўваць “мёртвыя гадзіны” — часы нізкай наведвальнасці музеяў, — паведаміў Віктар Віктаравіч Якжык.
Тое, што музейная педагогіка з’яўляецца найважнейшым элементам грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнскай моладзі, сведчыць не толькі тэма семінара, але і факты, якія прывяла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч. Так, мерапрыемствы па святкаванні 70-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне актывізавалі дзейнасць музеяў устаноў адукацыі па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і захаванні гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства выдадзены зборнік музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі, матэрыялы якога выкарыстоўваюцца ў школах пры правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў. Наведванне музеяў баявой славы ўключаецца ў турыстычна-краязнаўчыя маршруты навучэнцаў.
— Музеі ўстаноў адукацыі — гэта цэнтры грамадзянска-патрыятычнага і духоўнага выхавання, культурна-асветніцкай і інфармацыйнай работы з моладдзю. Сёння ва ўстановах адукацыі налічваецца каля паўтары тысячы музеяў рознага профілю. Метадычным цэнтрам і каардынатарам работы музеяў устаноў адукацыі краіны з’яўляецца Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. У цэнтры створаны банк даных аб музеях устаноў адукацыі краіны, працуе рэспубліканская вочна-завочная (дыстанцыйная) школа дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Музейная справа”. У цяперашні час фарміруецца пералік музеяў устаноў адукацыі, якія могуць ажыццяўляць прыём замежных турыстаў і дэлегацый з указаннем замежных моў, на якіх могуць быць праведзены экскурсіі, — паведаміла Алена Уладзіміраўна.
Па словах намесніка начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Валянціны Іванаўны Макаравай, галоўным маркерам актуальнасці музея з’яўляецца яго культурна-адукацыйная дзейнасць. Апошнія гады для многіх музеяў сістэмы культуры былі адзначаны шэрагам значных праектаў, адрасаваных дзіцячай і маладзёжнай аўдыторыі. Напрыклад, у Нацыянальным гістарычным музеі ў 2015 годзе была адкрыта спецыяльная дзіцячая музейна-пазнавальная прастора, якая ўключае асобныя зоны для правядзення музейна-педагагічных заняткаў, лекцый, гульнявую і тэатральную зоны. Плануецца адкрыццё і зоны актыўнага пазнання з абсталяваннем, неабходным для сямейных заняткаў. У сектары-лекторыі праводзяцца заняткі “Адкуль наш род”, “Сакрэты ткацкага рамяства”, “Лялькі з бабулінага куфра”. Станоўчай тэндэнцыяй такой работы з’яўляецца павелічэнне колькасці сямейных груп. Адным з важных культурна-адукацыйных праектаў, якія ажыццявіў музей за мінулы год, стаў выхад гістарычнага часопіса для дзяцей “Музейныя вандроўкі”. З часопісам можна азнаёміцца на сайце музея або спампаваць яго.
Упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама разам з Гомельскім палацава-паркавым ансамблем распрацаваны і паспяхова рэалізоўваецца музейна-адукацыйны праект “Вялікі музей для цікаўных сяброў”. Праект уключае 10 тэматычных заняткаў. Навучэнцы не толькі знаёмяцца з экспазіцыяй палаца, але і спрабуюць сябе ў ролі даследчыка, археолага, дэтэктыва, акцёра, рэстаўратара, а пры наведванні інтэрактыўных заняткаў удзельнічаюць у конкурсе “Музей маёй мары”. Шэраг заняткаў для юных наведвальнікаў распрацаваны і супрацоўнікамі замкавага комплексу “Мір”, які гасцінна прыняў удзельнікаў семінара. Гэта, напрыклад, праграмы “Табе, нашчадак, у добры дар…”, “Ад усяго сэрца самы лепшы пачастунак!”, “Капрызы моды ракако”. Не стаіць у цяні свайго вядомага брата і народны гісторыка-краязнаўчы музей сярэдняй школы Міра, пра што сведчыць разнастайная тэматыка экскурсій, пазакласных мерапрыемстваў, а таксама шматлікія дыпломы раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.
На шырокай музейнай прасторы краіны рэгулярна ўзнікаюць пэўныя пытанні, вырашэнне якіх магчыма толькі падчас шчырай размовы за круглым сталом на высокім узроўні. Семінар у Міры засведчыў неабходнасць далейшага ўдасканалення грамадзянска-патрыятычнага выхавання сродкамі музейнай педагогікі, распрацоўку і ўкараненне інавацыйных тэхналогій, форм і метадаў выхавання моладзі, больш шырокае выкарыстанне музейна-педагагічных праграм. Асаблівая ўвага была засяроджана на рабоце з сям’ёй. І яшчэ адзін важны момант: каб школьныя музеі і далей называліся музеямі, нам варта адпавядаць пэўным патрабаванням. Школьныя музеі павінны застацца музеямі.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.