Даць дзецям веды пра наш вялікі свет і Беларусь у ім, навучыць любіць сваю Радзіму — агульная справа, якой служаць педагогі сярэдняй школы № 12 Наваполацка Алена і Аляксандр Лагуцкія. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Яна настаўніца геаграфіі і астраноміі, ён кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні. Мужа і жонку Лагуцкіх аб’ядноўваюць не толькі адна сям’я, школа і прафесія, але і агульныя захапленні: разам з вучнямі і іх бацькамі яны ходзяць у цікавыя і пазнавальныя турыстычныя паходы. Але пра ўсё па парадку.
Сваё месца на Зямлі
— Геаграфію я вельмі любіла з дзяцінства, таму цяжкасцей з выбарам прафесіі ў мяне не было, — расказвае пра сябе Алена Лагуцкая. — Я асабліва ўдзячна сваёй настаўніцы геаграфіі Людміле Уладзіміраўне Бодрай з наваполацкай сярэдняй школы № 9 (зараз гэта гімназія № 2), дзе я вучылася. Дарэчы, мы і зараз з ёй на сувязі. Менавіта ад Людмілы Уладзіміраўны я пераняла стыль выкладання, для якога характэрны паслядоўная падача матэрыялу, абазначэнне канкрэтных патрабаванняў. Геаграфія — дакладная навука, якая патрабуе пэўнай сістэматызацыі. У гэтую школу я прыйшла працаваць яшчэ на 5 курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, і ўжо больш за 30 гадоў маё жыццё звязана з ёй. Лічу, што педагогіка — маё прызванне: кантакт з вучнямі ўстанаўліваю вельмі лёгка. Колькі сябе памятаю, была актывісткай: студэнткай кожнае лета працавала важатай у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Ізумрудны”, што ў Глыбоцкім раёне, была сакратаром гарадской арганізацыі Беларускага патрыятычнага саюза моладзі. Муж Аляксандр Аляксандравіч не адразу стаў настаўнікам. Ён ваенны пенсіянер, апошнія 3 гады выкладае ў нашай школе ваенна-патрыятычнае выхаванне. Думаю, нашы прадметы маюць агульную мэту — навучыць дзяцей ведаць, любіць, паважаць і абараняць свой родны край.
Штогод вучні Алены Лагуцкай становяцца пераможцамі розных этапаў алімпіяды па геаграфіі. Сярод яе выпускнікоў пяць 100-бальнікаў, а таксама 400-бальнік Марк Мацкевіч. Настаўніца заўважае, што геаграфія па ўзроўні складанасці не ўступае матэматыцы, яе вывучэнне патрабуе ад дзяцей пэўных намаганняў і матывацыі.
Дарэчы, акрамя геаграфіі, Алена Кузьмінічна выкладае дзецям астраномію.
— Гэта тыя дзве навукі, — лічыць настаўніца, — што даюць дзецям асноўныя ўяўленні пра Сусвет і наша месца ў ім.
Бліжэй да прыроды
Алена Лагуцкая ўспамінае, як пазнаёмілася з мужам — якраз пад Новы год, у кампаніі сяброў. А зараз у іх сям’і ўжо тры сыны: старэйшы — дарослы, а малодшыя вучацца тут, у 12-й школе. У сям’і настаўнікаў сумаваць не прынята. Разам са сваімі дзецьмі і вучнямі яны ходзяць у цікавыя паходы па Віцебшчыне, у тым ліку па месцах баявой славы, гістарычных славутасцях малой радзімы.
— Калісьці я вяла ў нашай школе заняткі турыстычнага клуба, — расказвае Алена Кузьмінічна. — Потым са сваім класам пачала хадзіць у паходы, якія з часам, акрамя спартыўнага, набылі і гісторыка-патрыятычны кантэкст. У паходы адпраўляемся ў асноўным у маі і верасні.
У гэтым годзе ў школе адкрыўся ваенна-патрыятычны клуб, якім кіруе Аляксандр Лагуцкі.
— Ніколі не планаваў для сябе педагагічнай кар’еры, — заўважае Аляксандр Аляксандравіч. — У свой час скончыў Новасібірскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча, затым, больш за 30 гадоў назад, па размеркаванні пераехаў у Беларусь. Трапіў на службу ў Віцебскую паветрана-дэсантную дывізію, будаваў тут ваенную кар’еру. У 2011 годзе выйшаў на пенсію. А некалькі гадоў назад ад дырэктара 12-й школы мне паступіла прапанова стаць кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні. Шчыра кажучы, пасля ваеннай службы працаваць з дзецьмі было непрывычна. Дапамог уласны вопыт бацькоўства, а таксама тое, што, акрамя ваеннай, у мяне ёсць і грамадзянская адукацыя: я сацыяльны педагог-псіхолаг. Вядома, без падтрымкі жонкі, вопытнага педагога, новых калег і кіраўніцтва школы было б цяжка. Вось так нечакана я знайшоў сябе ў прафесіі педагога.
Шмат гадоў запар сярэдняя школа № 12 Наваполацка займае 1-е месца ў рэйтынгу агульнаадукацыйных школ горада за якасць адукацыі, высокі ўзровень выкладання, моцныя традыцыі.
Нясумны падыход
У ваенна-патрыятычным клубе займаюцца вучні розных класаў, у тым ліку па суботах у рамках шостага школьнага дня.
— Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ў нашай школе арганізавана на вельмі высокім узроўні, — заўважае Аляксандр Аляксандравіч. — Штогод нашы дзеці прымаюць удзел у гульнях “Зарніца”, “Арляня”, не аднойчы на гарадскіх спаборніцтвах каманды школы займалі 1-я месцы. Дарэчы, якраз зараз мы рыхтуемся да гульні “Зарніца-плюс”. Адметнасць нашага ваенна-патрыятычнага клуба ў тым, што старэйшыя дзеці актыўна займаюцца з малодшымі: рыхтуюць іх да спартыўных гульняў, інтэлектуальных конкурсаў, праводзяць заняткі па медыцынскай, страявой падрыхтоўцы. У нас заўсёды шмат ідэй, праектаў, заняткі ніколі не бываюць сумнымі. Гэта відаць па тым, з якой ахвотай дзеці наведваюць клуб.
Разам са старшакласнікамі Аляксандр Лагуцкі рыхтуе матэрыял да інфармацыйных гадзін. Акрамя таго, пад яго кіраўніцтвам у школе рэгулярна праходзяць цікавыя “хвілінкі патрыёта”: раніцай на ўваходзе ў школу ўдзельнікі патрыятычнага клуба сустракаюць настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў і задаюць ім цікавыя пытанні. Напрыклад, што за свята сёння, якую падзею мы адзначаем? Дзеці раздаюць невялікія брашуры на адпаведную тэматыку. Такія міні-ўрокі гісторыі па 10—15 мінут усім даспадобы.
— Рэгулярна ўдзельнічаем у маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, — дадае педагог. — Разам з вучнямі стварылі інтэрактыўную карту з апісаннем памятных месцаў Наваполацка і пасёлка Баравуха. Прымалі ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Патрыёт.by”. Стараемся далучацца літаральна да ўсіх мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнага напрамку, якія праводзяцца ў рэгіёне. І, вядома, ходзім у турпаходы — гэта, можна сказаць, наш сямейны праект.
Асаблівая гордасць Аляксандра Лагуцкага — паездка з вучнямі на ваенна-гістарычную рэканструкцыю легендарнай абароны Брэсцкай крэпасці “22 чэрвеня. Брэсцкая крэпасць”. На працягу трох дзён дзеці і настаўнікі жылі ў палявым лагеры, пабывалі на розных экскурсіях. Таксама яны прынялі ўдзел у міжнародным фестывалі ваенна-патрыятычных клубаў, дзе сабраліся каманды з Масквы, Цюмені, Слоніма, Брэста. Дзеці вялі палявыя нататкі, дзённікі. Такія паездкі педагог плануе арганізоўваць і ў будучыні.
— Дзеці не даюць расслабіцца — яны дапамагаюць нам, дарослым, развівацца, вучыцца, быць у курсе маладзёжных тэндэнцый, — адзначае Алена Лагуцкая. — І наш клас, і наша турыстычная група як адзіны жывы механізм, дзе кожны адно аднаго выхоўвае. Я шчаслівая, што мы жывём у вялікай педагагічнай сям’і.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара