МВФ прагназуе паскарэнне тэмпаў аднаўлення сусветнай эканомікі

- 11:43Інфармацыйная гадзіна

Міжнародны валютны фонд прагназуе паскарэнне тэмпаў аднаўлення сусветнай эканомікі ў 2017 годзе. Аб гэтым гаворыцца ў красавіцкім аналітычным рэзюмэ МВФ аб перспектывах развіцця сусветнай эканомікі, якое размешчана на сайце арганізацыі.

“Прагназуецца, што тэмпы аднаўлення павысяцца ў 2017 годзе і ў наступны перыяд у асноўным за кошт росту ў краінах з рынкам, што фарміруецца, і краінах, якія сталі на шлях развіцця, паколькі ўмовы ў краінах, што зведваюць стрэс, пачнуць паступова нармалізавацца”, — адзначаецца ў рэзюмэ. Разам з тым, лічаць эксперты, нявызначанасць павысілася, і рызыкі сцэнарыя больш слабага росту становяцца больш адчувальнымі. “У гэтай няўстойлівай сітуацыі неадкладны характар набываюць меры палітыкі па павышэнні тэмпаў росту і рэгуляванні фактараў слабаабароненасці”, — гаворыцца ў аналітычным матэрыяле.

Згодна з базісным прагнозам МВФ, сусветны рост у 2016 годзе будзе невысокім і складзе 3,2 працэнта, што ў цэлым адпавядае тэмпам мінулага года і на 0,2 працэнтнага пункта ніжэйшы, чым прагназавалася ў студзеньскім бюлетэні “Перспектывы развіцця сусветнай эканомікі” 2016 года.

“Працэс аднаўлення сусветнай эканомікі яшчэ больш запаволіўся на фоне больш неспакойнай сітуацыі на фінансавых рынках. Актыўнасць у краінах з развітой эканомікай знізілася ў канцы 2015 года, і не назіралася ніякіх прымет зніжэння стрэсу ў шэрагу буйных краін з рынкам, што фарміруецца, — канстатуюць эксперты. На іх думку, гэтыя стрымальныя фактары ўзмацняюцца “апаскамі адносна глабальных наступстваў карэкціроўкі эксцэсаў, што мелі месца ў Кітаі па меры пераходу яго эканомікі на больш збалансаваную траекторыю пасля дзесяцігоддзя хуткага росту крэдыту і інвестыцый”.

У рэзюмэ адзначаецца, што на краіны з рынкам, што фарміруецца, і дзяржавы, якія сталі на шлях развіцця, “усё яшчэ прыпадае львіная доля прагназуемага сусветнага росту ў 2016 годзе, але перспектывы краін застаюцца няроўнымі і ў цэлым горшымі, чым у апошнія два дзесяцігоддзі”. “У прыватнасці, некалькі буйных краін з рынкам, які фарміруецца, уключаючы Бразілію і Расію, усё яшчэ перажываюць глыбокі спад. Іншыя краіны, уключаючы шэраг экспарцёраў нафты, таксама знаходзяцца ў складанай макраэканамічнай сітуацыі з рэзкім пагаршэннем умоў гандлю і ўзмацненнем знешніх фінансавых умоў”, — тлумачаць эксперты.

Што тычыцца краін з развітой эканомікай, то там тэмпы росту, паводле прагнозу, будуць заставацца невысокімі, на ўзроўні фактычных тэмпаў 2015 года. “Неспрыяльныя дэмаграфічныя тэндэнцыі, нізкі рост прадукцыйнасці і вынікі сусветнага фінансавага крызісу прадаўжаюць перашкаджаць больш істотнаму ажыўленню актыўнасці”, — гаворыцца ў рэзюмэ. Аналітыкі адзначаюць, што вельмі мяккая грашова-крэдытная палітыка і зніжэнне цэн на нафту “будуць падтрымліваць унутраны попыт, але ўсё яшчэ слабы знешні попыт, далейшае ўмацаванне валют (асабліва ў ЗША) і некаторае ўзмацненне фінансавых умоў будуць стрымліваць працэс аднаўлення”.

У зоне еўра выклікае занепакоенасць аналітыкаў МВФ рызыка страты кантролю над інфляцыйнымі чаканнямі ва ўмовах празмернай запазычанасці ў шэрагу краін.